“ЖАМЧУЖЫНА СЯРОД БАЛОТ”

МНОГІЯ з нас яшчэ са школьнай праграмы памятаюць пра Кулікоўскую бітву. Як вядома з гісторыі, у XIII-XIV стагоддзях многія народы зведалі на сабе разбуральную моц Залатой Арды. Пад націскам татара-мангол гінулі квітнеючыя дзяржавы Сярэдняй Азіі, у канцы 1237 года трапіла пад іх “пяту” і Русь. Канечне, яна спрабавала пазбавіцца ад іншаземнага прыгнёту, аднак толькі амаль праз паўтара стагоддзя маскоўскім войскам удалося даць пераможны бой захопнікам на рацэ Вожы. Татара-манголы і не думалі з гэтым мірыцца. Каб замацаваць сваё панаванне на рускіх землях, Мамай у 1380 годзе падрыхтаваў паход супраць Маскоўскага княства і на чале шматтысячнага войска рушыў на злучэнне са сваімі саюзнікамі да ракі Акі. З улікам таго, што іх колькасць у некалькі разоў перавышала рускія дружыны, Дзмітрый Данскі вырашыў перашкодзіць варожым сілам у аб’яднанні і накіраваўся са сваімі палкамі насустрач Мамаю, у вярхоўе Дона. Апрача войскаў Маскоўскага княства, была там і конная армія з Беларусі… Далучылася да іх і 30-тысячнае народнае апалчэнне: рамеснікі, сяляне, казакі ды іншы праваслаўны люд, які ўзняўся на абарону сваёй веры. Перш, чым адправіцца ў паход, вялікі князь Маскоўскі Дзмітрый пабываў са сваімі военачальнікамі ў прасвятога Сяргея Раданежскага, каб заручыцца яго благаславеннем. Той благаславіў на святую бітву і двух схіманахаў манастыра — Аляксандра Перасвета і Андрэя Аслябя, для падтрымкі ў рускіх воінаў баявога духу. Яны вызначаліся адвагай і мужнасцю, за свае ратныя подзвігі лічыліся ў народзе волатамі. Да паступлення ў Свята-Троіцкі манастыр першы з іх з’яўляўся баярынам Бранскім, другі — Любецкім. 
Вераснёўскім ранкам, якраз да Дня нараджэння Прасвятой Багародзіцы, рускія палкі   пераправіліся ўжо на правы бераг Дона пры ўпадзенні ў яго рэчкі Няпрадвы і выстраіліся ў баявым парадку на Куліковым полі. З дзёрзкім выклікам на адзінаборства з боку татар выехаў вялізнага росту асілак Чэлубей. І амаль адразу ж яму насустрач з рускіх радоў паспяшаўся на кані з кап’ём наперавес Перасвет. Яны глуха сутыкнуліся ў страшным удары і мёртвыя ўпалі на зямлю. А праз імгненні наўкола закіпеў смяротны бой. Татарская арда, хаця і значна пераўзыходзіла рускую раць па колькасці воінаў, яго прайграла. Кулікова поле стала для Маскоўскага княства як полем славы, так і смутку, бо многія тысячы змагароў за незалежнасць засталіся там навечна. Дарэчы, інок Андрэй таксама…
Як можам меркаваць, Аляксандр Перасвет — сапраўдны Герой. Ніхто не прымушаў яго прымаць выклік ворага. Тым не менш, ён без роздуму пайшоў на самаахвяраванне. І не абстрактнае, а ў імя міру і свабоды свайго народа, сваіх баявых пабрацімаў. Хаця, хутчэй за ўсё, разумеў, што шанц ацалець у такім паядынку мізэрны. Думаецца, з тых далёкіх часоў, з такіх вось учынкаў і бяруць пачатак парасткі гераізму. У тым ліку і масавага. Асабліва ярка гэта праявілася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дастаткова ўзгадаць Брэсцкую цытадэль, Севастопаль альбо Новарасійск, абарона якога працягвалася 393 дні. Ворагу так і не ўдалося захапіць горад цалкам. Гераічнай падзеяй стала дэсантная аперацыя па захопе стратэгічнага плацдарма “Малая зямля”. У ходзе яе за няпоўны месяц было знішчана больш за дваццаць тысяч гітлераўцаў, нямала тэхнікі. А плацдарм дэсантнікі ўтрымлівалі 225 дзён, ажно да поўнага вызвалення горада ад захопнікаў у верасні 1943 года. Веліч подзвігу
праявіў і невялікі гарнізон Шлісельбургскай цытадэлі. Ён не толькі не пусціў ворага на востраў, але і на працягу пяцісот дзён, да прарыву блакады Ленінграда, трымаў пад сваім агнём заняты фашыстамі Шлісельбург, Няву і выхад у Ладажскае возера. А сам Ленінград? Гэты гераічны горад згубіў кожнага другога свайго жыхара, але выстаяў, не зламаўся. Як чытаў па радыё свае вершы разам з Вольгай Бергольц у асаджанай “паўночнай сталіцы” школьнік Юрый Воранаў:
Я знаю, клятву говорить непросто,
Но если в Ленинград ворвётся враг —
Мы разорвём последнюю из простынь,
Лишь на бинты, но не на белый флаг…
Таму і прысвоена Ленінграду высокае і ганаровае званне “Город-герой”. Як і нашаму Мінску, Брэсцкай цытадэлі. Заслужана! Не засталася ўбаку ў час суровых выпрабаванняў і Свята-Троіцкая Сергіева лаўра. Тут у будынках духоўнай акадэміі размяшчаліся вайсковыя шпіталі. А сёння яна прыцягвае да сябе шматлікіх турыстаў, якія любяць падарожнічаць па маршруце “Залатое кальцо”, на якім мноства выдатных мясцін высокай гістарычнай і архітэктурнай каштоўнасці. Нямала іх і ў Сергіевым Пасадзе, горадзе, дзе больш за 100 тысяч жыхароў. Да 1991 года ён насіў назву Загорск. Ад Масквы сюды ўсяго 56 кіламетраў. Пасля сталічных пробак і загрувашчанасці МКАДа  дарога, асабліва пасля павароту на Пушкіна, проста цудоўная. Так склалася, што мы прыехалі сюды бліжэй да вечара. Праўда, надвор’е выдалася не вельмі: пахмурнае, дзьмуў халаднаваты вецер. Затое ў галоўнай славутасці горада — Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры — было няшмат наведвальнікаў, ніхто не перашкаджаў дэталёва разгледзець архітэктурныя збудаванні, узведзеныя лепшымі зодчымі ў XV-XIX стагоддзях.
Неабходна адзначыць, што гісторыя горада пачынаецца з заснавання Троіцкага манастыра. Гэты прыстанак з’явіўся дзякуючы сыну збяднелага баярына з-пад Растова Вялікага Варфаламею, які прыняў пострыг і ўзяў імя Сергій. Па сцвярджэнні гісторыкаў, гэта адбылося ў 1345 годзе. У Троіцкім манастыры хрысцілі Івана Грознага, а ў час свайго царавання ён ператварыў яго ў магутную цытадэль, якая мела важнае стратэгічнае значэнне на подступах да Масквы. Таўшчыня крапасных сцен, якія акружаюць ансамбль па перыметры, да шасці метраў, іх вышыня — да чатырнаццаці. Па вуглах і ў пралётах — выступаючыя адносна сцен грозныя вежы, якія дазвалялі весці агонь як флангавы, так і перакрыжаваны.  Пазней, калі ў Маскве ўспыхнуў стралецкі бунт, за сценамі манастыра знайшоў выратаванне юны Пётр І. І менавіта адсюль, дзе і адбылася расправа над прыхільнікамі царэўны Соф’і Аляксееўны,  ён вярнуўся ў сталіцу адзінаўладным валадаром Расіі.
Галоўная славутасць лаўры — белакаменны Троіцкі сабор, упрыгожаны абразамі Андрэя Рублёва. Тут жа знаходзіцца і пахавальня Святога Сергія Раданежскага. У той вечар тут праходзіла служба, чарга да мошчаў Прападобнага была не з вялікіх, і таму мае спадарожнікі, хто меў такое  жаданне, змаглі без праблем да іх прыкласціся. На тэрыторыі лаўры мноства прыцягваючых увагу велічных збудаванняў. Іх прыгажосць і самабытнасць не пакідаюць раўнадушнымі анікога. Як давялося пачуць, нават Маргарэт Тэтчар, якая была з візітам у СССР, не ўстрымалася ад захаплення: “Гэта жамчужына сярод балот!”. Асобных слоў заслугоўваюць і Успенскі сабор, 88-метровая званіца. Яна мае пяць прыгожых ярусаў. Па нашых мерках гэта быў даўгабуд, бо ўзводзілі яе дваццаць восем год. Адначасна адлівалі і дзясяткі званоў, самы вялікі з іх важыў 4000 пудоў. На жаль, у савецкія часы амаль усе яны былі знішчаны. У 2004 годзе адлілі новы галоўны 72-тонны звон. Кажуць, сапраўдны “цар”, большага ва ўсёй Расіі няма. Не мінаюць турысты і шматлікіх музеяў, лавак, дзе гандлююць кнігамі, сувенірамі, царкоўным начыннем і нават асвечанымі залатымі вырабамі. Шырока прадстаўлены і драўляныя цацкі, “Загорская матрошка”. Па адной з версій, знакамітая на ўвесь белы свет руская матрошка нарадзілася таксама ў гэтых краях…
Пакідаючы Свята-Троіцкую Сергіеву лаўру, мне падумалася аб тым, што ў такое намоленае праз стагоддзі месца добра прыязджаць не проста падзівіцца, а за духоўнай падпіткай, з верай і малітвай. А яшчэ аб тым, што паняцці “вера”, “гераізм”, “Радзіма” цесна ўзаемазвязаны.
Павел ЖУКАЎ.
На здымках: 1. Успенскі сабор; 2. Помнік Прападобнаму Сергію Раданежскаму; 3-4, 8. Такія будынкі ўпрыгожаць любы горад; 5. Свята-Троіцкую Сергіеву лаўру акружае крапасная сцяна з байніцамі і абарончымі вежамі; 6. У гады Вялікай Айчынай вайны тут лячылі ў шпіталі параненых франтавікоў; 7. Помнік абаронцам Айчыны; 9. Цэнтральную вуліцу Сергіева Пасада і ў пахмурнае надвор’е ажыўляе размаляваны плот; 10. Званіца на тэрыторыі лаўры.


22 Студзень 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

    Паруснікі                          06-012 Касцёл у Шэметава   dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси