Не такая страшная “Даніела”… калі да яе падрыхтаваны

За апошнія гады мы прывыклі да маласнежных зімаў. Гурбы па вокны і катанне на лыжах са стрэх, мабыць, засталіся толькі ва ўспамінах з дзяцінства. Таму  папярэджанне  пра цыклон “Даніела”  і рэкамендацыі без асаблівай патрэбы не карыстацца аўтамабілем былі  зусім дарэчы. Хаця большасць з нас  — невыратавальнікаў, недарожнікаў, некамунальнікаў, неэлектрыкаў  — асаблівых нязручнасцей у сувязі са снегападам не адчула. Ці не таму, што спецыялісты — тыя самыя выратавальнікі, дарожнікі, камунальнікі, электрыкі  — ва ўмовах першага ў гэтым годзе сур’ёзнага снегу са сваімі абавязкамі спраўляюцца?

 Усё неабходнае ёсць…

 На абслугоўванні філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” — “ДРБУ-133” знаходзіцца сетка дарог  мясцовага значэння працягласцю 772 кіламетры. З іх 287 — з асфальтабетонным пакрыццём. 115 кіламетраў — дарогі ў сельскіх населеных пунктах… І кожная — важная: па ёй людзі спяшаюцца на працу, у школу ці (не дай Бог!) у бальніцу.
 …У “ДРБУ-133” мы завіталі ў аўторак зранку — снегапад ужо ўвабраўся ў сілу і пазіцый здаваць не збіраўся.
 …Інжынер па бяспецы руху Віктар Мацкевіч сітуацыю крытычнай не лічыць: на тое ж і зіма, каб снег ішоў. А ўсё неабходнае для ліквідацыі наступстваў “Даніелы” ёсць: дастаткова снегаўборачнай тэхнікі, паліва, пад поўную патрэбу нарыхтавана  пясчана-салявая сумесь.
— Арганізавана кругласутачная праца адказных дзяжурных з ліку інжынерна-тэхнічных работнікаў, — расказвае Віктар Генрыхавіч. — У выпадку неабходнасці дзяжурны апавяшчае работнікаў,
размяркоўвае, каму куды ехаць. Выезд тэхнікі ажыццяўляецца з трох прарабскіх участкаў: “Мядзел”, “Занарач” і “Крывічы”. Сёння ў тры гадзіны раніцы па вызначаных маршрутах накіравалі пятнаццаць адзінак тэхнікі (восем трактароў, чатыры раскідвальнікі пяску, тры пагрузчыкі). Усе працягваюць працаваць і цяпер. Вядзецца ўборка снегу, расчыстка праезнай часткі, абочын і апрацоўка супрацьгалалёдным матэрыялам.
— І як спраўляецеся? — цікаўлюся.
— Вядома ж, кожнаму хочацца, каб снег быў убраны адразу ж. Але ўявіце: семсот дваццаць два кіламетры дарог… Немагчыма навесці парадак усюды ў адзін момант. Нарматыўнымі дакументамі ўстаноўлены тэрміны, у якія мы павінны забяспечыць праезд. Адлік часу пачынаецца ад завяршэння снегападу. І тэрміны розныя ў залежнасці  ад таго, наколькі інтэнсіўна выкарыстоўваецца дарога. Да таго ж, “забяспечыць праезд” — гэта даць магчымасць транспарту рухацца (а не поўнасцю прыбраць снег па ўсёй шырыні). Потым ужо будзем дачышчаць, пашыраць… Загадзя просім прабачэння ў жыхароў і гасцей Мядзельшчыны за магчымыя часовыя нязручнасці. Людзі працуюць, ва ўстаноўленыя тэрміны ўкладаемся. Нас і дзяржаўтаінспекцыя кантралюе, і тэхнагляд. Вось і сёння раніцай ДАІ а палове пятай  сюды прыязджала: правярала, дзе наша тэхніка працуе.
— А як гэта праверыш, не выходзячы з кабінета дыспетчарскай службы?
— На ўсёй тэхніцы ўсталяваны GPS-навігатары, а ў камп’ютары маецца адпаведная праграма. Яна дазваляе адсочваць наш транспарт. Што нядрэнна: на маніторы бачна, дзе хто працуе. Не тое, што даўней: заехаў куды, забуксаваў — тэлефонаў сотавых не было, ісці — далёка…
— Калі снегапад набудзе стыхійны характар, ці справіцеся?
— На выпадак стыхіі распрацавана схема прыцягнення тэхнікі іншых арганізацый, тых жа сельгаспрадпрыемстваў. Калі будзе патрэба, звернемся да іх па дапамогу.

Смецце — горш за снегапад

Філіял “ДЭУ-66” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр”  абслугоўвае дарогі рэспубліканскага значэння ў межах нашага раёна. Гэта Мінск — Маладзечна — Нарач, Браслаў — Паставы — Нарач, Мінск — Калачы — Мядзел, Багушэўск — Сянно — Лепель — Мядзел, Полацк — Глыбокае — мяжа Літвы, Лынтупы — Свір — Смаргонь — Крэва — Гальшаны, пад’езд да вёскі Гатавічы, Купа — Занарач — Брусы. Агульная працягласць — больш за 206 кіламетраў.
 …У “ДЭУ-66” мы прыехалі зранку ў сераду, калі “Даніела” відавочна здавала пазіцыі. Так што ўжо можна гаварыць і пра пэўныя вынікі працы дарожнікаў.
Галоўны інжынер Віктар Сіськевіч расказаў:
— Цяпер дарогі на зімовым утрыманні, таму арганізавана кругласутачнае дзяжурства, створаны брыгады, у поўным аб’ёме назапашана пясчана-салявая сумесь… Пра цыклон ведалі загадзя — таму былі падрыхтаваны. І снегапрыняцце за суткі склала не больш за пятнаццаць сантыметраў — гэта звычайная рабочая сітуацыя. У штатным рэжыме адпрацавалі суткі, нават рэзервовую тэхніку не выкарыстоўвалі.
— Можа, назавяце тых, хто найбольш пастараўся?
— Свае абавязкі добра выконвалі ўсе. Іншая справа — назваць работнікаў найбольш старанных. Яны
гатовы працаваць суткамі, калі ёсць патрэба. На лінейна-дарожнай дыстанцыі “Мядзел” гэта вадзіцелі “МАЗаў” Сяргей Купрэвіч, Уладзімір Жук, Дзяніс Лукашонак, трактарысты Уладзімір Баркоўскі, Міхаіл Путырскі, Эдуард Клімовіч, вадзіцель пагрузчыка Эдуард Вежын, грэйдарыст Іосіф Ільясевіч. На дыстанцыі “Свір” — вадзіцель “МАЗа” Андрэй Грынцэвіч, трактарыст Віталь Драгун, вадзіцель пагрузчыка Віталь Глухоўскі. На лінейна-дарожнай дыстанцыі “Пронькі” — вадзіцель “МАЗа” Тамаш Вярбіцкі, трактарыст Аляксей Мачульскі, вадзіцель пагрузчыка Сяргей Роўда. Шмат працавітых людзей і ў брыгадах дарожных рабочых, якія прыбіраюць аўтобусныя прыпынкі (у Мядзеле старшы машыны — Мікалай Каралёнак, у Свіры — Барыс Карпіч, у Проньках — Яўген Роліч). Добра спраўляюцца з абавязкамі адказныя дзяжурныя па зімовым утрыманні дарог: Аляксандр Варабей, Віталь Клунік, Генадзь Хмарук, Уладзімір Берняковіч.
— Карыстаючыся выпадкам, — працягвае Віктар Сіськевіч, — хачу праз газету звярнуцца да рыбакоў, якія бываюць на стаянках у зімовых умовах… Ды і да ўсіх карыстальнікаў аўтадарог. Трэба прыбіраць за сабой, а не кідаць у кюветы бутэлькі і бляшанкі ад кансерваў. Кожнаму варта запомніць: дарога — не месца збору цвёрдых бытавых адыходаў. А людзі пакеты са смеццем, каробкі, старыя тэлевізары, пральныя машыны, газавыя пліты пакідаюць на прыпынках. Гэта такая непавага да дарожнікаў! Даводзіцца штодня аб’язджаць аўтобусныя прыпынкі, збіраць смецце…
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымках: 1. Дзякуючы GPS-навігацыі галоўны інжынер “ДРБУ-133” Іван Чайко дакладна ведае, дзе працуе тэхніка;
2. На ачыстцы дарог працуе вадзіцель “МАЗа” “ДРБУ-133” Анатоль Грузд; 3. Старанасцю і адказнасцю вызначаецца вадзіцель “МАЗа” “ДЭУ-66” Сяргей Купрэвіч.
Фота Георгія Прысмакова.


18 Студзень 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Дарожная служба

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

    Паруснікі                          img_4257  возера Мястра  0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси