У рэжыме нон-стоп

ЦІ трэба казаць, як у наш нервовы час не хапае элементарнай ветлівасці, як рэдка ўсміхаюцца людзі адзін аднаму. І таму, напэўна, так уражваюць і падымаюць настрой любыя праяўленні зычлівасці, звычайнай чалавечай цеплыні ў штодзённых адносінах. У рэдакцыю часта звяртаюцца нашы чытачы, часцей за ўсё пажылыя, з просьбай праз газету падзякаваць работнікам гандлю, медыцынскіх і іншых устаноў за іх добрыя адносіны да людзей. Такія просьбы заўсёды імкнёмся выконваць.
Нядаўна былі ў Княгініне. Убачыўшы рэдакцыйную «Волгу», да нас падышла жанчына.
— Ці можаце вы напісаць у газеце пра наш магазін «ЛеоЮр», пра яго прадаўцоў? Многім жыхарам вельмі падабаецца ветлівасць, з якой работнікі гандлёвай кропкі адносяцца да наведвальнікаў, іх прафесіяналізм, — кажа яна.
Сапраўды, мы таксама не раз наведваліся ў гэты магазін. Заўсёды прыемнае ўражанне пакідала высокая культура адносін да людзей, ветлівасць, з якой сустракаюць сваіх пакупнікоў прадаўцы. Так і хочацца зайсці ў гэты будынак. Цікава, а чым жа ён прываблівае мясцовых жыхароў?
— Вельмі харошы наш магазін, — кажа адна з пакупніц.
— А чым жа ён харошы? — перапытваю.
— Тут можна купіць усё. Прычым заўсёды свежае, добрае…
— І танней чым у іншых крамах, — дапаўняе яе другая жанчына, якая пачула нашу размову.
— А што вы тут купляеце звычайна? — цікаўлюся.
— Хлеб, каўбасы, малако, масла, алей, сыр. Ды хіба ўсё пералічыш?! Ніхто не застаецца без пакупкі, калі прыйдзе ў магазін. Парады, ветлівыя словы прадаўцоў уздымаюць настрой наведвальнікам, — чую ў адказ.
У апошнія гады вялікую папулярнасць набываюць супер- і гіпермаркеты, вядома ў буйных гарадах, за пакупкамі туды імкнуцца і некаторыя нашы правінцыяльныя жыхары. Але роля малых магазінаў у нашым жыцці па-ранейшаму застаецца значнай. Па-першае, яны заўсёды, як кажуць, «пад рукамі». Па-другое, прадаўцы там, калі яны па-сапраўднаму любяць сваю справу, добра ведаюць густы і попыт пастаянных кліентаў. Прыемна пачуць, калі ты ў разгубленасці разважаеш, якую каўбасу лепш купіць, параду накшталт: «А вось вазьміце гэту. Свежанькая, смачная. Не будзеце шкадаваць. Многія куплялі і хвалілі яе». Вядома, пасля такіх слоў, наступным разам зрабіць пакупку хочацца менавіта ў гэтага прадаўца. А гэта ўжо сапраўдны прафесіяналізм з яго боку — заваяваць давер у пакупніка.
Магазін «ЛеоЮр» знаходзіцца ў вельмі зручным месцы, у цэнтры аграгарадка. Вяртаючыся з працы дамоў, многія па дарозе заходзяць сюды. Тут багаты асартымент хлебабулачных вырабаў, ёсць і іншыя неабходныя харчовыя тавары. А галоўнае, як мне здаецца, тут ёсць заўсёды жаданне абслужыць як мага лепш свайго пакупніка.
Магазін належыць прыватнаму прадпрымальніку з Крывічоў Юрыю Дзевялтоўскаму. Гаспадар імкнецца рабіць усё магчымае, каб людзі былі задаволены гандлёвай кропкай. Працаваць прадаўцамі запрасіў адказных, добрасумленных жанчын. Гэта Алёна Клімовіч, Таццяна Пястун, Ірына Клентак і Галіна Мацяйковіч. Усе яны за прылаўкам, як кажуць, не першы дзень. Напрыклад, Алёна Клімовіч.
Пасля школы яна закончыла Мінскі гандлёвы каледж. Працавала прадаўцом у магазінах непадалёку ад чыгуначнай станцыі «Княгінін», у вёсках Гарадзішча, Восава, гарадскім пасёлку Крывічы. А вось апошнія пяць гадоў завіхаецца менавіта ў гэтай краме. Жанчына заўсёды ўважлівая і ветлівая з пакупнікамі, калі неабходна, яна дапаможа вызначыцца з пакупкай. Пра сваіх калег гаворыць таксама толькі добрае.
— Працуем мы два дні праз два. Трэба, падмяняем адна адну. Усялякае можа здарыцца ў жыцці, — зазначае Алёна.
— А з якімі вытворцамі падтрымліваеце цесныя кантакты? — пытаюся.
— З рознымі. Хлеб, напрыклад, прывозяць з Вілейкі і Маладзечна, Мінска і Глыбокага. Каўбасныя вырабы — з Пінскага, Слуцкага, Ваўкавыскага і іншых мясакамбінатаў. Малако і малочныя прадукты такіх вытворцаў, як «Савушкін прадукт», «Маладзея» і іншых, — чую ў адказ.
— Калі ў дадзены момант у магазіне няма таго, што жадае набыць пакупнік. Ці можна заказаць патрэбны тавар? — цікаўлюся.
— Можна. Гэтым карыстаюцца многія жыхары Княгініна. Напрыклад, на ўрачыстасць патрэбен торт. Яны заказваюць у нас. Мы звязваемся з Мінскім хлебазаводам №5, і праблема заўсёды вырашаецца станоўча, — адказвае прадавец. — Навагоднія падарункі таксама многія заказвалі ў нас. Думаю, што людзі засталіся задаволенымі.
Гутарыць было вельмі складана. Адзін за адным у краму заходзілі пакупнікі. Таму Алёна прасіла прабачэння і хуценька крочыла, каб абслужыць чарговага наведвальніка.
Калі запытаў у яе, колькі прыкладна за дзень кліентаў наведвае магазін, спачатку разгубілася, але тут жа знайшлася і па колькасці прабітых чэкаў падлічыла — атрымалася больш за 300. Мне здалося, што гэта не так і многа. Аднак, калі на кожнага пакупніка затраціць у сярэднім тры хвіліны, атрымаецца цэлых 900 хвілін ці 15 гадзін працы нон-стоп. Праўда, звычайна абслугоўваюць тут два прадаўцы, але ўлічваючы, што магазін адкрыты з раніцы да вечара, дык і на дваіх работы хапае.
— Зімой пакупнікоў крыху менш. А летам — хоць адбаўляй, — усміхаецца жанчына. — Сядзець не даводзіцца: патрэбна тавар прыняць, зрабіць выкладку. Але мы прывыклі.
Хочацца пажадаць і надалей Алёне, а таксама ўсім яе калегам, каб пакупнікі заўсёды знаходзілі ў магазіне «ЛеоЮр» патрэбны тавар, каб тут заўсёды было мнагалюдна.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: чарговага пакупніка абслугоўвае прадавец магазіна «ЛеоЮр» Алёна Клімовіч.
Фота Георгія Прысмакова.


18 Студзень 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  06-012 возера Глубелька 1-12

Пабрацімы Мядзела