Як працуем, так і будзем мець

ВАЖНЕЙШЫЯ дакументы, якія вызначаюць праграму жыццядзейнасці Мядзельшчыны на 2016 год, абмеркаваны і прыняты на сумесным пашыраным пасяджэнні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Маюцца на ўвазе параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага азёрнага краю і яго бюджэт. У пераліку традыцыйных галоўных задач з’явілася і новая — працаўладкаванне грамадзян на сучасныя рабочыя месцы, якія неабходна ствараць. Падрабязна пра гэта шаноўнай аўдыторыі распавяла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч. Яна адзначыла, што на працягу адыходзячай у гісторыю пяцігодкі забяспечана станоўчая дынаміка выканання асноўных паказчыкаў — прыцягненне прамых замежных інвестыцый, рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі, экспарту тавараў і паслуг, эканоміі паліва-энергетычных рэсурсаў.
Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў новым годзе складзе ў фактычных цэнах 160 мільярдаў рублёў. Некалькі менш за палавіну яе дасць унітарнае прадпрыемства “Ілаўскае”, дзе мяркуецца завяршыць будаўніцтва спіртасховішча і рэканструкцыю цэха перыядычнай рэктыфікацыі. З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі раёна, стварэння новых рабочых месцаў атрымае працяг мэтакіраваная работа па развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. На іх і плануецца працаўладкаваць не менш двух дзясяткаў чалавек. Прагназуецца таксама, што вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах узрасце да 106 працэнтаў. У раслінаводстве прымаюцца меры па павелічэнні збораў збожжавых культур, рапсу, павышэнні якасці і аб’ёмаў кармоў, якія нарыхтоўваюцца для грамадскага статка. Такія падыходы дазволяць планамерна ісці ўгору і ў малочных, мясных справах.
Экспарт тавараў прадугледжваецца давесці да 2,33 мільёна долараў ЗША — 110,9 працэнта да ўзроўню 2015 года. Прыбаўку забяспечаць нарошчванне аб’ёмаў рэалізацыі прадукцыі сялянскімі гаспадаркамі “Вікі-сад” і “Антэй-сад”, паддонаў драўляных таварыствам “Пілвудбуд” і пюрэ яблычнага ўнітарным прадпрыемствам “Ілаўскае”. 10-працэнтны прырост плануецца і па экспарце паслуг. Рэальных шляхоў для гэтага няшмат — павышэнне кошту пуцёвак і напаўняльнасці нумарнога фонду ў санаторна-аздараўленчых установах.
Аб’ём інвестыцый арганізацый раёна ў асноўны капітал складзе 350 мільярдаў рублёў. У рамках дзяржаўнага заказу намечана пабудаваць два 40-кватэрныя жылыя дамы ў Мядзеле і курортным пасёлку Нарач. Адначасова ў населеных пунктах прадоўжыцца ўдасканаленне інжынернай і транспартнай інфраструктуры. Далейшаму развіццю сацыяльнай сферы паспрыяе ўзвядзенне сучаснай школы ў курортным пасёлку, арыенціровачны кошт якой 90 мільярдаў рублёў.
Тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал за кошт замежных крыніц перавысіць 110 працэнтаў. Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Шантэр” пачне рэканструкцыю базы адпачынку “Рудакова”. Будаўніцтва мяркуецца завяршыць да 2018 года з прыцягненнем крэдытаў банкаў Кітая — 18,7 мільёна долараў ЗША пры агульным аб’ёме плануемых інвестыцый $22,6 мільёна. Што датычыцца прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, то яны складуць $0,5 мільёна. З удзелам замежнага інвестара пачнецца ўзвядзенне сонечнай электрастанцыі паблізу вёскі Рудашаны — ЗАТ “Модус Праджэктс” і завершыцца рэканструкцыя вытворчых памяшканняў для вытворчасці алкагольных напояў — ТАА “Вінакурня Нарач”.
У рознічным тавараабароце таксама намячаюцца зрухі да лепшага — 101,2 працэнта. Прагрэс забяспечаць развіццё гандлёвай інфраструктуры, адкрыццё новых аб’ектаў грамадскага харчавання, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, лепшая арганізацыя гандлю таварамі айчыннай вытворчасці.
Вясенне-летні перыяд адзначыцца ўсплёскам дробнарознічнага гандлю, а таксама выязнога на тэрыторыях здраўніц і сумежных пляжах. З актыўных форм прывабяць пакупнікоў не менш за два дзясяткі кірмашоў, сотні распродажаў тавараў па зніжаных цэнах, у тым ліку сезонныя і святочныя, школьныя базары. Новы імпульс атрымае рэалізацыя тавараў насельніцтву ў крэдыт, аснашчэнне магазінаў і аб’ектаў грамадскага харчавання плацежнымі тэрміналамі для ажыццяўлення безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак. У прасоўванні тавараў айчыннай вытворчасці сваю ролю адыграе і выязное гандлёвае абслугоўванне. Найперш маюцца на ўвазе каўбасныя вырабы ААТ “Занарацкі”, прадукцыя “Мінскхлебпрама”, чыпсы, павідла, джэмы, сокі — унітарнага прадпрыемства “Ілаўскае”, кандытарскія і швейныя вырабы — раённага спажывецкага таварыства…
Павышэння заробкаў у новым годзе плануецца дасягнуць за лік прагрэсіруючых тэмпаў росту прадукцыйнасці працы ў будаўніцтве, прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Станоўчую ролю адыграе і ўключэнне ў кантракты работнікаў заахвочвальных выплат за выкананне мерапрыемстваў па энергазберажэнні, што дазволіць атрымліваць больш адчувальны прыбытак і накіроўваць яго на паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту людзей, а кіраўнікоў, іх намеснікаў і галоўных спецыялістаў — выплаты гадавых і кароткатэрміновых бонусаў. Прыбаўку ў кашалькі абяцае і павелічэнне тарыфнай стаўкі першага разраду работнікаў бюджэтнай сферы.
Затым з праектам раённага бюджэту на 2016 год удзельнікаў сумеснага пасяджэння пазнаёміў начальнік фінансавага
аддзела райвыканкама Леанід Малец. Ён вызначаны ў суме 348778 мільёнаў рублёў. Такая ж і расходная частка. Асноўнай крыніцай уласных даходаў з’яўляюцца падаткі: падаходны з фізічных асоб і на дабаўленую вартасць, на ўласнасць і ад выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг. Плануецца паступленне ў раён з вышэйстаячых бюджэтаў 179705,7 мільёна рублёў датацый і 9558,2 мільёна рублёў субвенцый на фінансаванне расходаў па развіцці сельскай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці. Бюджэт раёна захоўвае ярка акрэсленую сацыяльную накіраванасць. Дастаткова сказаць, што больш за 64 працэнты яго расходаў прадугледжваюцца на ўстановы аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту і сацыяльную палітыку. У той жа час, як адзначыў Леанід Паўлавіч, новы год будзе вызначацца абмежаванасцю фінансавых рэсурсаў. Тым не менш, прапанаваны праект бюджэту раёна збалансаваны з улікам усіх прыходных і расходных артыкулаў, забяспечвае сацыяльную стабільнасць. Таму ён і быў прыняты аднагалосна. Як перад гэтым асноўныя і дадатковыя прагнозныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны на 2016 год. Цяпер чарга за канкрэтнымі справамі.
Павел ЖУКАЎ.


06 Студзень 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

1-12 06-012 Касцёл у Мядзеле  0-170

Пабрацімы Мядзела