Пра сямейны капітал

Сёння ў многіх на слыху паняцце “сямейны капітал”. Толькі не  ўсе ведаюць, што гэта такое і для каго прызначаецца. Вось і звярнулася за інфармацыяй па ўзнятым пытанні да начальніка  ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларысы ДАНІЛЕНКА:

—    Пачну з таго, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей”, з 1 студзеня 2015 года пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга ці наступных дзяцей грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне, маюць права на аднаразовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у размеры 10000 долараў ЗША, на так называемы сямейны капітал. Парадак і ўмовы назначэння, пералічэння і распараджэння гэтымі сродкамі зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2015 года № 128 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку і ўмовах назначэння, фінансавання (пералічэння), распараджэння сродкамі сямейнага капіталу”, якое ўступіла ў сілу з 1 сакавіка 2015 года.

—    Якой катэгорыі грамадзян назначаецца сямейны капітал?

—    Асноўнымі ўмовамі прадастаўлення сямейнага капіталу з’яўляюцца: нараджэнне, усынаўленне (удачарэнне) трэцяга ці наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года ўключна; выхаванне ў сям’і не менш трох дзяцей ва ўзросце да 18 год (з улікам тых, якія нарадзіліся, усыноўлены (удачароны) ва ўказаны перыяд), пры гэтым дата нараджэння ўсыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) павінна быць не раней 1 студзеня 2015 года; грамадзянства Рэспублікі Беларусь аднаго з бацькоў — маці (мачахі), бацькі (айчыма); пастаяннае пражыванне  грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, на тэрыторыі  нашай краіны. Пры гэтым права на назначэнне сямейнага капіталу  прадастаўлена маці (мачасе) у поўнай сям’і, бацьку (маці) у няпоўнай сям’і, усынавіцелю (удачарыцелю). Калі ж у поўнай сям’і маці (мачаха) не мае права на назначэнне сямейнага капіталу (напрыклад, не з’яўляецца грамадзянкай Рэспублікі Беларусь), такое права мае бацька (айчым) пры захаванні вышэйназваных умоў.

—    У якія тэрміны і куды можна звярнуцца за назначэннем сямейнага капіталу?

 —    Для назначэння сямейнага капіталу грамадзяніну, у якога ёсць на яго права, неабходна на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга ці наступных дзяцей асабіста альбо праз свайго прадстаўніка звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (каб. №4).

—   Якія дакументы неабходна прадаставіць?

—   Заяву аб назначэнні сямейнага капіталу; пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які мае права на назначэнне сямейнага капіталу; дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка, — у выпадку звароту грамадзяніна праз свайго прадстаўніка; пасведчанні аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і; пасведчанне аб шлюбе і дакумент, які сведчыць асобу мужа (жонкі), — для поўных сем’яў; пасведчанне аб смерці жонкі (мужа), копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу альбо пасведчанне аб скасаванні шлюбу ці іншы дакумент, які пацвярджае катэгорыю няпоўнай сям’і, — для няпоўных сем’яў. Пры гэтым дакумент, які сведчыць асобу, пры адсутнасці ў ім адзнакі аб рэгістрацыі заключэння шлюбу, таксама з’яўляецца пацвярджэннем катэгорыі няпоўнай сям’і; копію рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні) — для ўсынавіцеляў (удачарыцеляў) дзіцяці (дзяцей). У выпадку неабходнасці пацвярджэння выхавання дзіцяці (дзяцей) у сям’і аднаго з бацькоў разам з заявай прадастаўляюцца адпаведныя дакументы, якімі могуць быць: Пагадненне  аб дзецях; копія рашэння суда аб скасаванні шлюбу (выпіска з рашэння), якая вызначае аднаго з бацькоў, з якім пражывае(юць) дзіця (дзеці); копія рашэння суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў другога з бацькоў; копія рашэння суда аб забіранні дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў; копія рашэння суда, пастановы аб судовым загадзе аб спагнанні аліментаў; пасведчанне аб смерці другога з бацькоў.

—    Ларыса Генадзьеўна, раскажыце, калі ласка, у якія тэрміны выносіцца рашэнне аб назначэнні (адмове ў назначэнні) сямейнага капіталу?

—    Пасля паступлення звароту ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама робіць запыты ў адпаведныя органы для збору інфармацыі, якая неабходна для прыняцця рашэння. Само ж рашэнне аб назначэнні (адмове ў назначэнні) прымаецца ў месячны тэрмін з дня падачы грамадзянінам заявы. Паведамленне аб ім накіроўваецца заяўніку на назначэнне сямейнага капіталу на працягу 5 дзён з дня прыняцця рашэння. Копія рашэння мясцовага выканаўчага ці распарадчага органа выдаецца пры звароце грамадзяніна асабіста альбо праз яго прадстаўніка.

—    Рашэнне прынята, копія яго на руках заяўніка. Што рабіць далей?

—    Для залічэння сродкаў сямейнага капіталу грамадзяніну, якому ён назначаны, неабходна адкрыць дэпазітны рахунак “Сямейны капітал”. Для гэтага яму трэба звярнуцца ў падраздзяленне ААТ “ААБ “Беларусбанк” па месцы назначэння сямейнага капіталу. Дэпазітны рахунак адкрываецца ў дзень падачы заявы з усімі неабходнымі дакументамі. Дарэчы, звяртацца за яго адкрыццём патрэбна не пазней 6 месяцаў з дня прыняцця рашэння аб назначэнні сямейнага капіталу.

—    Ларыса Генадзьеўна, скажыце, калі ласка, колькі жадаючых атрымаць сямейны капітал ёсць у нашым раёне?

—    З адпаведнымі заявамі звярнуліся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама 43 чалавекі. Усім ім, дарэчы, сямейны капітал назначаны.

—    У якіх выпадках і калі можна распараджацца сродкамі сямейнага капіталу?

—    Права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу прадастаўляецца грамадзянам, якія адносяцца да членаў сям’і. Склад сям’і вызначаецца на дату падачы заявы аб гэтым. Права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу ўзнікае па заканчэнні 18 год з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла права на яго назначэнне. Дарэчы, рэалізаваць права на зварот за распараджэннем сродкамі сямейнага капіталу грамадзяне могуць на працягу 3 гадоў па заканчэнні 18 год з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла такое права.

—    Хто можа распараджацца сямейным капіталам?

—    Гэта права са згоды членаў сям’і можа прадастаўляцца аднаму з іх. А таму, перш, чым звярнуцца з такой заявай, патрэбна вызначыцца, хто гэтым зоймецца. Згода на прадастаўленне права распараджацца сродкамі сямейнага капіталу аднаму члену сям’і сведчыцца натарыяльна. Калі ж члены сям’і не прыйшлі да згоды, сямейны капітал будзе размеркаваны паміж імі ўсімі ў роўных долях. Распараджэнне долямі сямейнага капіталу непаўналетніх членаў сям’і ажыццяўляюць іх законныя прадстаўнікі.

—    На якія мэты і ў якім аб’ёме можна выкарыстоўваць назначаныя сродкі?

—    Сямейны капітал  належыць выкарыстанню на тэрыторыі Беларусі ў поўным аб’ёме альбо па частках у безнаяўным парадку па адным альбо некалькіх наступных накірунках. А гэта: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, маці (бацькі) — у няпоўнай сям’і.

—    А ці можна сямейны капітал узяць датэрмінова?

—    Сродкі сямейнага капіталу можна выкарыстаць датэрмінова (у поўным аб’ёме альбо па частках) незалежна ад перыяду часу, які прайшоў з даты назначэння сямейнага капіталу, на атрыманне членам (членамі) сям’і платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя, у парадку і па пераліку, вызначаным Міністэрствам аховы здароўя.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



22 снежня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

 возера Мястра  на Блакітных азёрах        на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела