Самаўхіленне — не выйсце

АДНЫМ з накірункаў патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2006 года №2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва” для дзярж­органаў, кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

Пракуратурай вобласці надаецца значная ўвага нагляду за выкананнем патрабаванняў Дырэктывы. Праверкі, якія праводзіліся ў раёнах, шэрагу сельскіх (пасялковых) выканаўчых камітэтаў паказалі, што падчас разгляду зваротаў маюць месца выпадкі цяганіны, падрыхтоўкі фармальных адказаў заяўнікам без разгляду іх пытанняў па існасці.

Так, засталася нявырашанай заява грамадзянкі З. у Вілейскі райвыканкам 9 студзеня бягучага года аб прыняцці мер да яе суседа, які парушаў правілы карыстання жылымі памяшканнямі. За дадзенае правапарушэнне прадугледжана адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 21.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Аднак, у выніку неналежнага разгляду скаргі намеснікам старшыні райвыканкама да адміністрацыйнай адказнасці правапарушальнік не быў прыцягнуты.

Не разгледжаны па існасці Бярэзінскім раённым Саветам дэпутатаў зварот грамадзяніна П. ад 26.01.2015 года аб набыцці пустуючага з 2006 года дома ў в. Усход Капланецкага сельскага Савета дэпутатаў. З адказу заяўніку за подпісам старшыні раённага Савета дэпутатаў можна даведацца, што дом не можа быць прададзены, бо не належыць сельвыканкаму. Грамадзяніну П. рэкамендавана звярнуцца да спадчыннікаў памерлага ўладальніка дома. У той жа час па даных Бярэзінскай натарыяльнай канторы спадчынная справа пасля смерці гаспадара гэтага дома не заводзілася, звестак пра тое, што Капланецкі сельвыканкам шукаў спадчыннікаў у матэрыялах праверкі па звароце грама­дзяніна П. адсутнічаюць. У адпаведнасці з існуючым грамадзянскім заканадаўствам названы дом пры адсутнасці спадчыннікаў, павінен перайсці ў маёмасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі па месцы знаходжання спадчыннай маёмасці праз год з дня адкрыцця спадчыны.

У выніку неналежнага разгляду звароту грамадзяніна П. Капланецкім сельвыканкамам меры да рэалізацыі свайго права аб пераходзе пустуючага домаўладання ў маёмасць сельвыканкама прыняты не былі, што пазбавіла магчымасці яго продажу грамадзянам.

Праверкай Свіслацкага сельскага выканаўчага камітэта Пухавіцкага раёна высветлена, што сельвыканкам самаўхіліўся ад вырашэння пытання, якое паставіў у звароце грамадзянін О. аб усталяванні дзіцячай пляцоўкі на перасячэнні вуліцы Міру і завулка Зялёнага. Пасля абследавання дадзенага ўчастка работнікі сельвыканкама прыйшлі да высновы, што на гэтай тэрыторыі трэба навесці парадак, паставіць бардзюры і выканаць санітарную абрэзку дрэў. Старшынёй сельвыканкама зварот грамадзяніна О. накіраваны для разгляду дырэктару філіяла “Дружны” УП “Жылцепласэрвіс” Пухавіцкага раёна з просьбай аказаць дапамогу ў добраўпарадкаванні дзіцячай пляцоўкі. У той жа дзень дырэктар ўзгаданага філіяла накіраваў адказ О. і старшыні сельвыканкама пра тое, што названы ўчастак зямлі не знаходзіцца на балансе арганізацыі і ёй не абслугоў­ваецца. Дадзеная інфармацыя старшынёй сельвыканкама прынята да ведама і спісана ў справу.

У Смалявіцкі райвыканкам 29.05.2015 года паступіў калектыўны зварот жыхароў дамоў №№ 1, 2, 5 па вуліцы Машэрава ў аграгарадку Слабада Азярыцка-Слабодскага сельвыканкама па пытанні перабояў на працягу апошніх двух гадоў водазабеспячэння кватэр, размешчаных на 3-5 паверхах вышэйпазначаных дамоў. Праз 15 дзён з дня паступлення заявы намеснікам старшыні райвыканкама заяўнікам накіраваны адказ аб неабходнасці ўстанаўлення павышальнай помпы. Пры гэтым райвыканкам ад вырашэння актуальнага пытання жыццезабеспячэння вадой грамадзян самаўхіліўся, канстатуючы ў адказе неабходнасць выканання работ, без указання якім чынам і ў якія тэрміны яны будуць выкананы.

З рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” 17.07.2015 года ў гэты ж райвыканкам паступіў зварот грама­дзяніна Ш. па пытанні несвоечасовага вывазу смецця ў в. Ляды Смаля­віцкага раёна. Намеснікам старшыні райвыканкама дадзены адказ, у якім толькі тлумачацца нормы арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 20.07.2007 года “Аб абыходжанні з адыходамі”, а таксама ўказаны графік вывазу цвёрда-камунальных адыходаў у в. Ляды. Праверка па названых у звароце довадах не праводзілася, выканаўца па скарзе абмежаваўся толькі адпіскай у адрас заяўніка.

Усяго па выніках пракурорскіх праверак па выкананні заканадаўства аб зваротах грамадзян у райвыканкамы і сельвыканкамы ў 2015 годзе ўнесены 23 прадстаўленні, па патрабаванні пракурора 27 вінаватых службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Т. ВАРВАЛЮК.

Старшы пракурор аддзела пракуратуры вобласці, саветнік юстыцыі.



11 снежня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   dsc_5774-3 Царква ў Слабадзе 06-043

Пабрацімы Мядзела