Па прынцыпу “ў адно вядро”

ЕЎРАПЕЙЦЫ ўжо даўно зразумелі, што смецце можа прыносіць рэальны прыбытак. Галоўнае — умела падысці да яго збору і другаснага выкарыстання. Лідзіруючыя пазіцыі ў рабоце з цвёрдымі камунальнымі адыходамі сёння стабільна займаюць Швецыя і Германія. Знаёмыя, якія бывалі ў замежжы, расказваюць, што кожная нямецкая сям’я сартуе смецце па чатырох кантэйнерах, у шведаў для гэтых мэт устаноўлены ажно восем бакаў. У немцаў, напрыклад, пра тое, што можна памыліцца з сартаваннем смецця па кантэйнерах, і гаворкі быць не можа: у такіх выпадках не шукаюць вінаватага, а штрафуюць увесь дом.

На жаль, у беларускіх гарадах вопыт па раздзельным зборы смецця часта аказваецца няўдалым. Многія людзі не жадаюць турбаваць сябе нават частковым яго сартаваннем — намнога прасцей вываліць усё ў адзін кантэйнер. Толькі мала хто з іх задумваецца, што з такой, здавалася б, простай жыццёвай сітуацыі вырастае важнейшая экалагічная праблема сучаснасці.

Варта адзначыць, што перапрацоўка сумесі цвёрдых бытавых адыходаў па выдатках практычна заўсёды прайграе сартаванню і наступнай перапрацоўкай асобна сабраных кампанентаў. Таму раздзельны  збор застаецца вельмі важнай справай комплекснага падыходу рашэння праблемы. Вялікае значэнне пры гэтым адыгрывае пазіцыя насельніцтва ў дадзеным пытанні.

Закон Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 года за  №271-З “Аб абыходжанні з адыходамі” з’яўляецца асноўным нарматыўным прававым актам, які рэгулюе адносіны ў гэтай галіне. У адпаведнасці з артыкулам 17 Закона юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны забяспечваць збор адыходаў і раздзяленне іх па відах (за выключэннем выпадкаў, калі змешванне адыходаў розных відаў дапускаецца ў адпаведнасці з тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі), а жыхары абавязаны збіраць адыходы асобна, калі такія ўмовы створаны. Асноўныя крыніцы ўтварэння адыходаў — адзенне і абутак, прадметы быту, прадукты харчавання, мэбля, газеты і часопісы і г. д.

Мэтанакіраваная работа па раздзельным зборы бытавых адыходаў праводзіцца ў нашым раёне. У многіх дварах шматпавярховых дамоў і на вуліцах прыватнага сектара ўстаноўлены кантэйнеры, у якія варта кідаць толькі шкло ці пластык.

— На тэрыторыі жыллёвага фонду, замацаванага за ўнітарным прадпрыемствам, устаноўлена 26 кантэйнераў для збору макулатуры, 82 — для шкла, 347 — для полімераў, — расказвае вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Святлана Мінчук. — Але людзі імі карыстаюцца так, як ім хочацца: калі ў кантэйнер для шкла хтосьці і выкідвае толькі шкло, то знойдзецца той, хто кіне туды пакет з іншымі бытавымі адыходамі. І пазбегнуць такіх выпадкаў немагчыма.

Але ці не для барацьбы з несумленнымі грамадзянамі была прадугледжана адміністрацыйная адказнасць? Напрыклад, за выкіданне ў кантэйнер прадметаў “не па тэме” чакае штраф — ад 5 да 50 базавых велічынь.

— Пакуль яшчэ нікога не аштрафавалі, — скептычна заяўляюць некаторыя жыхары горада. — Ну, нельга нашых людзей навучыць быць адказнымі і карыстацца кантэйнерамі для смецця па прызначэнні.

Дык, магчыма, пакаранне рублём аднаго ўсё-такі стала б прыкладам для другога?

Галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Пратасевіч адзначае:

— Прыярытэт сёння аддаецца прынцыпу выкарыстання адыходаў, а не іх пахаванню, абясшкоджванню. Інакш кажучы, усё, што можна выкарыстаць, павінна быць перапрацавана. Ёсць не толькі другасная сыравіна (так называюць правільна адсартаванае смецце), але і непатрэбныя прадметы, якія тояць у сабе небяспеку як для навакольнага асяроддзя, так і для чалавечага арганізма. Упэўнены, не кожны ведае, што разрэкламаваныя энергазберагальныя лямпачкі таксама патрабуюць асаблівай да сябе ўвагі: у іх утрымліваецца ртуць. Як толькі сучасныя сродкі святла набылі папулярнасць, спецыялісты прыйшлі да высновы: каб небяспечнае рэчыва не трапляла ў навакольнае асяроддзе, лямпачкі неабходна цэнтралізавана збіраць. Таму камунальнымі службамі ажыццяўляецца іх збор і захоўванне.

Сёлета ў Мядзеле ўведзена ў эксплуатацыю “Сартавальная станцыя”. Яе праектная магутнасць 1721 тону ў год ці 143,4 тоны ў месяц. За жнівень-кастрычнік бягучага года на станцыю паступіла 314 тон адыходаў. Пасля сартавання выдзелена 71,245 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў.

У кастрычніку-лістападзе 2015 года набыта 200 еўракантэйнераў для раздзельнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў агульным коштам 1057920000 рублёў і адзін смеццявоз з задняй загрузкай “КО-440ВМ-01″ на базе аўтамабіля “МАЗ-5337″. Гэта дазволіць павялічыць ахоп насельніцтва раздзельным зборам адыходаў. 110 кантэйнераў устаноўлена ў Нарачы і 90 — у Мядзеле. Кожны падпісаны, для якіх адыходаў ён прызначаны. Але, як паказвае практыка, вельмі часта гэтыя надпісы жыхары раёна ігнаруюць. У многіх выпадках гэта звязана з адсутнасцю ў людзей культуры асобнага збору адыходаў. Больш таго, кантэйнеры наўмысна пашкоджваюцца. У курортным пасёлку Нарач з некаторых новых еўракантэйнераў паздымалі колы. Варварства, вандалізм — інакш такія дзеянні не назавеш.

Сёння, напэўна, кожнаму зразумела актуальнасць праблемы, звязанай са зборам другасных матэрыяльных рэсурсаў, аднак не кожны гатовы і матываваны змяніць свае звычкі і погляды на раздзельны збор адыходаў і здачу другаснай сыравіны. Мы ўсё яшчэ жывём у “адно вядро”, па-ранейшаму бяздумна і легкадумна выкідваючы непатрэбныя прадметы, якія варта было бы здаць у нарыхтоўчы пункт. Цяжка перабудаваць менталітэт сталага чалавека, які ўручае дзіцяці пакет са смеццем і ў якасці хатняй нагрузкі адпраўляе на кантэйнерную пляцоўку. Але пры гэтым ён не ўдакладняе, што трэба зрабіць з адыходамі, якія яшчэ могуць быць карысныя.

Усім жыхарам неабходна па-гаспадарску ставіцца да абсталявання, сартаваць адыходы і карыстацца пунктамі прыёму другаснай сыравіны. Варта памятаць, што няма чужых праблем — праблемы агульныя, нашы!

Дарэчы, на Мядзельшчыне працуюць тры стацыянарныя пункты прыёму другаснай сыравіны: у гарадскіх пасёлках Крывічы і Свір, а таксама ў аграгарадку Княгінін. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ адзін перасоўны прыёмны пункт, які працуе па зацверджаным графіку. Таму здаць другасную сыравіну ёсць куды.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Вадзіцель смеццявоза “КО-440ВМ-01” Андрэй Куцкевіч за працай; 2. Вось такія кантэйнеры ўстаноўлены ў горадзе для раздзельнага збору адыходаў.

Фота Георгія Прысмакова.



09 снежня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Эканоміка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

img_4257 Касцёл у Шэметава   возера Глубелька Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси