КАЛІ АЖЫВАЕ ЛАЗА

ВОСЬ і зіма. Супакоеная прыціхлая зямля ахінаецца бялюткаю наміткаю снегу. Узорыстыя сняжынкі кладуцца на галінкі дрэў, плаўна апускаюцца долу. Як шмат ва ўсім гэтым прыгажосці! У любую пару года люблю прыходзіць у аблюбаваныя з маленства куточкі прыроды, якія нагадваюць пра многае. Алёшкі, Паніззе, Валодзькі — ужо аціхлыя вёсачкі ля Свіры. Колісь і тут віравала жыццё, а зараз засталіся лічаныя жыхары. У Алёшках нарадзілася мая любая бабуля Ванда Міхайлаўна Вайнілка. Тут жа паблізу, у Паніззе, жыве родны мамін брат Франц Міхайлавіч Кісель. Хачу адразу сказаць, што ён — творчы. Аднак, як многія таленавітыя людзі, замкнёны ў сабе. Займаецца ж Франц Міхайлавіч лозапляценнем. Падвазонніцы, этажэркі, крэслы, табурэткі, сталы і столікі… Многае могуць стварыць рукі майго сваяка. І не толькі рукі, але і душа. Толькі загадзя трэба назапасіць неабходны матэрыял. О, гэта асобны рытуал, падчас якога і размова з дрэвамі, з тымі лугавінамі, што побач, з ракою, самім сонейкам. А затым ужо, толькі пасля судакранання з прыродай, надыходзіць час тварэння.

Пэўную інфармацыю пра Франца Міхайлавіча можна знайсці ў Свірскай бібліятэцы, ашчадна сабраную яе работніцамі Данутай Браніславаўнай Саковіч і Аленай Мікалаеўнай Яновіч. Ён чалавек мясцовы, нарадзіўся ў 1942 годзе. Вучыўся ў Свірскай сярэдняй школе, вайсковую службу праходзіў на Кубе. Давялося, як кажуць, свету пабачыць. А потым, звольніўшыся ў запас, вярнуўся ў родныя мясціны, ажаніўся. У сям’і нарадзіўся сын. Калі ў 60-ыя гады ў гарадскім пасёлку адкрыўся лазова-мэблевы цэх, уладкаваўся туды на працу. Вытворчасць гэта існавала да 1975 года. Пасля яе закрыцця перайшоў рабочым у будаўнічую брыгаду мясцовай гаспадаркі, адтуль і на пенсію пайшоў. А вось любоў да лозапляцення засталася на ўсё жыццё. Створаныя яго рукамі вырабы ёсць у многіх жыхароў нашай мясцовасці. Трапілі і нават у наш клас — кабінет беларускай мовы і літаратуры. Сам жа Франц Міхайлавіч узімку больш жыве ў Астраўцы. Там сынава сям’я, трое ўнукаў, ёсць каму майстэрства перадаць.

Калі была ў бібліятэцы, то парадавалася, што яе супрацоўніцы так старанна збіраюць і захоўваюць матэрыялы пра творчых людзей нашай мясцовасці. Ды яшчэ, зірнуўшы на мноства кніг на стэлажах, раптам узгадала “Пунсовыя ветразі” сонечнага пісьменніка-рамантыка Аляксандра Грына. Падчас размовы юнай Асоль з вугальшчыкам Піліпам гучаць дзіўныя словы пра чалавечую фантазію, больш дакладана, сілу гэтай фантазіі. Нібыта на прутках каша, куды засыпаўся вугаль, узніклі пупышкі, а потым яны ператварыліся ў яркія зялёныя лісточкі. Толькі на адно імгненне. Я ж бачу вузлаватыя спрытныя рукі майго сваяка, якія ствараюць сапраўдныя цуды з лазы…

                                                                                                               Кацярына КОВАЛЬ.

    Вучаніца 11 класа ДУА “Свірскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-СШ”.



08 снежня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

від на Мядзел     Паруснікі                          Касцёл у Засвіры   лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси