Пераможны намалот Івана Байко

СЁЛЕТА на раённым свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2015», якое праходзіла ў гарадскім пасёлку Свір, ушаноўвалі маладога хлебароба з ААТ «Занарацкі» Івана Байко. Па выніках раённага спаборніцтва маладзёжных экіпажаў менавіта ён выйшаў пераможцам. Напярэдадні прафесійнага свята сустрэліся з руплівым працаўніком і пагутарылі з ім.
— Іван, ці даўно працуеш у сельскай гаспадарцы?
— Не вельмі, тры гады.
— Што паўплывала на твой выбар прафесіі?
— Тата ўсё жыццё працуе механізатарам у гаспадарцы. На розных трактарах, розныя работы выконвае. А наступала жніво, ён садзіўся за руль камбайна. Я быў вельмі задаволены, калі ён браў мяне з сабой. Таму працу механізатара ведаў з дзяцінства. Потым ён браў мяне ў якасці памочніка камбайнера. Летнія школьныя канікулы праводзіў ці на машынным двары, рамантавалі камбайн, ці ў полі, на жніве. Пасля заканчэння школы праблемы з выбарам прафесіі ў мяне не было. Падаў дакументы ў Свірскі ліцэй. Вытворчую практыку праходзіў у сваёй гаспадарцы. Калі закончыў вучобу, без ваганняў прыйшоў сюды працаваць.
— Прыгадай сёлетняе жніво. Якім яно было для цябе?
— Жніво ніколі не бывае лёгкім. Даводзілася і рана ўставаць, і позна класціся спаць. Намаганні камбайнераў гаспадаркі былі накіраваны на хуткую і якасную ўборку вырашчанага ўраджаю. Усе стараліся, імкнуўся не адставаць ад калег. Праўда, сёлетняе жніво было крыху лепшым за мінулагодняе. Меў больш практычных навыкаў самастойнай работы, ды і ўраджайнасць была лепшая. У выніку ўбраў 273 гектары і намалаціў 891 тону збожжа.
— На якім камбайне працаваў?
— За мной замацаваны «КЗС-1218». Тэхніка працавала добра, не падвяла.
— Напэўна, бацька цікавіўся вынікамі тваёй работы?
— Амаль штодзённа пытаўся, колькі намалаціў, як справы. Калі трэба, заўсёды даваў слушную параду, дапамагаў. Працаваў без памочніка. Таму клопатаў хапіла. Не рваўся ў лідары. Але так атрымалася, што выйшаў пераможцам. Прыемна было, калі на раённых дажынках выклікалі на сцэну, ушаноўвалі…
— Ці падабаецца работа ў сельскай гаспадарцы?
— Так, інакш бы кінуў і падаўся ў горад. Але што лепшае шукаць. Заробкі ў нас някепскія, выдаюць рэгулярна. А працаваць усюды трэба…
— Чым займаешся ў гэтыя дні?
— Камбайн паставіў на зімовае захоўванне.
А за мной замацаваны яшчэ новы трактар «МТЗ-1221». Вось і развожу кармы па фермах гаспадаркі. Клопатаў ёсць штодзённа.
А калегам хачу пажадаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, шчасця і дабрабыту, каб тэхніка не падводзіла, каб усё ладзілася.
Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: малады механізатар ААТ «Занарацкі» Іван Байко.
Фота Георгія Прысмакова.


16 лiстапада 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi від на Мядзел img_4257 возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси