Калі без справы не сядзіцца

КАЛЕКТЫЎ жывёлаводаў ТАА «Нарацкая ніва-2004» дабіваецца някепскіх вынікаў. Расце вытворчасць малака і мяса, павялічваюцца надоі і прывагі. Напрыклад, сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы па выніках работы за дзевяць месяцаў склала 737 грамаў.
— Заслуга ў гэтым многіх жывёлаводаў, у тым ліку і працаўнікоў фермы «Нарач», — зазначае загадчыца вытворчасці таварыства Наталія Зімніцкая. — Асаблівым стараннем і руплівасцю там вызначаецца ветэран працы Генарата Вайткевіч.
Разам з дырэктарам Мікалаем Кудруком едзем на ферму, каб пагутарыць з Генаратай Адольфаўнай. Насустрач нам з цялятніка выходзіць хударлявая, невысокага росту жанчына. Радасцю свецяцца яе вочы, лагодная ўсмешка кранае твар.
— Прабачце, я брудная, не рыхтавалася да сустрэчы з карэспандэнтамі, — сціпла прамовіла яна, хаваючы напрацаваныя за жыццё рукі.
— Чым вызначаецца гэта жанчына? — пытаюся ў дырэктара.
— Стараннем, дысцыплінаванасцю. Не было такога выпадку, каб штосьці зрабіла абы-як. Наадварот, пакуль не дагледзіць жывёлу, не навядзе парадак, не пойдзе дадому, — чую ў адказ. — Вось у такіх, як Генарата Адольфаўна, павінна вучыцца моладзь.
— Раскажыце крыху пра сябе, — прашу Генарату Вайткевіч.
— А што тут расказваць. Чатырнаццацігадовай дзяўчынкай пайшла працаваць у калгас. Спачатку залічылі рабочай у паляводчую брыгаду. Памятаю, як рвалі лён, расцілалі яго. Працавалі многа і цяжка. Потым папрасілі стаць даяркай. Згадзілася. Штодзень хадзіла з Церлюкаў, там мы жылі, на ферму ў Швакшты. Крыху і свіней у калгасе гадавала. Словам, працы хапала, а плацілі тады слаба, — гаворыць суразмоўца. — Гэта зараз заробак някепскі і рэгулярна выдаюць. А яшчэ пенсію атрымліваю. Хочацца дачцэ дапамагчы, яна будуе сабе дом, унукам. Дзеці крычаць, маўляў, куды ты ідзеш, навошта табе гэта работа. А мне хочацца. Не магу без працы. Прывыкла да фермы, да жывёлы, як ні кажы, тут працую з 1984 года даглядчыцай. Прыйду на работу, і становіцца лёгка, добра.
— Тут утрымліваецца маладняк буйной рагатай жывёлы. Усяго 246 галоў. Разам з Генаратай Адольфаўнай даглядчыкам працуе Антон Камянецкі. Ёсць яшчэ начны вартаўнік Ягор Баброўка, які таксама дапамагае раздаваць кармы. Памяшканне старое, механізацыя слабая. Шмат ручной працы. Але жывёлаводы стараюцца, заўваг па іх няма, — кажа дырэктар таварыства. — Летам большасць цялят выганяем на пашу. Тут застаецца толькі група цялушак, якая па вагавых паказчыках годная да апладнення. Вось іх і даглядае Генарата Адольфаўна. Дзякуй ёй за працу, за старанне.
— Калі Бог дасць сілы і здароўя, то папрацую яшчэ крыху, — усміхнуўшыся, кажа жанчына. — Не змагу я дома без справы.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: жывёлавод ТАА «Нарацкая ніва-2004» Генарата Вайткевіч.
Фота Георгія Прысмакова.


16 лiстапада 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3     Паруснікі                          223_ Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела