Нарачанскія рыбакі-змагары

ГІСТАРЫЧНАЕ паўстанне рыбакоў на Нарачы адбылося 80 год таму. Сёння яно з’яўляецца падзеяй, якая навечна захавалася ў памяці жыхароў азёрнага краю і якой яны па праву ганарацца, бо гэта — адна з яркіх старонак  нацыянальна-вызваленчага руху беларускага народа на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пацвярджэннем таму і той факт, што масавы пратэст мясцовага люду апеў наш знакаміты Максім Танк у паэме “Нарач”. Вядома, што падчас Вялікай Айчыннай вайны быў страчаны літаратурны сцэнарый мастацкага фільма “Бура над Нараччу”, створаны слынным песняром з Пількаўшчыны па матывах гэтага твора для кінастудыі “Савецкая Беларусь”. Аднак, дзякуючы супрацоўнікам Нацыянальнага архіва Беларусі не так даўно гэты сцэнарый адшукалі. Ён складаецца з дваццаці дзевяці артыкулаў, напісаны ў стылістыцы даваенных савецкіх кінастужак з бясстрашнымі героямі, сапраўднымі змагарамі, панамі-прыгнятальнікамі і іх памагатымі. У сцэнарыі прысутнічае прыгожая і трагічная гісторыя кахання, якая з’яўляецца мастацкай апрацоўкай старажытнай легенды пра ўзнікненне возера Нарач, якое апісана вельмі маляўніча. Вось адтуль некалькі радкоў: “Озеро бурно и неприветливо. Низко нависли тяжелые тучи. Волны с грохотом разбиваются о берег. На берегу развешен на сушилах огромный невод. Ветер раскачивает его. Мчится по бескрайнему озерному простору. По стылой тяжёлой воде медленно плывут отдельные льдинки. Потом широкие ледяные поля. Озеро — сколько хватает глаз — бело и пустынно”. Але асабліва ўражвае паэтычна намаляваны вобраз нарачанскага рыбака. “На огромном ледяном поле одинокая фигура человека. Рыбак рубит пешнёй прорубь. Остановился. Отер рукавом пот. Обернулся. Суровое, выдубленное ветром и солнцем бурое лицо. Сильное ширококостное тело. Он застыл в отдыхе — крупный, сильный, неподвижный с поблескивающей пешнёй. Каменное темнолицее изваяние, царящее над молчаливой ледяной пустыней”. Сапраўды, моцны “шыракосны” чалавек з “бурым, выдубленым ветрам тварам” — гэта збіральны вобраз рыбака-змагара за свабоду Заходняй Беларусі. Так сцісла і адначасова пераканаўча раскрыць вобраз рыбака-героя, рыбака-змагара мог толькі чалавек добра знаёмы з падзеямі і ўдзельнікамі паўстання. Адным з кіраўнікоў народнага паўстання нарачанскіх рыбакоў з’яўляўся Міхаіл Субач, ураджэнец вёскі Мікольцы. Міхаіл Іванавіч і Максім Танк сябравалі, у пасляваенныя гады паэт неаднаразова гасцяваў у хаце рыбака, а пасля яго смерці дапамагаў дзецям Міхаіла Субача “стаць на ногі”. Як можна меркаваць, ён з’яўляецца і адным з прататыпаў герояў паэмы і сцэнарыя.
Міхаіл Субач нарадзіўся ў 1896 годзе ў сям’і рыбака Івана Субача. Бацькоўская гаспадарка па мерках малазямельных сялян-рыбакоў Заходняй Беларусі была даволі заможнай: два с паловай гектары зямлі, пчальнік, шмат свойскай жывёлы. Але паколькі, акрамя Міхаіла, Іван Адамавіч меў яшчэ двух сыноў, то пры спадчынным раздзеле паміж трымя сынамі яна магла стаць малазямельнай. Міхаіл (Міхалюк, як звалі яго аднавяскоўцы) з маладых гадоў цяжка працаваў: шэсць год парабкам у пана Яблонскага. Неўзабаве Міхаіл мусіў стварыць сваю ўласную сям’ю: ажаніўся з Марыляй Цяляк, пайшоўшы да яе жыць прымаком. Сям’я нявесты была даволі заможная, бо мела палову валокі зямлі (прыкладна дванаццаць гектараў). Але і Міхалюк меў за сабой багата свойскай жывёлы: каня, дзвюх кароў, авечак. Нягледзячы на тое, што сяляне шмат працавалі на зямлі, гадавалі жывёлу, іх прыбыткі былі даволі слабымі. Таму спрадвеку традыцыйным заняткам і асноўным сродкам існавання большасці сялянскіх сем’яў нарачанскага ўзбярэжжа была рыбная лоўля. Рыбу звычайна лавілі ўсёй сялянскай грамадой, а потым прадавалі яе на кірмашы ў Вільні.
У 1932 годзе польскі ўрад прыняў закон аб нацыяналізацыі рэк і азёр, які распаўсюджваўся і на Нарач. Яе перадалі ў эксплуатацыю Віленскай дырэкцыі дзяржаўных лясоў. Такім чынам свабодную рыбную лоўлю ў возеры забаранілі, тым самым парушыўшы традыцыйны ўклад мясцовых жыхароў. Сем’і рыбакоў пазбавілі асноўных сродкаў існавання, якія яны раней мелі ад продажу вылаўленай рыбы. У 1935 годзе дырэкцыя здала Нарач у арэнду мясцоваму памешчыку пану Яблонскаму, які прапанаваў рыбакам наймацца лавіць рыбу і за невялікую плату ўсю без выключэння здаваць арандатару. На сходзе прысутнічалі арандатар, мясцовая паліцыя, абураныя несправядлівасцю рыбакі. Раптам з сялянскага натоўпу хтосьці крыкнуў, каб пан Яблонскі ўбіраўся з возера вон. Гэта быў Міхалюк Субач. Рыбакі вёсак Пасынкі, Мікольцы, Гатавічы, Чараўкі, Урлікі, Занарач былі вымушаны выходзіць на Нарач незаконна. У адзін з такіх дзён паліцыя паспрабавала канфіскаваць улоў, забуксіраваўшы і прыцягнуўшы да берага нагружаныя рыбацкія чаўны. Тым часам на беразе сабраліся сем’і рыбакоў. Як толькі паліцэйская маторная лодка наблізілася да водмелі, жанчыны кінуліся ў ваду і перакулілі яе, а рыбакі, скарыстаўшыся разгубленасцю паліцэйскіх, змаглі адагнаць свае лодкі на сярэдзіну возера. На гэты раз іх ужо не праследавалі…
Неўзабаве на Мядзельшчыне пачалі ўзнікаць нелегальныя камітэты барацьбы, якія стваралі дружыны для аховы рыбацкіх сетак і лодак, бо іх магла канфіскаваць паліцыя. Рыбакі адмаўляліся лавіць рыбу для паноў. Аб па-дзеях на Нарачы стала вядома ў ЦК КПЗБ, які прыняў захады, каб першапачатковаму стыхійнаму выступленню рыбакоў надаць арганізаваны характар, абараніць іх інтарэсы. З гэтай мэтай для падпольнай работы быў накіраваны А. І. Багданчук. Акруговы камітэт ЦК КПЗБ выдаў зварот да рыбакоў: “Возера Нарач не належыць польскім акупантам, а нарацкім рыбакам і сялянам. Толькі пры дапамозе масавай барацьбы вы зможаце адстаяць свае правы. Дабівайцеся права свабоднай лоўлі і продажу рыбы арганізаванай і масавай барацьбой”. Сярод рыбакоў пачаліся арышты: за краты трапілі арганізатары рыбацкай забастоўкі В. Талайка, І. Чарняўскі, В. Роліч. Марозным зімовым вечарам быў арыштаваны М. Субач, у якога дома засталіся чацвёра малых дзяцей і хворая жонка, якая толькі што нарадзіла дзіця. Міхаіла Іванавіча, апранутага ў худы даматканы армячок і, як вельмі небяспечнага злачынцу, закаванага ў кайданы, даставілі ў паліцэйскі ўчастак Кабыльніка. Пазней ён успамінаў: мароз быў настолькі моцны, што паліцэйскія, пашкадаваўшы яго, накрылі закаваныя рукі сенам, пакуль везлі ў мястэчка. Праз суткі Міхаіла Субача разам з іншымі “забастоўшчыкамі”
адправілі ў Паставы, дзе знаходзілася польская ваенная камендатура. Па дарозе ў Паставы адзін з рыбакоў не вытрымаў, пачаў бедаваць па сваёй сям’і. Міхаіл Іванавіч суцяшаў яго, гаворачы наступнае: “Не бядуй, братка, у цябе два сыны, як дубы, пракормяцца. Гэта ў мяне дзеці, што гарох…”
Падчас следства Міхаіла Субача трымалі у камеры-адзіночцы, якая не абагравалася нават у люты мароз і называлася “каменны мяшок”. Допыты вяліся штодзённа, дазвалялася толькі пяціхвілінная прагулка ў кайданах па калідоры. На сцяне вісеў вялізны плакат, на якім быў намаляваны польскі герб з арлом, які трымае ў кіпцюрах стылізаваную карту другой Рэчы Паспалітай. Уражаны гэтым малюнкам Міхаіл Іванавіч аднойчы звярнуўся да свайго вартаўніка з такімі словамі: “Вось як гэты арол трымае ў кіпцюрах Польшчу, так і мы, рыбакі, хочам хоць адным пальцам зачапіцца за Нарач”. За гэта яго жорстка збілі, з рота і вушэй хлынула кроў. У рэшце рэшт, суд прыгаварыў М. Субача і В. Роліча да чатырох гадоў пазбаўлення волі, адбываць тэрмін “забастоўшчыкі” павінны былі ў “Лукішках”, знакамітай яшчэ з ХІХ стагоддзя турме Вільні.
Тым часам нарачанскія рыбакі працягвалі адмаўляцца ад працы на арандатара возера, патрабавалі вызвалення арыштаваных. З Паставаў прыбыў павятовы стараста, а з Вільні ваявода Сладкоўскі, якія спрабавалі ўгаворамі і пагрозамі прымусіць рыбакоў выконваць закон. Ранняй вясной ішоў моцны дождж, сем’і рыбакоў сабраліся на сустрэчу з уладамі. Размову з сялянамі пачаў ксёндз. Гэты старэнькі чалавек падазваў да сябе дзяцей, благаславіў іх і ўвогуле спагадліва ставіўся да сялян. Тыя ў сваю чаргу паднеслі ксяндзу пакаштаваць невялічкую талерку смажаных нарачанскіх яжгуркоў даўжынёй у далонь. Святы айцец дужа хваліў нарачанскую рыбу і тады хтосьці з сялян сказаў: “Дык дазвольце нам, шаноўныя паны, рыбку такога памеру пакідаць сабе, а большую мы будзем здаваць арандатару. Толькі вызваліце нашых рыбакоў з турмы”. У выніку гэтай сустрэчы праз некалькі месяцаў кіраўнікі паўстання вярнуліся дадому, а рыбакам дазволілі здаваць вылаўленую рыбу на рыбалавецкую базу арандатара часткова. Рух нарачанскіх рыбакоў працягваўся да 1939 года, ахапіў больш за пяць тысяч чалавек, да яго далучыліся рыбакі іншых рэгіёнаў Беларускага Паазер’я, тых жа Браслаўскіх азёр. Міхаіл Субач разам з паплечнікамі працягваў адстойваць правы рыбакоў усё сваё жыццё. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён дапамагаў партызанам, а з вызваленнем Беларусі ўзначаліў рыбалавецкую арцель “Чырвоны рыбак”. У 1951го-дзе людзі выбралі Міхаіла Субача дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Згодна з успамінамі блізкіх, аднавяскоўцаў Міхаіл Іванавіч меў вельмі мужны, гераічны характар, быў спагадлівым, адкрытым чалавекам, верыў у Бога, быў вядомым у Нарачанскім краі цымбалістам, заўжды выступаў на свяце з нагоды вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на беразе Нарачы ля помніка. Ён часта паўтараў: “Дзякуй Богу, што ніколі нічога не ўкраў і нічога нікому не застаўся павінен”. А яшчэ мне хочацца выказаць словы шчырай удзячнасці супрацоўнікам Мядзельскага музея Народнай славы, якія наладзілі цудоўную фотавыставу, прысвечаную васьмідзясятай гадавіне паўстання нарачанскіх рыбакоў.
А. ЯКУБІНСКАЯ.
Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БНТУ.


06 лiстапада 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        лебедзі на Мястры возера Мястра від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела