Праз церні да… прафесіі

РЭАЛІЗАВАЦЦА ў жыцці — задача не з лёгкіх. Атрымаць прафесію — толькі пачатак шляху. Працаўладкавацца, не расчаравацца з часам, па кроплі назапашваць вопыт і дасягаць прафесіяналізму… Шлях не просты і адказны. Дапамагчы пры неабходнасці справіцца з узнікаючымі цяжкасцямі маладым жыхарам раёна гатовы ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Больш канкрэтна пра тое, што можа прапанаваць аддзел, расказвае яго начальнік Вольга ГАБРУСЁНАК:

— Усім, хто звяртаецца да нас у аддзел, у тым ліку і моладзі, стараемся дапамагчы. Адзначу, аднак, што колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у раённай службе занятасці ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года ўзрасла. Калі ў мінулым годзе на 1 лістапада быў зарэгістраваны 41 беспрацоўны, то сёлета — 93. На гэта паўплывала і тое, што менш стала вакансій, якія можам прапанаваць. Калі летась на 1-га лістапада было заяўлена 59 вакансій, то сёння маем 40. Да таго ж у прапановах назіраецца пэўны дысбаланс: толькі 14 вакансій — па рабочых спецыяльнасцях, астатнія патрабуюць кваліфікаваных кадраў. А сярод зарэгістраваных беспрацоўных толькі 5 працэнтаў маюць вышэйшую адукацыю, яшчэ 37 — прафесійна-тэхнічную. Пэўная праблема і ў тым, што ў большасці беспрацоўныя — жыхары сельскіх населеных пунктаў, а вакансій на вёсцы стала значна менш. Там, калі і патрабуюцца кадры, то зноў кваліфікаваныя: ветурач, аграном, заатэхнік.
А што рабіць у тым выпадку, калі не атрымліваецца знайсці работу па спецыяльнасці?
— Можам прапанаваць прайсці перанавучанне і атрымаць іншую спецыяльнасць, запатрабаваную на рынку працы. Накіроўваем беспрацоўных на прафесійнае навучанне (больш за 15 прафесій). У асноўным гэта рабочыя спецыяльнасці. На перыяд вучобы забяспечваем інтэрнатам і стыпендыяй, пасля — працаўладкоўваем, каб чалавек атрымаў, у рэшце рэшт, работу, а не чарговую “корачку”. У гэтым годзе такой магчымасцю скарысталася 14 чалавек. Дарэчы, 13 з іх — грамадзяне узростам да 31 года. Самымі папулярнымі сталі будаўнічыя спецыяльнасці (маляр-тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік), хоць колькасць такіх вакансій у раёне значна паменшылася, повар-кандытар (спецыяльнасць заўсёды запатрабаваная), аператары ПВМ з веданнем праграмы “1С: бухгалтэрыя” і іншыя. З новых — мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, машыніст расфасовачна-ўпаковачных машын. Прапаноўваем таксама курсы індывідуальных прадпрымальнікаў з наступным напісаннем бізнес-плана, атрыманнем субсідыі і адкрыццём сваёй справы. У 2015 годзе такім шляхам пайшлі двое грамадзян, таксама з ліку моладзі.
Ці могуць скарыстацца магчымасцю атрымаць прафесію з дапамогай цэнтра занятасці ўчарашнія школьнікі, тыя, напрыклад, хто па нейкіх прычынах не паступіў у жаданую навучальную ўстанову, а, магчыма, і не паступаў?
— Так, ёсць і такія. Прычым некаторыя мэтанакіравана ідуць атрымаць рабочую спецыяльнасць, каб хутчэй працаўладкавацца і затраціць мінімум часу на вучобу (тэрмін навучання на курсах доўжыцца ад двух да дзевяці месяцаў). Дыпломы, канечне, у такім выпадку не прадугледжваюцца. Тыя, хто прайшоў курсы, атрымліваюць пасведчанні пэўнага ўзору з прысваеннем кваліфікацыі і разраду. Для працаўладкавання па рабочай спецыяльнасці гэтага дастаткова.
А з вышэйшай адукацыяй ці ёсць магчымасць перанавучання?
— Можам прапанаваць два варыянты, калі ўзнікла такая неабходнасць: авалодаць прафесіяй бухгалтара ці праграміста. Праз восем-дзевяць месяцаў навучання вам выдадуць дыплом аб перападрыхтоўцы (не блытаць з другой вышэйшай адукацыяй!). Хачу дадаць, што, калі чалавек легкадумна адносіцца да навучання, у выніку чаго яго адлічваюць, ці ён кідае вучобу па нейкіх іншых прычынах, давядзецца кампенсаваць усе панесеныя за яго дзяржавай затраты.
Дзе, акрамя як прыйшоўшы да вас, можна даведацца пра існуючыя вакансіі?
— Спіс вакансій па раёне рэгулярна абнаўляецца на сайце райвыканкама. Ёсць і новаўвядзенне: летам гэтага года з’явіўся яшчэ адзін варыянт пошуку рабочага месца. Маю на ўвазе партал дзяржаўнай службы занятасці (www.gsz.gov.by). Кожны, хто цікавіцца, можа стварыць на партале асабісты кабінет і запоўніць у ім да 5-ці анкет-рэзюмэ, падпісацца на падбор вакансій згодна з імі, атрымліваць паведамленні пра з’яўленне вакансій на e-mail і іншае. Наймальнік са свайго боку таксама можа стварыць на партале асабісты кабінет і шукаць такім чынам работнікаў.
Іна ЯРЧАК.


06 лiстапада 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        223_ Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела