Калі магчымасці — абмежаваныя

Наймальнік падчас прыёму на работу інваліда заўсёды павінен мець на ўвазе тое, што мае справу з чалавекам з дадатковымі патрабаваннямі. Разам з тым артыкул 14 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае прамую забарону на дыскрымінацыю ў сферы працоўных адносін, г. зн. забарону на абмежаванне ў працоўных правах ці атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага пахо­джання, мовы, рэлігійных ці палітычных поглядаў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх аб’яднаннях, маёмаснага ці службовага становішчаў, узросту, месца пражывання, недахопаў фізічнага ці псіхічнага характару, якія не супярэчаць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых абставін, якія не звязаны з дзелавымі якасцямі і не абумоўлены спецы­фікай працоўнай функцыі работніка.

Падчас прыёму на работу інвалідаў наймальнік абавязаны запатрабаваць у работніка, акрамя звычайных дакументаў (дакумент аб сведчанні асобы, дакументы вайсковага ўліку, працоўная кніжка, дыплом ці іншы дакумент аб адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, накіраванне на працу ў улік брані для асобных катэгорый работнікаў, дэкларацыя аб даходах і маёмасці, страхавое пасведчанне, медыцынская даведка пра стан здароўя і іншыя дакументы аб пацвярджэнні іншых абставін, якія маюць дачыненне да работы, калі іх прадастаўленне прадугледжана заканадаўчымі актамі), яшчэ і індывідуальную праграму рэабілітацыі інваліда (ІПРІ).

Пэўныя цяжкасці ў наймальніка вык­лікае факт накіравання чалавека з абмежаванымі магчымасцямі на медыцынскі агляд перад заключэннем працоўнага дагавора. Калі выкананне работы на дадзенай пасадзе ці спецыяльнасці напрамую забаронена ІПРІ, то няма неабходнасці яшчэ раз праходзіць медкамісію. Аднак, наймальніку трэба звярнуць увагу на даўнасць выдачы ІПРІ для таго, каб засцерагчы сябе ад недобрасумленных работ­нікаў. Калі ж на прапанаванай інваліду рабоце ёсць дадатковыя неспрыяльныя вытворчыя фактары, то накіравання на папярэдні медагляд не пазбегнуць.

Артыкулам 283 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь інвалідам забяспечваецца права з улікам індывідуальных праграм рэабілітацыі працаваць у наймальніка са звычайнымі ўмовамі працы, а таксама ў спецыялізаваных арганізацыях, цэхах і на ўчастках. Адмова ў заключэнні працоўнага дагавора ці ў прасоўванні па рабоце, звальненне па ініцыятыве наймальніка, перавод інваліда на іншую работу без яго згоды па матывах інваліднасці не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі ў адпаведнасці з медыцынскім заключэннем стан яго здароўя перашкаджае выкананню працоўных абавязкаў ці пагражае яго здароўю і бяспецы працы.

Умовы працы, у тым ліку і аплата, рэжым працоўнага часу і часу адпачынку, працягласць працоўнага водпуску вызначаюцца працоўным дагаворам, калектыўным дагаворам, пагадненнем і не могуць пагаршаць стан ці абмяжоўваць правы людзям з абмежаванымі магчымасцямі у параўнанне з іншымі работнікамі. Адзна­чым, што артыкулам 287 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абумоўліваецца абмежаванне для наймальніка ў вызначэнні выпрабавальнага тэрміну: “Інвалідам падчас прыёму на работу не вызначаецца выпрабаванне”.

Для інвалідаў І і ІІ груп прадугледжана скарочаная працягласць рабочага часу не больш за 35 гадзін на тыдзень. Пры гэтым аплочваецца іх праца ў тым жа памеры, што праца работнікаў адпаведных прафесій і пасад пры поўнай норме працягласці рабочага часу (частка 4 артыкула 287 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Існуе катэгорыя работнікаў, якія маюць інваліднасць ІІІ групы. Для іх таксама прадугледжаны рэжым няпоўнага рабочага часу ў адпаведнасці з рэкамендацыямі, якія ўтрымліваюцца ў індывідуальнай праграме рэабілітацыі інваліда. У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 118 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь наймальнік абавязаны ўстанаўліваць няпоўны працоўны час. Пры гэтым пісьмовай заявы работ­ніка не патрабуецца. Разам з тым адзначым, што ў выпадку ўстанаўлення няпоўнага працоўнага часу аплата працы будзе адбывацца прапарцыянальна адпрацаванаму часу, бо падчас няпоўнага рабочага дня памяншаецца норма працягласці штодзённай работы, а падчас няпоўнага працоўнага тыдня скарачаецца колькасць рабочых дзён на ты­дзень (артыкул 290 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

У адпаведнасці з артыкулам 34 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 года № 2435-ХІІ “Аб ахове здароўя” інвалідам любой групы ў адпаведнасці з заключэннем медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (далей — МРЭК) можа вызначацца скарочаная працягласць рабочага дня. Заключэнне МРЭК аб умовах і характары працы інвалідаў з’яўляецца абавязковым для наймальніка. Наймальнік, які не выканаў заключэнне МРЭК, нясе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Работнікам, якія прызнаныя інвалідамі, устаноўлены асноўны водпуск працягласцю 30 каляндарных дзён. Пры гэтым група інваліднасці ролі не мае. Заканадаўствам не прадугледжана памяншэнне працягласці працоўнага водпуску ў выпадку памяншэння працягласці рабочага часу.

На практыцы інваліды пры жаданні могуць сумяшчаць у аднаго і таго ж наймальніка разам з асноўнай працай, якая абумоўлена працоўным дагаворам, дадатковую работу па іншай прафесіі (пасадзе) ці абавязкі работніка, які часова адсутнічае, на працягу вызначанай заканадаўствам працягласці рабочага часу. Пры гэтым работа па сумяшчальнай прафесіі (пасадзе) не павінна быць супрацьпаказана інваліду па стане здароўя.

Разгледзім прыклад аплаты працы інваліда падчас скарачэння рабочага часу па заключэнні МРЭК. Напрыклад: інваліду ІІ групы вызначана працягласць рабочага часу 4 гадзіны, што з’яўляецца няпоўным працоўным часам. Гэта значыць, што аплата працы ў такім выпадку павінна адбывацца за фактычна адпрацаваны час, зыходзячы з гадзі­ннай тарыфнай стаўкі, якая вызначаецца шляхам дзялення ўстаноўленай месячнай тарыфнай стаўкі (акладу) на сярэднямесячны фонд рабочага часу пры 35-гадзінным працоўным тыдні.

Ж. ЯКУБОВІЧ.

Загадчык сектара працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.



30 кастрычнiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Ахова працы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

223_ возера Глубелька Касцёл у Мядзеле  Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси