За свае кіламетры

У АПОШНЮЮ нядзелю кастрычніка прафесійнае свята адзначаюць аўтамабілісты і дарожнікі. Транспарт у нашым жыцці адыгрывае значную ролю. Расце колькасць аўтамабіляў, а разам з тым і колькасць людзей, якія займаюцца абслугоўваннем жалезных коней і дарог, па якіх зараз хутка можна дабрацца ў самыя аддаленыя куточкі. З якім настроем сустракае свята адна з дарожных арганізацый Мядзельшчыны — філіял “ДЭУ № 66” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр”? Пра гэта размаўляем з яе начальнікам — Уладзімірам ПЕРАГУДАМ.

— На абслугоўванні нашага філіяла знаходзіцца 206,3 кіламетра дарог рэспубліканскага падпарадкавання, — расказвае Уладзімір Львовіч. — Калектыў, а сёння гэта 71 чалавек, добра спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Выручка за студзень-верасень гэтага года склала больш за дзевятнаццаць з паловай мільярдаў рублёў, яе рост — 102,4 працэнта. Спрацавалі з рэнтабельнасцю ў 0,8 працэнта.
Выконвалі работы па ўтрыманні аўтадарог, па іх рамонце, удзельнічалі ў рэканструкцыі другой мінскай кальцавой дарогі. Сярод відаў работ па бягучым рамонце — усталяванне выраўніваючага слою, адзінкавая паверхневая апрацоўка, гарызантальная разметка фарбай, абсталяванне стаянак для аўтатранспарту і пешаходных дарожак. Займаліся ямачным рамонтам, а гэта — 12,6 тысяч квадратных метраў, абкошвалі абочыны, устанавілі 111 дарожных знакаў, высякалі сухастой, хмызняк ля дарог. Самы праблемны від работ — прыбіранне смецця. На гэта расходуецца шмат грашовых сродкаў. Кожны дзень нашы машыны па збору смецця выязджаюць на лініі, сочаць за тым, каб дарогі мелі прывабны выгляд. Потым смецце ідзе на ўтылізацыю, за якую таксама даводзіцца плаціць. Мы бачым, што нашым імкненнем утрымліваць чысціню на дарогах
многія злоўжываюць:  мясцовыя жыхары, дачнікі, іншыя людзі спецыяльна выносяць смецце на дарогу, бо ведаюць, што прыбяром за імі.

— На якіх аб’ектах зараз працуюць людзі?

— Пачынаецца асенне-зімовы перыяд, таму нарыхтоў­ваем пясчана-солевую сумесь, устанаўліваем сігнальныя вешкі, снегазатрымліваючыя шчыты і, канечне, працуем над кансервацыяй асфальта-бетоннага пакрыцця: заліваем трэшчыны, якія ўтварыліся пасля летняй гарачыні, і ўбіраем калейнасць, якая ўзнікла такім надвор’ем ад вялікагрузаў. Дарэчы, калейнасці ліквідавалі ўжо чатыры кіламетры.

— Напярэдадні свята звычайна адзначаюцца лепшыя работнікі. Каго б вы хацелі ўзгадаць?

— У нас працуе шмат добрасумленных работнікаў, якія з адказнасцю адносяцца да выканання сваіх абавязкаў. У гэтым годзе галаўной арганізацыяй “Мінскаўтадарцэнтр” заахвочаны чацвёра. Нагрудным знакам “Ганаровы дарожнік” ІІ ступені ўзнагароджаны машыніст аўтагрэйдэра Іосіф Ільясевіч, Ганаровымі граматамі — начальнік лінейнай дарожнай дыстанцыі № 661 Яўген Зубар і начальнік планава-вытворчага аддзела Андрэй Брэскі, падзякай — ва­дзіцель пагрузчыка Віталь Глухоўскі. Да таго ж лепшай па прафесіі “Мінскаўтадарцэнтрам” прызнана галоўны бухгалтар Таццяна Кулеш, фотаздымак якой будзе змешчаны на Дошцы гонару прадпрыемства. Раённая ўлада таксама адзначыла нашых работнікаў. Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджаны вадзіцель аўтамабіля Мікалай Каралёнак, падзякай старшыні райвыканкама — дарожны рабочы Дзмітрый Папок. У сувязі са святам намі будуць заахвочаны і іншыя. Карыстаючыся момантам, хачу павіншаваць з прафесійным святам усіх калег, у тым ліку і з іншых арганізацый. Жадаю ўсім поспехаў у нашай агульнай справе, здароўя, дабрабыту ў сем’ях і ўдачы.

Гутарыла Іна ЯРЧАК.

На здымку: нагрудным знакам “Ганаровы дарожнік” ІІ ступені ўзнагароджаны машыніст аўтагрэйдэра філіяла “ДЭУ № 66” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” Іосіф Ільясевіч.

Фота Георгія Прысмакова.



23 кастрычнiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          _dsc1133-3  возера Мястра  на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела