На золку, у поўдзень | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

На золку, у поўдзень

З 1995 ГОДА ў нашай краіне Дзень аўтамабіліста і дарожніка адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю кастрычніка. Гэты дзень стаў усенародным прызнаннем заслуг транспарт­нікаў у развіцці эканомікі краіны.

Мяняецца час, паскараецца рытм жыцця, але нам, як і раней, не абысціся без аўтамабіля. Таму прафесія вадзіцеля застаецца адной з самых масавых. У любой арганізацыі на розных транспартных работах задзейнічаны  аўтасродкі. Не з’яўляецца выключэннем транспартны аддзел райПО. Штодзень дзясяткі машын накіроўваюцца ў рэйсы, каб са складоў даставіць тавары ў гандлёвыя кропкі раёна. Адным з вадзіцеляў, які заслугоўвае ўвагі і пашаны, з’яўляецца Пётр Жалубоўскі. Працуе Пётр Вацлававіч добрасумленна, у туман і слоту, днём і ноччу даводзіцца выяз­джаць у рэйсы далёкія і блізкія. Такая ўжо спецыфіка гэтай прафесіі — не такой лёгкай, як здаецца на першы погляд, і вельмі адказнай.

На досвітку ён збіраецца на работу, ідзе ў гараж, заводзіць матор сваёй «Газелі» і адпраўляецца ў чарговы рэйс. І так з дня ў дзень.

Дзяцінства Пятра прайшло ў вёсцы Церлюкі. Вучыўся ў Нарацкай сярэдняй школе №1. Разам з атэстатам юнак атрымаў і вадзіцельскае пасведчанне, бо паспяхова закончыў навучанне ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Затым была служба ў арміі. Вярнуўшыся дадому ён уладкаваўся працаваць у калгас імя Чапаева Пастаўскага раёна. Менавіта тады і вырашыў, што работа вадзіцеля яму падыходзіць лепш за ўсё.

— Так склаліся жыццёвыя абста­віны, што перайшоў працаваць у Нарацкі курортгандаль, — расказвае Пётр Вацлававіч. — Амаль дваццаць гадоў там «круціў баранку». А зараз вось у райПО. 27 лістапада споўніцца роўна год, як тут.

— На якіх аўтамабілях давялося працаваць? — цікаўлюся.

У арміі кіраваў аўтамабілем «УАЗ-469», у калгасе — «ГАЗ-53», у курорт­гандлі — «ГАЗ-52», «УАЗ-452»… Зараз за мной замацавана
«Газель».

— Якія найчасцей бываюць рэйсы?

— Па магазінах раёна развожу тавары, даводзіцца часта ездзіць у Мінск на розныя базы і склады, — чую ў адказ.

Сваю работу Пётр любіць, бо, як кажуць, ён працуе на сваім месцы. Нават лічыць абраную прафесію крыху рамантычнай, бо яна штодзень звязана з дарогай, зменамі.

— Мне падабаецца ездзіць па Мя­дзельшчыне. У кожную пару года яе прырода прыгожая па-свойму. Здавалася б, адны і тыя ж месцы, а заўсёды заўважаеш нешта новае. Нават у розны час дня: на золку, у поўдзень, на захадзе сонца прырода выглядае па-рознаму. За гэта мне і падабаецца мая работа, — кажа ён.

З рэйсаў яго заўсёды чакае жонка. Дзеці павырасталі. Адна дачка ўжо мае сваю сям’ю, другая — студэнтка, вучыцца ў Віцебску.

— Дачка таксама мае вадзіцельскае пасведчанне, — з гонарам зазначыў Пётр Вацлававіч.

У гэту нядзелю сваё прафесійнае свята будзе адзначаць і Пётр Томкавіч, які завіхаецца на пасадзе кантралёра тэхнічнага стану аўтатранспартных сродкаў райПО.

— Ці многа гадоў працуеце на гэтай пасадзе? — цікаўлюся ў Пятра Сцяпанавіча.

— Як прыйшоў сюды ў 1982
годзе, так і застаўся. Спачатку працаваў механікам па забеспячэнні, а потым на кантралёра перавялі, — чую ў адказ.

Штодзень выязджаюць за вароты 10-15 аўтамабіляў. Работа ў кантралёра адказная. Менавіта ён аглядае тэхніку і дае дазвол на выхад у рэйс, кантралюе вяртанне яе ў гараж.

Што датычыць ведаў па аўтамабілю, то Томкавічу іх не пазычаць. Сам з’яўляецца вадзіцелем з 1969 года. Мае ўласны аўтамабіль, які заўсёды ў спраўным стане.

Пётр Сцяпанавіч — на добрым рахунку ў кіраўніцтва райПО. Ён не лічыцца з часам, калі гэта патрэбна для справы. Адказны, стрыманы, вясёлы і кантактны чалавек, выдатны суразмоўца. Паважаюць і цэняць яго вадзіцелі, кіраўніцтва прадпрыемства. Менавіта яго неаднаразова ўшаноўвалі як лепшага работніка.

Што вы хочаце пажадаць аўтамабілістам раёна з нагоды прафесійнага свята? — пытаюся ў суразмоўцаў.

Моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчаслівых рэйсаў, — кажа Пётр Сцяпанавіч.

— Ні цвіка, ні жазла, — дадае Пётр Вацлававіч.

 Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: кантралёр тэхнічнага стану аўтатранспартных сродкаў Пётр Томкавіч і вадзіцель транспартнага адзела райПО Пётр Жалубоўскі.

Фота Георгія Прысмакова.



23 кастрычнiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Шэметава   Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси