…І мясцовыя кавуны

ВОСЕНЬ — пара кірмашоў. Кіраўніцтвам раёна пастаўлена задача перад сельгаспрадпрыемствамі, каб арганізавалі продаж сельгаспрадукцыі ў дастатковай колькасці і па прымальных цэнах для насельніцтва. У мінулую пятніцу і суботу прайшлі традыцыйныя для такой пары асеннія кірмашы ў многіх населеных пунктах раёна. Сваю прадукцыю прапаноўвалі ў гэтыя дні ўсе, каму належыць. Вялікі быў выбар садавіны і агародніны, прамысловых і харчовых тавараў. Усё сканцэнтравана ў адным месцы. Вось чым прывабныя кірмашы. Кожны можа купіць тое, што яму патрэбна.

Зазірнулі 9 кастрычніка на кірмаш у аграгарадок Нарач. На ўмоўнай сцэне ля ўваходу на рынак выступалі самадзейныя артысты з Нарацкага і Занарацкага сельскіх Дамоў культуры. Была магчымасць паслухаць задушэўныя мелодыі песень і найгрышаў. Таму традыцыйны базарны дзень ператварыўся ў святочны. Купіўшы ўсё неабходнае, можна было і павесяліцца. Калі яшчэ пабачыш такое?.. Толькі ў кірмашовыя кастрычніцкія дні.

А куплялі людзі садавіну і агародніну, мясную прадукцыю. Хтосьці нёс саджанцы, хтосьці набыў сельгасінвентар для наступнага сезона. Бульба, морква, капуста, буракі, фуражнае збожжа, мёд, рыба таксама былі даспадобы.

— Я кожны год чакаю з нецярплівасцю кірмашоў, — падзялілася жыхарка аграгарадка Нарач Вольга. — Нават грошы адкладваю. Усё ёсць, што патрэбна, прычым можна выбраць…

Ёсць попыт на прадукцыю — прыязджай і рэалізуй. Гэтай магчымасцю скарысталіся многія сельгаспрадпрыемствы. Напрыклад, са свінагадоўчага комплексу «Брусы» прывезлі мяса. Адразу выстраілася чарга. Аднак свініны было шмат, кожны мог выбраць сабе кавалачак даспадобы. З задавальненнем куплялі людзі і прадукцыю Пастаўскага малаказавода. «Жывую рыбу» прывезлі з рыбгаса «Навінкі». Карпы і таўсталобікі карысталіся попытам.

А вось аўтамашына райПО.

— Чым гандлюеце? — цікаўлюся ў прадаўца.

— Прывезлі на кірмаш бульбу, моркву, буракі, капусту, яблыкі, журавіны, — адказвае Надзея Бабіч, якая працуе нарыхтоўшчыкам.

— Ці купляюць людзі?

— Так, купляюць паціху. Цэны прымальныя. Бульбу, напрыклад, прадаём на 2,5 тысячы за кілаграм, журавіны — па 37 тысяч, капусту — па 4 тысячы, — чую ў адказ.

Побач стаяла аўтамашына са Столінскага раёна.

— Што вы прывезлі на кірмаш? — пытаюся.

— Моркву, буракі, капусту, бульбу. Усё вырашчана на сваім участку. У нас рэалізаваць складана, бо вырошчваннем агародніны займаюцца многія, вось і возім у іншыя месцы Беларусі, — адказвае прадавец Іван.

Ладная чарга выстраілася ля аўтамабіля, на якім прывезлі сваю прадукцыю работнікі Ракаўскай птушкафабрыкі. Яйкі, мяса курэй і індыкоў, паўфабрыкаты з мяса птушкі.

Пшаніцу, ячмень даставілі на кірмаш з ТАА «Нарацкая ніва-2004». Толькі паспяваў пот з ілба выціраць шафёр, які падаваў мяшкі з кузава. Некаторыя бралі па некалькі мяхоў збожжа. Яно і зразумела. Цэны памяркоўныя. Ячмень прадавалі па 2060 рублёў за кілаграм, а пшаніцу — па 2420 рублёў.

— Адзін чалавек пад’ехаў і купіў мо чатыры мяхі ячменю і пяць пшаніцы, — зазначае старшыня прафкама таварыства Іосіф Жалубоўскі.

З ААТ «Будслаўскае» прывезлі бульбу. Ля машыны таксама тоўпіліся людзі.

— Які сорт бульбы прадаеце? — пытаюся ў прадаўца Марты Алесенкі, якая працуе ў таварыстве бухгалтарам.

— «Журавінку», — адказвае яна.

— Ці купляюць?

— Не вельмі актыўна, але бяруць пакрыху, — уступае ў размову вадзіцель аўтамашыны Вікенцій Канопскі.

— Мо цана высокая?

— Не, па 2200 рублёў за кілаграм просім, — адказвае Марта Міхайлаўна.

А побач стаяла аўтамашына з бульбай з ААТ «Свір-Агра». Свіране прывезлі на кірмаш бульбу сорту «Рагнеда».

Як заўсёды, карысталіся попытам у пакупнікоў мясная прадукцыя з каўбаснага цэха ААТ «Занарацкі». Вялікі быў выбар са­джанцаў, кветак.

Шумеў, гудзеў кірмаш. Пакупнікі праходзілі па гандлёвых радах, цікавіліся той ці іншай прадукцыяй і цаной на яе, набывалі неабходныя прадукты на зіму. Выбар быў шырокім, і нарачанцы засталіся задаволенымі прадстаўленай прадукцыяй і зробленымі пакупкамі.

* * *

ШМАТЛЮДНЫМ быў кірмаш у суботу 10 кастрычніка ў Мя­дзеле. На гарадскім рынку, а таксама на вуліцы Заазёрнай райцэнтра сваю прадукцыю прадставілі як асобныя сельгасарганізацыі раёна, так і індывідуальныя прадпрымальнікі.

З ААТ «Зані» прывезлі ячмень і яла­вічыну. Эканаміст таварыства Таццяна Лосік і загадчыца склада Людміла Кавальчук ветліва і тактоўна адказвалі на шматлікія пытанні пакупнікоў, раілі, падказвалі, прапаноўвалі прывезеную прадукцыю. А таму і гандаль ішоў бойка.

З ПСГ «Дзягілі» на кірмаш прывезлі ячмень і трыцікале. Ячменем гандлявалі прадстаўнікі ААТ «Слабодская зара». А вось са Сватак прывезлі ячмень і пшаніцу. Доўга сваткаўцам стаяць не давялося. Іх прадукцыю раскупілі вельмі хутка. Прадстаўнікі ААТ «Свір-Агра» гандлявалі бульбай. Клубні з гэтай гаспадаркі людзі купляюць з ахвотай. Прываблівае і цана, і якасць.

Асобна хочацца адзначыць работнікаў Крывіцкага рознічна-гандлёвага прадпрыемства. Гэта яны водарам духмяных шашлыкоў прыцягвалі да сябе пакупнікоў. Прычым шашлыкі былі з курыцы і свініны. Жадаючыя мелі магчымасць паспытаць духмяную юшку, якую таксама прапаноўвалі гандляры Вікторыя Каранеўская і Галіна Роза.

Кастрычнікі холад у гэты дзень  «разганялі» песні і жарты, якія прывезлі на кірмаш самадзейныя артысты. Напярэдадні свайго прафесійнага  свята — Дня работнікаў культуры — на кірмашнай сцэне працавалі Віктар Назаранка, Алена Грышкевіч, Жанна Талкановіч, Валерый Драгун і іншыя. Яны дарылі добры настрой усім, хто суботнім ранкам на рынку райцэнтра рабіў пакупкі, запасаўся сельскагаспадарчай прадукцыяй.

Варта сказаць, што ў суботу ля магазіна «Еўроопт» у Мядзеле адбыўся таксама сацыяльны кірмаш-прэзентацыя сельскагаспадарчай прадукцыі для маламаёмасных грамадзян і інвалідаў. Тут можна было набыць сокі, моркву, цыбулю, кавуны, вырашчаныя на палетках сялянскай гаспадаркі «Антэй-сад». Невялікія памерамі, але вельмі салодкія кавуны карысталіся асаблівым попытам. Многія выказвалі шчырыя словы падзякі ў адрас майстра цэха натуральных сокаў Галіны Хоміч, якая прадавала прадукцыю сялянскай гаспадаркі.

Затрымліваліся людзі і ля выставы-продажу прадукцыі «Аптэкарскага сада» ЗАТ “БелАсептыка”, дзе вырошчваюць сотні відаў вострых прыпраў, лекавых, дэкаратыўных і рэдкіх раслін, сабраных з усяго свету.

У суботні дзень адбыліся кірмашы таксама ў Нарачы, Крывічах і Свіры.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Кавуны мя­дзяльчанам прапаноўвала Галіна Хоміч; 2. Духмянай юшкай частавалі Вікторыя Каранеўская і Галіна Роза; 3. Праведзеным кірмашом нарачанцы засталіся задаволены;  4. Святочны настрой на кірмашы ў Мядзеле ладзілі Віктар Назаранка, Алена Грышкевіч, Жанна Талкановіч і Валерый Драгун.

Фота Георгія Прысмакова.



16 кастрычнiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  223_ 84 Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси