“Каб выглядалі прыстойна і прывабна” | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

“Каб выглядалі прыстойна і прывабна”

НА Міншчыне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Адпаведнае распараджэнне падпісаў старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. З 1 кастрычніка па 1 лістапада 2015 года самая пільная ўвага надаецца тэрыторыям, замацаваным за гарадскімі і сельскімі арганізацыямі, прадпрыемствамі і ўстановамі, пустуючым сядзібам.

У рамках месячніка актывізуецца работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і тэрыторый арганізацый, пасадзяць дрэвы і кусты, ліквідуюць несанкцыянаваныя звалкі смецця.Самым прыдзірлівым позіркам павінна акінуць тэрыторыі сваіх аб’ектаў кіраўніцтва сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, раённага спажывецкага таварыства. Шмат работы яшчэ ў адпаведных службаў у плане навядзення парадку на прыдарожных і лесапалосах. Пустазелле не павінна акружаць трансфарматарныя падстанцыі, фермы, машынныя двары.

Што робіцца ў гэтым накірунку на тэрыторыі Занарацкага сельсавета? Менавіта з гэтага пытання і пачалася размова са старшынёй сельвыканкама Уладзімірам ЗЕЛЯНКЕВІЧАМ:

— На працягу першага тыдня месячніка на тэрыторыі сельсавета спілавана пяць стараўзроставых аварыйных дрэў: два — у вёсцы Пронькі і тры — у Буйках. Наведзены адпаведны санітарны падарак у аграгарадках Сырмеж і Старлыгі. Пастаянна праводзіцца работа па ўборцы апаўшага з дрэў лісця ля адміністрацыйных будынкаў.

— Уладзімір Іванавіч, вы коратка назвалі, што зроблена за першы тыдзень месячніка. Але ў планах, напэўна, ёсць яшчэ шмат аб’ектаў, дзе неабходна папрацаваць. Некалькі слоў, калі ласка, пра гэта.

— Сапраўды, на працягу месячніка запланавана выканаць вялікі аб’ём работы па добраўпарадкаванні. Хочам агледзець усе могілкі. Дзесьці варта падрамантаваць агароджу, дзесьці замяніць яе, пафарбаваць. Намечана ачысціць кантэйнеры для смецця, якія ўстаноўлены ля могілак. Увогуле, добраўпарадкаванню гэтых аб’ектаў будзе нададзена асаблівая ўвага. Яно і зразумела, у пачатку лістапада адзначаюцца памінальныя дні, калі людзі праходзяць на гэтыя святыя месцы, каб прыбраць магілкі, прыгадаць продкаў.

— Уборка стараўзроставых дрэў. Хто займаўся гэтай справай?

— Фінансаваў работу сельвыканкам, а непасрэднымі выканаўцамі былі альпіністы з Вілейкі.

— Думаю, што добраўпарадкаваннем вы займаецеся не толькі на працягу месячніка…

— Безумоўна. Гэта работа праводзіцца круглы год. Узяць, напрыклад, могілкі ў аграгарадку Занарач. На іх спілаваны практычна ўсе старыя дрэвы, распачалі ўстаноўку новай металічнай агароджы. І гэта работа будзе працягвацца.

На тэрыторыі сельсавета 21-ы грамадзянскія могілкі, якія практычна знаходзяцца на балансе сельвыканкама. Можаце ўявіць, які аб’ём работы даводзіцца выконваць, каб падтрымліваць парадак на гэтыя месцах. Пастаянна абкошваем траву, вывозім смецце, рамантуем агароджы.

Ёсць у нас два воінскія пахаванні Першай сусветнай вайны ў вёсцы Чарэмшыцы, нямецкіх салдат — у Проньках, аглядавыя стаянкі. Ля вёскі Каракулічы таксама пахаванне нямецкіх салдат. І паўсюдна трэба падтрымліваць чысціню і парадак.

На працягу года мэтанакіраваная работа праводзілася па зносе старых дамоў. Ліквідавана 10 пабудоў. Важкую дапамогу ў гэтай справе адказалі нам спецыялісты Мядзельскай ПМС. Дарэчы, толькі адзін дом знесены за кошт насельніцтва, а астатнія фінансаваў сельвыканкам. Праводзілі кансервацыю некаторых будынкаў у Астраўлянах, Буйках.

Важным накірункам на навядзенні парадку на зямлі стала барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага. Ёсць у нас такія ўчасткі ля вёсак Астраўляны, Буйкі, Сырмеж, Няверавічы, Сідаравічы. Для яго знішчэння прымянялі і хімічныя сродкі, і механічныя метады.

— Уладзімір Іванавіч, ці прыцягвалі да добраўпарадкавання населеных пунктаў мясцовае насельніцтва?

— Абавязкова. Многія добраахвотна ўключаліся ў гэта справу, а асобным даводзілася накіроўваць прадпісанні. Іх выдадзена больш за 130. Накіроўвалі прадпісанні і арганізацыям, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Напрыклад, прадпісанне па знішчэнні баршчэўніка накіравалі кіраўніцтву базы адпачынку “Іванькі”. І яно было выканана ва ўстаноўлены тэрмін.

За кошт насельніцтва таксама былі спілаваны старыя дрэва на могілках. Людзі самі збіралі сродкі, наймалі альпіністаў.

Насельніцтва за ўласныя сродкі замяніла прыкладна 500 метраў агароджы ля сваіх сядзіб. На працягу года пастаянна праводзіўся ямачны рамонт вуліц і дарог адпаведнымі дарожнымі службамі.

Праблемай для вяскоўцаў з’яўляецца ўтылізацыя бытавога смецця. Намі ліквідавана 38 несанкцыянаваных звалак. Асабліва шмат давялося папрацаваць пры ліквідацыі звалкі ў вёсцы Буйкі. За дапамогай нават звярталіся да ПМС.

Зараз праводзім мэтанакіраваную растлумачальную работу з насельніцтвам па заключэнні дагавораў на вываз смецця жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Дзе ўдаецца, то ўстанаўліваем кантэйнеры, як у вёсцы Каракулічы. Гэта пытанне прапрацоўваем і ў вёсцы Няверавічы. Увогуле, клопатаў па навядзенні парадку на зямлі хапае. І мы робім усё магчымае, каб кожная вёсачка, кожны вытворчы аб’ект выглядалі прыстойна і прывабна.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



14 кастрычнiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 Царква ў Крывічах Касцёл у Шэметава   dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси