Справа мужных і адказных

ВА ўсіх тэрытарыяльных арганізацыях грамадскага аб’­яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” створаны і працуюць маладзёжныя атрады аховы правапарадку (МААП), членамі якіх з’яўляюцца актывісты ГА “БРСМ”. На Мядзельшчыне таксама арганізавана іх дзейнасць. Пра работу мясцовага МААП гутарым з яго камандзірам — ІІ сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Анжалікай ЛУКАШЭВІЧ і куратарам — старшым інспектарам па дазвольнай рабоце аддзялення аховы правапарадку і пра­філактыкі РАУС —Вадзімам МАСКЕВІЧАМ.

 — У чым сутнасць дзейнасці маладзёжных атрадаў аховы правапарадку?

А. Л.:

— МААП — аб’яднанне членаў  БРСМ, якія прымаюць удзел у ахове правапарадку, прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўнагадовых і моладзі, рэалізацыі патрыятычных праектаў нашага грамадскага аб’яднання. Членства ў МААПе дазваляе маладым людзям быць актыўнымі ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў, якія праводзіць арганізацыя, а таксама рыхтавацца да паступлення ў ВНУ Міністэрства ўнутраных спраў і на факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі, праходжання тэрміновай вайсковай службы, садзейнічаць міліцыі ў ахове грамадскага парадку.

В. М.:

— Дадам, што байцы атрада ўдзельнічаюць у ахове правапарадку сумесна з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Пры неабходнасці забяспечваюць грамадскі парадак падчас правя­дзення грамадска-масавых мерапрыемстваў, нясуць дзяжурства ў месцах масавага адпачынку моладзі.

— Каго прымаеце ў свае рады?

А. Л. :

— У асноўным гэта актывісты БРСМ: як школьнікі, так і працуючая моладзь. На цяперашні момант атрад налічвае каля сотні членаў (удакладняем спісы па школах). Імкнёмся далучыць да гэтай дзейнасці ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, каб у кожнай школе былі МААПаўцы. Яны складаюць большую частку атрада. Адсочваем, каб жадаючыя не прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. І, канечне, узрост — трэба мець 16 год.

— Каб выходзіць на дзяжурства, трэба валодаць, напэўна, нейкай падрыхтоўкай?

В. М.:

—  Так. Для гэтага рэгулярна праводзіцца тэарэтычная і практычная вучоба. Збіраю байцоў атрада і праводжу заняткі, дзе даю неабходныя юрыдычныя веды, расказваю пра аказанне першай медыцынскай дапамогі, цікавасць выклікае і фільм пра гісторыю стварэння гэтага руху. Члены МААП ніколі не выходзяць на патруляванне адны. За імі заўсёды замацоўваюцца нашы супрацоўнікі, да таго ж, з маладымі людзьмі праводзіцца падрабязны інструктаж: на што звяртаць увагу, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі.

— Як спраўляюцца члены МААП з пастаўленымі задачамі?

В. М. :

— Нядрэнна. Апошняе мерапрыемства, дзе яны ўдзельнічалі — Свята горада, якое адбылося ў верасні. Летам мы іх задзейнічалі падчас Свята возера.

А. Л.:

— Хачу пахваліцца нашымі дасягненнямі. Мінулай зімой на злёце камандзіраў і актыву МААП Міншчыны Дзмітрый Варабей стаў лепшым у конкурсе па зборы магазіна на час. Гэты злёт штогадовы, стараемся ў ім удзельнічаць, бо,  акрамя ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах і такіх, як збіранне-разбіранне аўтамата, збор магазіна, стральба з паветранага пісталета, маладыя людзі могуць абмеркаваць дзейнасць МААП, праблемы, з якімі даводзілася сутыкацца падчас выканання сваіх абавязкаў. Названы злёт праходзіў на базе в/ч 3310 (в/г Ваколіца), таму для ўдзельнікаў была праведзена экскурсія па тэрыторыі, ім паказалі казармы, бібліятэку, алею Славы.

— Што, акрамя ўзгаданага, дае маладым людзям членства ў МААП?

А. Л.:

— Акрамя ўдасканалення сваіх ведаў у вобласці юрыспрудэнцыі і арганізацыі работы праваахоўных органаў, члены атрада, якія ўзорна выконваюць ускладзеныя на іх задачы па ахове правапарадку, маюць магчымасць атрымаць рэкамендацыі цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” для праходжання службы ва Узброеных Сілах, унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

В. М.:

— Трэба мець на ўвазе, што удзел у ахове правапарадку, абароне грамадзян ад супрацьпраўных замахаў — гэта грамадскі абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Гутарыла Іна ЯРЧАК.

Фота Георгія Прысмакова.



08 кастрычнiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь, Правапарадак

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

06-012 Касцёл у Мядзеле  Царква ў Слабадзе Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела