Валанцёры — за мір

БОЛЬШ за тыдзень на Мядзельшчыне знаходзіліся і працавалі валанцёры з міжнароднага лагера, створанага па ініцыятыве грамадскай арганізацыі “Народны саюз Германіі па доглядзе за вайсковымі пахаваннямі”. Пад дэвізам “Работа ў імя міру” яны працуюць у многіх краінах Еўропы. Да нас прыехала 29 чалавек. Гэта пяць студэнтаў і адзін суправаджаючы з Масквы, шэсць чалавек з Латвіі. З Германіі былі чатыры студэнты, два вадзіцелі аўтобуса і кіраўнік лагера Хольгер Хагеман. Беларусь прадстаўлялі студэнты Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа разам з двума выкладчыкамі нямецкай мовы Аленай Шамарынай і Таццянай Носавай, якія працавалі ў якасці перакладчыкаў.

Праграма знаходжання моладзі была даволі насычанай. У першы дзень праехалі па прапанаваных аб’ектах, вызначыліся з аб’ёмам работы і без прамаруджвання прыступілі да яе выканання. Шмат давялося завіхацца валанцёрам, каб навесці чысціню і парадак на вайсковым пахаванні нямецкіх салдат Першай сусветнай вайны ў лясным масіве ва ўрочышчы Калюга ля вёскі Лотва. Яшчэ большы аб’ём выканалі ля вёскі Ідоліна. Яна знаходзіцца ў Пастаўскім раёне, а вось да другім беразе рэчкі Мядзелка размешчана воінскае пахаванне. Дабрацца да яго было праблематычна. Валанцёры зрабілі кладку праз рэчку, скасілі траву, высеклі кустоўе, прывялі ў парадак надмагільныя пліты, камяні і крыжы, занеслі ў банк даных спіс пахаваных салдат, сфатаграфавалі  магілы. Потым у Германіі яны будуць шукаць сваякоў загінуўшых.

Працавалі валанцёры таксама на пахаваннях рускіх салдат ля вёскі Мінчакі, былой вёскі Навасёлкі (непадалёку ад аўтадрома горада Мядзел). Тут яны пафарбавалі крыжы, абнавілі агароджу. Навялі парадак і на могілках у вёсцы Нарач, лясным масіве курортнага пасёлка Нарач, вёсцы Канстанцінава Свірскага сельсавета.

Але не толькі адной працай жылі валанцёры. Была ў іх і культурная праграма. З экскурсіяй наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”. Цікавай была экскурсійная паездка з начоўкай у Бярэзінскі запаведнік. А ўзяць футбольныя матчы паміж камандамі валанцёраў і супрацоўнікаў райваенкамата, РАУС. У першым матчы ў напружанай барацьбе перамога дасталася прадстаўнікам Мядзельшчыны з лікам 8:6, а вось у другім — мацнейшымі былі госці. Яны выйгралі з лікам 6:3. Але, як гаварылі валанцёры, перамагла дружба.

Пасля заканчэння гульні да прысутных звярнулася першы сакратар райкама БРСМ Марына Апанасёнак. Яна расказала, што яблык са старажытных часоў у славянскай культуры з’яўляецца плодам, які сімвалізуе дастатак, міралюбнасць, вечную маладосць. Сувязь паміж яблыкам і яблыняй мае асаблівае значэнне. Яна адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў, імкненне дзяцей працягваць справы сваіх бацькоў.

Вясной сімвал кветкі яблыні стаў яркім акцэнтам рэспубліканскай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”, аб’яднаўшы ўвесь беларускі народ у год 70-годдзя Перамогі. Зараз моладзь нашай краіны праводзіць акцыю “Наш год — наш выбар!” Накіравана яна на кансалідацыю моладзі на аснове традыцый і асноўных прынцыпаў беларускай дзяржаўнасці. Акцыя працягвае эстафету добрых спраў моладзі, асацыіруючы яблыкі са знакам ураджаю пладоў працы і дасягненняў моладзі краіны, а таксама дасягненняў дзяржавы больш за  20 гадоў незалежнасці. Затым Марына Аляксандраўна ўручыла гасцям яблыкі, перавязаныя стужачкай, стылізаванай фарбамі нацыянальнай сімволікі.

Удалося пагутарыць і з кіраўніком лагера Хольгерам Хагеманам.

Ён расказаў, што асноўная мэта такіх акцый — догляд магіл, у якіх пахаваны  нямецкія салдаты. Догляд — гэта добраўпарадкаваць месцы пахавання, змайстраваць лавачку, паставіць агароджу, пафарбаваць, словам, навесці чысціню і парадак.

— Але не заўсёды толькі за нямецкімі. Трапляюцца пахаванні і рускіх салдат. Мы не ігнаруем, працуем і там, — кажа Хольгер. — Працуем за мір. Гэтымі акцыямі паказваем моладзі тыя страшныя ахвяры Першай і Другой сусветных войнаў. Варта, каб моладзь гэта заўсёды памятала і падобнае ніколі не паўтаралася. Сёлета разам працуюць юнакі і дзяўчаты з Расіі, Латвіі, Беларусі і Германіі. Яны сябруюць, маюць зносіны. Вельмі важна, каб моладзь разумела, што немцы — гэта не фашызм, што нямецкія юнакі і дзяўчаты, такія як і рускія, беларускія, латышскія і з іншых краін.

— Скажыце, калі ласка, хто фінансуе вашу арганізацыю? — цікаўлюся.

— Фінансаванне ідзе як за кошт дзяржавы, так і за кошт добраахвотных ахвяраванняў жыхароў нашай краіны. Першы раз лагер быў арганізаваны ў 1999 годзе ў Германіі. Потым некалькі разоў ездзілі ў Латвію. У 2007-ым годзе працавалі ў Румыніі. Брэсцкія студэнты ўдзельнічаюць у такіх акцыях з 2008-ым года. За гэты перыяд былі ў экспедыцыях у Германіі, Румыніі, — адказвае Хольгер.

— А ў Беларусі працуеце ўпершыню?

— Не. Некалькі гадоў таму былі добраўпарадкаваны могілкі часоў Першай сусветнай вайны ля вёскі Тамашоўка Брэсцкага раёна. Летась працавалі ў вашым раёне на вышыні 217 непадалёку ад вёскі Пасынкі. А вось сёлета добраўпарадкуем могілкі і брацкія пахаванні. У Беларусь нам падабаецца прыязджаць. Тут вельмі гасцінныя, шчырыя, добразычлівыя людзі. Ёсць што паглядзець. У мінулым годзе, напрыклад, пашчасціла ўбачыць ваенны парад у Мінску 3 ліпеня. Сёлета ў нас таксама вельмі багатая праграма наведвання цікавых мясцін Беларусі, — расказвае Хольгер Хагеман. — Хачу дадаць і выказаць словы падзякі афіцэрам райваенкамата на чале з ваенным камісарам Алегам Радкевічам. Яны прымаюць актыўны ўдзел у праекце, дапамагаюць вырашаць многія арганізацыйныя пытанні. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе працягвацца і надалей.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Удзельнікі экспедыцыі ля брацкага захавання рускіх салдат часоў Першай сусветнай вайны на могілках Навасёлкі; 2. Футбалісты (верхні рад — каманда “Валанцёры”, ніжні — “Сілавікі”.

Фота Георгія Прысмакова.



07 кастрычнiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 0-178 Сядзіба Максіма Танка  Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела