Безліч фарбаў і фантазіі | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Безліч фарбаў і фантазіі

ДОМ Вольгі Тадэвушаўны і Уладзіміра Міхайлавіча Аксютаў стаіць на ціхай вулачцы ў аграгарадку Княгінін. Наведаліся да іх сонечным вераснёўскім днём. Залівістым брэхам нас сустрэў невялічкі калматы сабачка, тут жа і гаспадыня выйшла. Супакоіў­шы дамашняга гадаванца, запрасіла прайсці ў двор.

Сядзіба Аксютаў — узорнага парадку. У пазамінулым годзе нават была прызнана лепшай у гэтым населеным пункце. Па словах старшыні Княгінінскага сельвыканкама Вольгі Галко, гаспадары круглы год клапоцяцца, каб каля хаты было прывабна і вельмі акуратна. Яшчэ адзін момант адрознівае падворак дбайных гаспадароў ад суседскіх — фантазія і творчы падыход у яго афармленні.

Вочы разбягаюцца ад убачанага: мноства кветак, дэкаратыўных і пладовых кустоўяў, дрэў, ліхтарыкі, фантан з качанятамі (праўда, цацачнымі), драўляны масток, пальма, гамак, буслянка з бусламі, арэлі… Гэта ж колькі працы тут укладзена!

—   Адкуль чэрпаеце натхненне для такой прыгажосці? — пытаюся ў Вольгі Тадэвушаўны.

—     Зараз стараемся больш для ўнукаў, іх у нас пяцёра, шостага чакаем, — расказвае жанчына. — Яны на лета да нас прыязджаюць, таму, напрыклад, вось гэты фанерны домік (паказвае на размаляваную ў сонейкі, са званочкам, акенцам і дзверцамі невялічкую пабудову) муж з сынам рабілі спецыяльна для меншых. Да нас і суседскія дзеці наведваюцца. Бывае, да дзесяці чалавек у садзе збіраецца. Шумна, весела!

Зазірнула ў домік. На мініяцюрным століку, крэсле, на засланай “дываном” падлозе ў чаканні дзяцей застылі розныя цацкі. Падумалася, што  так, напэўна, выглядае мара кожнага дзіцяці — мець свой (без доступу дарослых) куточак. Побач — арэлькі, пясочніца.

У гаспадыні таксама ёсць сярод гэтага хараства любімае месца. Яно знаходзіцца каля фантанчыка, які ўсталявалі ў мінулым годзе. Стаміўшыся, вельмі прыемна прысесці пад навес на садовыя арэлі, паслухаць супакойваючае журчанне вады, удыхаць прыемны водар кветак… Дарэчы пра кветкі. Іх на ўчастку вялікае мноства: каля платоў, дрэў, сцяжынак.

—   Вы б летам да нас прыехалі, — кажа Вольга Тадэвушаўна. — Ужо многія адцвілі. Сярод кветак любімых не маю, усе па-свойму прыгожыя. І мнагалетнікі, і аднагадовыя. Іх шмат, назвы некаторых нават не памятаю. Давайце я вас малінамі пачастую, — раптам прапаноўвае жанчына.

Ідзём на другі бок сядзібы. І сапраўды, на галінках малінніку вісяць ярка-чырвоныя, буйныя ягады. А смачныя! Побач заўважылі яшчэ расліны, аказалася, што гэта садовыя журавіны. І не ведала, што такія ягады можна каля дому вырошчваць.

З далейшай размовы даведваюся, што ў гаспадароў трое дзяцей: сын Віталій і дзве дачкі — Людміла і Іна. У кожнага ёсць сям’я, дзеці. Усе прыязджаюць, дапамагаюць. Вольга Тадэвушаўна на пенсію пайшла з пасады прыёмнай маці (выхоўвала дваіх хлопчыкаў), а Уладзімір Міхайлавіч амаль усё жыццё адпрацаваў вадзіцелем на газанапаўняльнай станцыі. Сядзіба для іх — аддушына, тут яны і працуюць, і адпачываюць. Ідэі шукае жонка, а муж — рэалізоўвае. Трыццаць восьмы год жывуць разам.

—   Як вас звёў лёс? — цікаўлюся.

—   Я — з Крывічоў, а муж — з Камарова, што ля Будслава. Пазнаёміліся на вяселлі, — узгадвае Вольга Тадэвушаўна справы мінулыя. — А праз год гулялі ўжо сваё.

Спыталася і ў гаспадара пра яго любімае месца на сядзібе. Ула­дзімір Міхайлавіч сціпла адказаў, што яму ўсё падабаецца. Асабліва тое, што зроблена сваімі рукамі. А ганарыцца ёсць чым. Мы ўбачылі і барбекюшніцу з каменя, драўляны стол, пляцень, гараж. А які ж падворак без будкі для сабакі? У апошняй, дарэчы, любяць адпачываць каты, якіх тут пяцёра (і свае, і прыблукаўшыя). Яны з сабакам жывуць дружна. Як бы адчуваючы агульную гармонію, атмасферу любові і дабрыні, якую змаглі стварыць гаспадары.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: гаспадары Вольга Тадэвушаўна і Уладзімір Міхайлавіч Аксюты ў любімым куточку.

Фота Георгія Прысмакова.



02 кастрычнiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра dsc_5774-3 Рэчка Нарачанка        від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси