І сямейную ўрачыстасць адзначыць

Ці знойдзецца чалавек, які ніколі ў сваім жыцці не карыстаўся паслугамі грамадскага харчавання? Не хадзіў на абед у сталовую? Не праводзіў вечар з сябрамі альбо роднымі ў кафэ ці рэстаране, адзначаючы свята альбо сямейную ўрачыстасць? Напэўна, сярод нас такіх няма. І не дзіўна, бо грамадскаму харчаванню ва ўсе часы адводзілася значнае месца ў сістэме спажывецкай кааперацыі. У так называемы “савецкі” перыяд гэта нават было самастойнае структурнае падраздзяленне. Зараз аддзел грамадскага харчавання ў раёне падпарадкоўваецца ўнітарнаму прадпрыемству “Крывіцкае РГП”. Днямі сустрэлася з яго началь­нікам Юліяй БРОЎКА і папрасіла расказаць пра работу, людзей, якія працуюць у сферы, падзяліцца планамі на будучае:

— Пачну з таго, што сёння ў структуры грамадскага харчавання раёна знаходзіцца шэраг аб’ектаў. Гэта два рэстараны — у Мядзеле “Мястра” і ў курортным пасёлку На­рач “Азёрны”, тры піцэрыі “ХІТ” — у Мядзеле, Нарачы і Крывічах, два кафэ “Беларуская хата” — у Мядзеле і Нарачы, сталовыя “Мястра” і №1 у Мя­дзеле, кафэ “Паўлінка” ў аграгарадку Будслаў, бар “Хвілінка” ў аграгарадку Кнігінін,  два кандытарскія цэхі — у Мядзеле і ў курортным пасёлку Нарач. Пры апошнім ёсць і пякарня. Акрамя таго, на перыяд летняга адпачынку працавалі сезонныя кафэ.

— Край наш адметны, курортны. Сюды шмат людзей прыязджае на адпачынак — у здраў­ніцы, на аграсядзібы і дзікунамі. У тым ліку з-за мяжы: Расіі, Прыбалтыкі, іншых краін. Гарачынёй нярэдка хочацца спыніцца па дарозе, каб адпачыць, крыху падсілкавацца, купіць вады, марожанае. Дзе ў нас можна было гэта зрабіць?

— Арганізацыі прыдарожнага сэрвісу таксама ўдзялялі ўвагу. Палаткі на вуліцы працавалі ў летні перыяд пры кафэ “Беларуская хата” ў Мядзеле, а ў курортным пасёлку пры кафэ “Беларуская хата” і “Сустрэча”. Там можна было купіць шашлыкі, барбекю, стэкі, безалкагольныя напіткі  ў шырокім асартыменце, сокі, марожанае. А ў “Сустрэчы” —  яшчэ і піва на разліў, медавуху, квас…

— У нас на Мядзельшчыне ў апошнія гады адкрыта серыя піцэрый “ХІТ”. Ці карыстаюцца яны попытам? Што прапануюць сваім наведвальнікам?

— Першая піцэрыя адкрылася ў Мядзеле крыху больш двух гадоў таму. Размясцілася яна ў будынку былога кафэ “Лакамка”. Пасля правядзення адпаведных будаўнічых работ, еўрарамонту памяшканне стала проста не пазнаць. Устаноўлена новая прыгожая мэбля, сучаснае імпартнае абсталяванне. Па душы наведвальнікам інтэр’ер, утульнасць. Вялікая заслуга ў гэтым будаў­нічай брыгады райПО, электрыкаў і, вядома, старшыні праўлення Аксаны Мікалаеўны Грузд, якая пастаралася, каб у нашым гора­дзе было культурнае месца для адпачынку ўсёй сям’ёй. Задавальняе жыхароў і гасцей горада рэжым работы піцэрыі — з 10.00 да 22.00, а таксама разнастайнае меню, у якім вялікі выбар піц: і па складзе інгрэдыентаў, і па цане, сокаў, напіткаў, дэсертаў, кандытарскіх вырабаў. Акрамя таго, тут можна паабедаць, заказаўшы гарачыя стравы, гарніры, салаты. Ды і проста выпіць кубачак кавы, чаю, з’есці марожанае. На ўзроўні і культура абслугоўвання. Частыя наведвальнікі піцэрыі ўлетку бабулі з унукамі. Прыходзяць і сем’і. Пазней піцэрыі адкрыліся ў курортным пасёлку “Нарач” і ў Крывічах. Дарэчы, яны таксама запатрабаваныя.

— Напэўна, карыстаюцца попытам у мясцовага насельніцтва Княгініна бар “Хвілінка”, а Будслава кафэ “Паўлінка”?

— Так, гэтыя ўс­тановы грамадскага харчавання таксама папулярныя. Сюды прыходзяць людзі, каб адсвяткаваць дзень нараджэння, іншыя даты, проста пасядзець і культурна адпачыць. Акрамя таго, многія тут заказваюць правядзенне розных урачыстасцей — юбілеяў, вяселляў. Дарэчы, у піцэрыі ў Крывічах таксама пад заказ арганізуюцца такія мерапрыемствы. Каб прыцягнуць больш наведвальнікаў, асабліва моладзі, у культурна-забаўляльны цэнтр “Азёрны”, у жніўні праводзілі там тэматычныя дыскатэкі.

— Юлія Леанідаўна, скажыце, калі ласка, што новае з’явілася апошнім часам у рабоце ўстаноў грамадскага харчавання?

— Вобласць нам даводзіць план “Стравы тыдня”. Згодна з ім, штотыдзень мяняем у рэстаранах і кафэ пералік страў, якія закладваем у меню. Гэта першае нова­ў­вядзенне. Па-другое, даводзіцца план на выраб уласнай прадукцыі, якую рэалізоўваем праз рознічны гандаль. Тыя ж пельмені, галубцы, іншыя паўфабрыкаты, розныя кандытарскія вырабы, якія прадаём праз магазіны, іншыя аб’екты грамадскага харчавання са скідкай. Па-трэцяе, у рэалізацыі напіткаў 80% павінна займаць айчынная прадукцыя, а толькі 20% — імпартная, а не наадварот, як было да нядаўняга часу.

— Адкрытыя піцэрыі прыгожыя, сучасныя. Гэта падабаецца наведвальнікам. А ці паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ін­шых аб’ектаў?

— Пакрысе даходзяць рукі і да пераабсталявання іншых аб’ектаў, хоць на гэта трэба значныя выдаткі. У хуткім часе плануем пачаць рамонтныя работы ў памяшканні бара “Рубін”, дзе бу­дзе функцыянаваць більярдная зала. Мяркуем, што пойдзе туды моладзь. Летась адрамантавалі сталовую “Мястра” ў Мя­дзеле. Памянялі абсталяванне, устанавілі новую лінію раздачы, абнавілі мэблю. У планах на перспектыву — пераабсталяванне пад піцэрыю памяшкання кафэ “Якар” у Свіры. Збіраемся зрабіць рамонт у рэстаране “Мястра” горада. Памяняць інтэр’ер, мэблю.

— Вядома, у любой справе шмат залежыць ад кадраў. Раскажыце, калі ласка, крышку пра сваіх падначаленых. Як працуюць, чым вызначаюцца?

— Шмат у нашай сістэме працуе шчырых, добрасумленных лю­дзей. З вялікім стажам работы повары: сталовай №1 Ларыса Мікалаеўна Гардон, рэстарана “Мястра” Арыядна Валянцінаўна Кавальчук, сталовай “Мястра” Леаніда Фаўсцінаўна Роўда, кандытар Зоя Аляксандраўна Гудкова. Старанныя работнікі падабраліся ў піцэрыях. З моманту адкрыцця піцэрыі “ХІТ” у Мядзеле працуюць барменамі-афіцыянтамі Анастасія Валяр’янаўна Амельяновіч і Наталля Пятроўна Азарка. Сумленна выконваюць свае абавязкі, тактычныя з наведвальнікамі. Толькі добрае магу сказаць пра бармена рэстарана “Азёрны” Дзіяну Генадзьеўну Шчамель. Залатыя рукі ў барменаў кафэ “Паўлінка” ў Будславе Ірыны Юр’еўны Мацюшонак і бара “Хвілінка” ў Княгініне Іны Віктараўны Хацяновіч. Пры неабходнасці жанчыны абавязкі і афіцыянта, і повара выконваюць, каб задаволіць попыт наведвальнікаў установы. Чыс­ціню і парадак у памяшканнях наводзяць прыбіральшчыцы. На добрым рахунку Ганна Ста­ніславаўна Батракова з рэстарана “Мястра”. Стараюцца і іншыя работнікі. Проста немагчыма пералічыць усіх, хто гэтага заслугоўвае, хоць можа і трэба было б.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



21 верасня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

від на Мядзел     Паруснікі                          Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси