Мы не хочам вайны!

Вайна — гэта заўсёды страшна. Гэта боль і слёзы, голад і суровыя выпрабаванні, цяжкасці і пакуты. Хто перанёс іх, ніколі не забудзе, якой дарагой цаной заваяваны мір на зямлі і як важна яго берагчы.

Нядаўна ў Мядзельскім музеі Народнай славы была арганізавана выстава “Нябачныя помнікі вялікай вайны”. На ёй экспанаваліся фотаработы ўраджэнца Пастаўшчыны Андрэя Мацура, прысвечаныя Першай сусветнай вайне. Яны — вынікі яго вандровак па шэрагу раёнаў Беларусі. У тым ліку Мя­дзельскага, Пастаўскага, Вілейскага, Смаргонскага, Бабруйскага і Баранавіцкага. Аб’ектыў занатаваў сляды, якія пакінула Першая сусветная вайна ў мясцінах, дзе ён пабываў. А гэта розныя абарончыя збудаванні, знойдзеная салдацкая табакерка, іншыя рэчы, якія належалі рускім і нямецкім салдатам…

А колькі памятных знакаў, сімвалаў засталося пасля Вялікай Айчыннай вайны, не злічыць! Пра яе апавядаюць кнігі і кіна­фільмы, помнікі і абеліскі, а таксама твары людзей, якія зведалі на сабе суровы нямецкі парадак і жыццё пры акупацыі. У вачах герояў мінулай вайны — боль за людскія і матэрыяльныя страты. Але разам з тым і гонар — за мір на нашай шматпакутнай зямлі, за шчаслівае дзяцінства і смех дзятвы. У зморшчынах — перанесеныя выпрабаванні падчас франтавых шляхоў і партызанскіх будняў, наступленні і гібель баявых таварышаў, спаленыя вёскі і мірныя ахвяры…

У кожнай сям’і свая памяць пра вайну: фотаздымак загінуўшага мужа, сына, брата, якія назаўсёды засталіся маладымі, перавязаны стужачкай стосік пісьмаў-трохкутнікаў, дасланых з фронту і парадкам пачарнеўшых ад часу, пакладзеная ў далёкую скрынку гімнасцёрка, скрыначка з узнагародай, якую няма каму насіць…

Вайна нанесла нашай краіне незагойныя раны. Кожны трэці яе жыхар не вярнуўся з палёў бітвы. Вялікія чалавечыя і матэрыяльныя страты панесла і Мядзельшчына. Захопнікі вывезлі на катаржныя работы ў Германію звыш 3000 чалавек, знішчылі каля 4000 мірных жыхароў. На фронце загінула 1185 нашых землякоў, 468 чалавек прапалі без вестак. Многія  і цяпер шукаюць адзін аднаго, чакаюць дадому з вайны. Шмат выпрабаванняў вынеслі на сваіх кволых плячах дзеці, жанчыны, старыя людзі. Іх выратавала толькі вера ў доўгачаканую Перамогу над лютым і каварным ворагам.  І яна сапраўды прыйшла, роўна 70 год таму.

Як хочацца, каб побач  з намі не было кровапраліццяў. Каб толькі мірнае неба ласкава асвятляла шлях на карысць роднаму гораду, раёну, нашай любай Беларусі. Дык давайце разам возьмемся за рукі і пакажам тым, каму не сядзіцца спакойна, хто імкнецца пасеяць між народамі новыя войны, што мы — сіла. Мы даражым сваім гераічным мінулым, людзьмі, якія прынеслі на алтар Перамогі свае жыцці, і імкнёмся быць падобнымі да іх. У імя светлай памяці аб загінуўшых і ў знак гонару і пашаны за жывых!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



14 верасня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела