У полі зроку — бяспека

АБЛАСНЫ Дзень аховы працы прайшоў на базе раённага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка». У ім прынялі ўдзел першы намеснік генеральнага дырэктара ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці» Юрый Гумінскі, галоўны спецыяліст аб’яднання Мікалай Някрасаў, старшыня Мінскага гаркама прафсаюза работнікаў мясцовай  прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Аляксандр Скрыннік, рэдактар часопіса «Ахова працы і сацыяльная абарона» Аляксей Седзюкевіч, намеснік дырэктара Рэспубліканскага фонду «Праца і здароўе» Віталій Бугаенка, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Варабей, галоўныя інжынеры, інжынеры па ахове працы прадпрыемстваў ЖКГ рэгіёнаў вобласці.

Ахова працы з’яўляецца адным з важнейшых напрамкаў ва ўсіх сферах дзейнасці. Даволі складанай па ўмовах лічыцца жыллёва-камунальная гаспадарка. Тут людзям даводзіцца працаваць у падвальных памяшканнях і на дахах, мець справу з катламі і станкамі, з электраправадамі і трубамі, з тэхнікай і агрэгатамі. Таму, каб засяродзіць увагу на пытаннях тэхнікі бяспекі, упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама штоквартальна праводзіць выязны Дзень аховы працы. На гэты раз ён праходзіў на Мядзельшчыне.

Спачатку ўсе сабраліся ў гарадскім Доме культуры. Выконваючы абавязкі дырэктара РВУП «Мядзельская ЖКГ» Уладзімір Шабовіч праінфармаваў удзель­нікаў мерапрыемства пра іфраструктуру, асноўныя эканамічныя, сацыяльныя напрамкі развіцця Мядзельшчыны. Больш падрабязна расказаў пра дзейнасць жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— У сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна працуе 565 чалавек. Гэта самае вялікае прадпрыемства азёрнага краю, — падкрэсліў Уладзімір Аркадзьевіч.

На балансе камунальнікаў ёсць 29 кацельняў, якія абслугоўваюць каля 200 чалавек. З гэтага можна зразумець, што цеплавая гаспадарка — адно з галоўных падраздзяленняў. Яна дае 46 працэнтаў даходаў ад агульнай колькасці па прадпрыемстве. Затым ідуць водаправодна-каналізацыйная гаспадарка (36 %), саначыстка, абслугоўванне жылога фонду, добраўпарадкаванне. Дарэчы быў і відэа­фільм пра Мядзельшчыну, які з задавальненнем паглядзелі госці.

Віталій Бугаенка прэзентаваў прыстасаванні для аховы ад па­дзення пры рабоце на вышыні. Цікава расказаў пра часопіс Аляксей Седзюкевіч. Ён паведаў, якія матэрыялы можна будзе прачытаць у бліжэйшых нумарах.

Прыемна ўразіла, што асноўная частка Дня аховы працы прысвячалася практычнаму знаёмству з вучэбна-матэрыяльнай базай. Падчас яе наведвання ўдзельнікі семінара адзначалі высокі ўзровень арганізацыі работы па ахове працы, належнае вядзенне дакументацыі, афармленне нагляднасці, камфортныя бытавыя ўмовы з душавымі, месцамі для прыёму ежы, раздзявальнямі з індывідуальнымі шафамі, створаныя для працаўнікоў прадпрыемства. Госці пазнаёміліся з кабінетам і класам па ахове працы, з арганізацыяй работы па навучанні і праверцы ведаў. У арганізацыі работы па ахове працы ў цэлым, як адзначаў інжынер па ахове працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Леў Шчарбіцкі, вельмі важны тандэм з кіраўніцтвам. Неабходныя каментарыі і тлумачэнні падчас знаёмства давала таксама старшыня прафкама Марыя Мялешка.

Зазірнулі госці і ў сталярны цэх прадпрыемства. Начальнік вытворчага ўчастка Генрых Недзялеўскі прадставіў прадукцыю, якую тут выпускаюць. Расказаў ён і пра работу па прафілактыцы няшчасных здарэнняў, правядзенне інструктажоў. Усе маглі паглядзець, як праводзіцца распілоўка лесу. Пра арганізацыю і парадак работы на аб’екце грамадскіх інспектараў гаварыла ў сваім выступленні старшыня прафкама. Усяго на прадпрыемстве ёсць 26 грамадскіх інспектараў па ахове працы. Адзін з іх — Віталій Бабровіч — расказаў пра сваю дзейнасць.

Пракаменціравала ўбачанае інжынер па ахове працы Дзяржынскай ЖКГ Таццяна Беразко. Яна адзначыла, што тут сапраўды ёсць чаму павучыцца.

Наступны аб’ект наведвання — сартавальная станцыя цвёрдых бытавых адыходаў. Госці пазнаёміліся з яе работай, з арганізацыяй аховы працы і бяспечным выкананнем работ. Дарэчы, тут адпрацавалі ўводную: «Пажар на сартавальнай станцыі, ёсць пацярпеўшыя». Была праведзена эвакуацыя людзей. Зла­джана дзейнічалі пажарныя звенні, створаныя на аб’екце і прадпрыемстве. У лічаныя мінуты імі былі лакалізаваны ачагі загарання. Санітарнае звяно прадпрыемства таксама без прамаруджвання вынесла пацярпеўшага і пачало аказваць яму даўрачэбную дапамогу. А тым часам на аб’ект прыбылі баявыя разлікі з пажарнай аварыйна-выратавальнай часці і машына хуткай медыцынскай дапамогі. Застаецца дадаць, што і выратавальнікі, і медыкі дзейнічалі зладжана, аператыўна.

Далейшы маршрут ляжаў у курортны пасёлак Нарач. Па дарозе супрацоўнікі аддзела турызму НП «Нарачанскі» Вольга Жылкоўская і Аляксей Камолаў цікава расказвалі пра Мядзельшчыну, яе гісторыю і сённяшні дзень.

У курортным пасёлку госці наведалі гараж, дзе азнаёміліся з арганізацыяй работы па ахове працы на аўтатранспарце прадпрыемства. Намеснік галоўнага інжынера Сяргей Дзевялтоўскі расказаў пра перадрэйсавы медыцынскі агляд вадзіцеляў. Удзельнікі мерапрыемства пагля­дзелі, як праводзіцца мыйка аўтамашын, агляд тэхнікі, пазнаёміліся з работай дыспетчарскай. Падагульняючы ўбачанае, галоўны інжынер РУП «Лагойскі камгас» Аляксей Шчэрба сказаў: «Усё добра. Дзякуй. Ёсць чаму павучыцца. Тут створаны добрыя ўмовы. Вось бы так было паўсюдна…».

Затым паказалі арганізацыю аховы працы і ў час работы на вышыні пры правядзенні цеплавой рэабілітацыі жылога дома ў курортным пасёлку. Месца работы ачапілі спецыяльнай стужкай. Папярэдне быў выпісаны нарад-допуск на выкананне работ, праведзены мэтавы інструктаж, усе адпаведна экіпіраваны. Неабходныя тлумачэнні даваў намеснік дырэктара камунгаса па будаўніцтве Аляксандр Кісель. Варта зазначыць, што тут быў дапушчаны шэраг памылак, што і адзначыў у каментарыі прадстаўнік з Барысава.

Запомніцца ўдзельнікам мерапрыемства і экскурсія ў этнатурыстычны комплекс «Наносы-Наваселле». Уразілі іх музеі самавараў і манет, самагонаварэння, сялянскага побыту, антыкварных аўто, вятрак, вадзяны млын і многае іншае.

Больш дэталёвая размова аб стане аховы працы на прадпрыемствах камунальнай гаспадаркі вобласці адбылася на пленарным пасяджэнні, якое адкрыў і вёў намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскага аблвыканкама Юрый Гумінскі. З аналізам стану аховы працы і вытворчага траўматызму на прадпрыемствах ЖКГ вобласці за 7 месяцаў выступіў Мікалай Някрасаў. Ён падкрэсліў, што ў вобласці праведзены 854 рэйды. За парушэнні патрабаванняў Дырэктывы №1 скасаваны кантракты больш чым з 460 работнікамі.

Спецыялістамі па ахове працы выяўлена 6289 парушэнняў, выда­дзена 930 прадпісанняў, прыпынена эксплуатацыя 19 адзінак абсталявання, 27 чалавек адхілены ад работы за парушэнне патрабаванняў па ахове працы. Засяродзіў увагу прамоўца і на рабоце на аб’ектах са шкоднымі ўмовамі працы.

Слова меў таксама старшыня Мінскага гаркама прафсаюза работнікаў мясцовай  прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Аляксандр Скрыннік. Ён гаварыў пра выкананне запланаваных мерапрыемстваў па ахове працы, забяспечанасць сродкамі аховы, атэстацыю рабочых месцаў, работу грамадскіх інспектараў.

Ахова працы — адна з важнейшых задач, бо гэта, як адзначыў, падводзячы вынік семінара, Юрый Гумінскі, перш за ўсё сіс­тэма папярэджання вытворчага траўматызму. Традыцыйныя Дні аховы працы камунальнікаў вобласці не даюць пра гэта забываць, нагадваюць пра адказнасць за стан работы, разуменне таго, што ахова працы — неабходная, карпатлівая і пастаянная работа.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Удзельнікі абласнога Дня аховы працы на тэрыторыі РВУП “Мядзельская ЖКГ”; 2. За работай спецыялісты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці.

Фота Георгія Прысмакова.



10 верасня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Ахова працы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Царква ў Слабадзе _dsc1133-3 Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси