Гасцінная Прага

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Зразумееш тады, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць.

    Алесь Ставер.

Упэўніцца ў праўдзівасці слоў паэта вучні і настаўнікі гімназіі-інтэрната г. Мядзела змаглі падчас летніх канікулаў, здзейсніўшы замежнае падарожжа. Натхнілі нас турысты Нарацкіх школ №1 і №2, якія раней за нас “адкрылі дзверы ў Еўропу”, скарыстаўшыся паслугамі маладзечанскай турфірмы “Вегатур”. Сярод дастатковай разнастайнасці маршрутаў мы абралі Чэхію. Загадзя былі падрыхтаваны ўсе патрэбныя дакументы і адкрыты візы.

І вось мы ў дарозе. Да гімназіі быў пададзены шыкоўны аўтобус “Неаплан” мядзельскага прадпрыемства “Бескона”, і наша вя­лікая кампанія ў складзе 51 чалавека ўтульна размясцілася
ў ім. Мы праехалі Беларусь, Польшчу і амаль усю Чэхію, а падчас транзіту экскурсавод падрабязна расказвала пра гісторыю, культуру, геаграфію гэтых краін, пра іх славутых дзеячаў. Былі прапанаваны і адукацыйныя відэафільмы.

1200 км пераадолелі амаль непрыкметна. У ранішніх промнях сонца адкрылася перад намі сталіца Чэхіі. Прага зачаравала. Нездарма яе называюць не цэнтрам, а сэрцам Еўропы. Гэта вельмі рамантычны горад, які добра захаваўся з сярэднявечча. Крывыя брукаваныя вулачкі, палацы, шпілі, вежы, манастыры, храмы, вінаграднікі, карункавыя масты, пракладзеныя праз парожыстую Влтаву — усё гэта патыхае гісторыяй, авеяна легендамі і нагадвае казку.

Уражвала нас усё: і “прыкольная” чэшская мова (“Позор! Милиция воруе!” — гэта фраза сустракалася на кожным кроку, а перакладаецца яна як “Увага! Міліцыя папярэджвае!”), і мяккасць паветра, пры якой спякота ў +38 градусаў пераносілася куды лягчэй, чым у нас, і шчырасць, добрасумленнасць і прыязнасць чэхаў, якія, здаецца, бясконца ўлюбёныя ў свой край і стараюцца падзяліцца гэтай любоўю з усімі прыезджымі, і спосаб аплаты за карыстанне грамадскім транспартам, і чэшская кухня, і архітэктура, і пейзажы… Мы шмат хадзілі пешшу, даследуючы Старую і Новую Прагу, слухаючы тамтэйшых экскурсаводаў, наведваючы сувенірныя крамы, фатаграфуючы цікавасці. Пражыванне і харчаванне былі таксама на высокім узроўні.

Пабывалі і на гранатавай фабрыцы, дзе кожнаму з нас падарылі на памяць невялічкі гранацік, наведалі сярэднявечны палац Локет, які ў розныя часы з’яўляўся то рэзідэнцыяй каралёў, то турмой з адмысловымі камерамі катаванняў, з’ездзілі на знакаміты чэшскі курорт Карлавы Вары, які мае гарачыя мінеральныя крыніцы,  непаўторную архітэктуру, маляў­нічыя каланады для праменадаў, асвоілі новы для нас від транспарта — фунікулёр і нават пабывалі на “Эйфелевай вежы” (так-так, ёсць зменшаная, але дакладная копія парыжскай славутасці ў Празе на Пятрышынскіх узгорках).

Мяркую, кожны з нас пакінуў у гэтым дзівосным горадзе манетку — чэшскую крону — для таго, каб вярнуцца.

Застаецца сказаць словы шчырай удзячнасці за якаснае абслугоўванне і добрасумленнасць усяму калектыву турыстычнай фірмы “Вегатур” (г. Маладзечна), вядучаму спецыялісту фірмы Цімаховіч Ганне, якая была кіраўніком групы, вадзіцелям Сяргею Каўрусу і Дзянісу Антановічу. Вы падарылі нам незабыўныя ўражанні.

В. СЯКЛЮЦКАЯ.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія-інтэрнат г. Мядзела”, арганізатар паездкі.



10 верасня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Падарожжы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  wjx6x-f4hhi Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела