“Пасёлак мой родны, любімы бясконца”

САПРАЎДНЫ патрыёт не той, хто ва ўвесь голас заяўляе, як ён любіць Радзіму, а той, хто спрабуе нешта зрабіць, каб захаваць вытокі свайго мінулага для будучых пакаленняў, душой і сэрцам успрымае і разумее родную зямлю, даражыць ёю. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца старшыня Свірскага сельскага савета і жыхар гарадскога пасёлка Свір Віктар Субач, які каторы год ініцыіруе правядзення свята любімага населенага пункта. Вось і ў апошнюю суботу жніўня пасёлак стаў цэнтрам сапраўднага народнага гуляння: тут шчыра віталі адзін аднаго жыхары Свіры, далёкія і блізкія сябры і суседзі, словам — землякі, тыя, хто сваю родную старонку не забывае і лічыць яе самай прыгожай, гасціннай, светлым куточкам зямлі. Мерапрыемства праходзіла ў парку. Тут была ўстаноўлены імправізаваная сцэна, крэслы для гасцей. Вакол парку разгарнулі свае палаткі гандляры. Супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі арганізавалі выставу цікавых фотаздымкаў, якія адлюстроўвалі далёкае мінулае і сённяшні дзень пасёлка, яго гасцінных жыхароў, руплівых працаўнікоў палёў і ферм мясцовага таварыства “Свір-Агра”.

Вядучыя паведамляюць, што гісторыя пасёлка распачынаецца ў далёкім мінулым. Яшчэ ў ХІІІ стагоддзі яго заснаваў літоўскі князь Даўмунт. У 1452 годзе быў пабудаваны драўляны касцёл, а ў 1671 — асвечаны новы, мураваны. Ішоў час, пасёлак рос і прыгажэў. Сёння Свір — гэта цэнтр сельсавета і адкрытага акцыянернага таварыства “Свір-Агра”. Тут ёсць сярэдняя школа, дзіцячы садок, участковая бальніца і паліклініка, пажарны аварыйна-выратавальны пост, Дом культуры і бібліятэка, вытворчыя ўчасткі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ДЭУ і многае іншае. Пасёлак мае 28 вуліц, на якіх пражываюць 1097 чалавек.

Варта адзначыць, што ў Свіры рэгулярна праводзіцца агляд-конкурс на лепшы падворак. А вынікі яго падводзяцца менавіта на такіх вось мерапрыемствах. Вось таму вядучыя запрасілі да мікрафона старшыню Свірскага сельвыканкама Віктара Субача.

Напачатку Віктар Іосіфавіч шчыра прывітаў усіх прысутных, павіншаваў іх са святам.

— Тры гады таму ўпершыню правялі такое мерапрыемства. Тады дамовіліся, што гэта стане добрай традыцыяй. Як бачыце, словы не разышліся са справамі, — кажа старшыня сельвыканкама. — Сёння чацвёрты раз сустракаемся ў гэтым цудоўным месцы…

З цікавасцю паслухаў расказ старшыні пра пасёлак, які мае багатую гісторыю. З кожным годам, як адзначыў прамоўца, пасёлак прыгажэе. І ў гэтым немалая заслуга саміх жыхароў, якія ў большасці належным чынам утрымліваюць свае падворкі.

Лепшым домаўладаннем па выніках агляду-конкурсу прызнана сядзіба Віктара і Алены Блажкевічаў. Ім уручана пасведчанне “Лепшая сядзіба” і падарунак. Такой жа ўзнагароды ўдастоены падворкі Сяргея і Жанны Андрэевых, Анатолія і Ядвігі Гладоўскіх.

Узгадалі на свяце людзей, якія праславілі Свіршчыну сваёй добрасумленнай працай. Сярод іх Герой Сацыялістычнай працы Эдуард Ціхі, заслужаная настаўніца Беларусі Таццяна Балаш, кавалер ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі Уладзіслаў Рацкевіч. Ордэнамі Знак Пашаны адзначана старанне і руплівасць Ядвігі Валуевай, Надзеі Качановіч, Леаніда Чаркасава, Працоўнага Чырвонага Сцяга — Часлава Кісяля, Станіслава Пупкевіча, Марыі Ражковай. А вось Зафія Козел узнагароджана ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Менавіта гэтымі людзьмі па-сапраўднаму ганарыцца маладое пакаленне свіран.

Сёлета святкавалі 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Важкі ўклад у перамогу ўнеслі і жыхары пасёлка. 34 землякі назаўсёды засталіся на полі бою, але памяць пра іх жыве. Іх імёны і прозвішчы значацца на помніку, які ўзведзены ў гонар гэтых герояў. Успомнілі таксама ветэрана вайны Лідзію Мацясовіч, а таксама вязня нямецкага канцлагера Мікалая Гаўрыленку. Ад усёй душы віталі і воінаў-інтэрнацыяналістаў: Канстаціна Худога, Аляксандра Бузянкова, Станіслава Субко, Аляксандра Емяльяна, Івана Стральцова, Уладзіміра Лукшу.

З задавальненнем прывіталі доўгажыхарку пасёлка Лідзію Мацясовіч, якая 1 ліпеня адзначыла сваё 90-годдзе. Яна атрымала падарунак з найлепшымі пажаданнямі ў дадатак. А вось самым маленькім жыхаром Свіры з’яўляецца Валерыя Кіслая, якой споўнілася 1 месяц і 22 дні. Апладысментамі сустракалі прысутныя Валерыю і яе маму Вікторыю.

Яшчэ ўрачыста тут ушанавалі Святлану і Аляксандра Саковічаў, Марыну і Аляксандра Рацкевічаў, Інэсу і Уладзіміра Казляк, Людмілу і Рамана Куркуль, Алу і Станіслава Субко. Менавіта гэтыя сямейныя пары адзначылі ці яшчэ адзначаць сёлета сярэбраны юбілей свайго сумеснага жыцця. Ім уручаны кветкі і сувеніры.

Дзеці — самае вялікае багацце. У Свіры жывуць дзевяць мнагадзетных сямей. Па трое дзетак маюць Марына і Дзмітрый Кудлачы, Валянціна і Алег Савасцьяны, Кацярына Дзедзюлю, Аксана і Андрэй Андрэевы, Лдміла і Андрэй Грынцэвічы. Чацвёра дзетак выхоўваюць сем’і Ганны і Юрыя Школкі, Алены і Андрэя Ляош, Іны і Паўла Крыловічаў. А вось самая вялікая сям’я ў Марыны і Уладзіміра Гутараў — у іх пяцёра дзетак.

Ушанавалі на свяце свіран, якія сёлета адзначылі свой 80-гадовы юбілей. Гэта Галіна Дзядзёла, Людвіка Лукашонак, Соф’я Мядзведзева, Антоній Спеглянін. А яшчэ ўзгадалі, што менавіта ў гэту суботу адзначаюць свой дзень нараджэння жыхары гарадскога пасёлка Аляксандр Журкевіч і Іна Кляўкова. А ў Іны яшчэ адна ўрачыстасць — яна сёння выходзіць замуж. Шчырыя віншаванні і добрыя пажаданні гучалі ў адрас імяніннікаў.

Меў слова ксёндз Валерый, які таксама павіншаваў прысутных са святам, пажадаў усім плёну ў працы, шчасця і Божых ласкаў у жыцці.

На працягу ўрачыстасці прагучала нямала цудоўных песень у выкананні Ларысы Рабянок, Ірыны Селязнёвай, Віталія Кісяля, Дзіяны Масцяніцы, хора касцёла Святога Мікалая, народнага ансамбля народнай песні “Радаўніцы” з курортнага пасёлка Нарач. Кожнае выступленне суправаджалася бурнымі апладысментамі ўдзячных гледачоў.

Завяршылася свята ў дзесяць гадзін вечара прыгожым феерверкам.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота Георгія Прысмакова.



07 верасня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        0-170  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела