Па слядах Паўліны Мядзёлкі

МІХАІЛ Світа абраў для сябе ўсё ж такі рэдкую для выпуск­нікоў школ Мядзельшчыны прафесію. Мяркуйце самі: праз тры гады ён атрымае дыплом Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў са спецыяльнасцю “акцёр драматычнага тэатра і кіно”.

Пасадзейнічала нашай з Міхаілам сустрэчы яго былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Яніна Вацлаваўна Дземідовіч. Хлопец і не здзівіўся:

— Яніна Вацлаваўна — не проста настаўніца. Яна дапамагла выявіць мае здольнасці і першая, хто параіў стаць прафе­сійным акцёрам. Гэта яна арганізоў­вала ў нашай Будслаўскай школе тэатральныя пастаноўкі. Пачаў у іх удзельнічаць з класа шостага. А самай удалай атрымалася роля Якіма Сарокі з “Паўлінкі” Янкі Купалы. Менавіта пасля гэтага спектакля сур’­ёзна задумаўся: “А чаму б і не паспрабаваць стаць акцёрам?” Вучыўся тады ў дзясятым класе і якраз меў яшчэ час для падрыхтоўкі.

— Раскажы, як рыхтаваўся. Можа хто дапамагаў?

— Праца над сабой была поўнасцю самастойнай. Ну і з задавальненнем удзельнічаў у школьных інсцэніроўках. Напрыклад, усім падабалася (і мне таксама), як выконваў ролю Дзеда Мароза на навагодніх святах. Гэта таксама натхняла і надавала ўпэўненасці. Трэба было падрыхтавацца да трох этапаў, каб паступіць у акадэмію. Першы — па сцэнічнай мове. Вучыў на памяць і дэкламаваў вершы, байкі, прозу, казкі. Чапляўся да бацькоў, каб паслухалі, ці перад люстэркам трэніраваўся. Яшчэ працаваў над вакалам, таксама самастойна. Перад экзаменацыйнай камісіяй спяваў “Смуглянку”. Апошні этап — майстэрства акцёра. Трэба было прадэманстраваць эцюд на памяць фізічных дзеянняў. Я паказаў ката. Спецыяльна не браў нічога незвычайнага, назіраў за дамашнім гадаванцам, як ён рухаецца, ляжыць, сядзіць. Гэта быў удалы выбар — камісія мае старанні ацаніла ў дзесяць балаў. А два папярэднія этапы здаў на дзявяткі.

— Да якога выкладчыка трапіў?

— Пра гэта казаць ганарова. З нашай групай працуе Прыма  Купалаўскага тэатра, легендарная Паўлінка — Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік.

Ты ўжо год адвучыўся, таму можаш адказаць: вучыцца на акцёра складана ці больш цікава?

— Для мяне адназначна цікава. Кожны дзень непрадказальны і не падобны на папярэдні. У нас няма сухой вучобы. Напрыклад, прадмет “сцэнічная мова”. Працуем над дыкцыяй: трэніруемся вымаўляць хуткамоўкі, выконваем розныя дыхальныя практыкаванні. Збоку выглядае вельмі камічна. Але гэта неабходна чалавеку нашай прафесіі. Ці такая дысцыпліна, як “майстэрства акцёра”. Кожны атрымлівае заданне і паказвае перад усімі эцюд. Заданні могуць быць таксама парныя або групавыя. Рыхтуемся, хвалюемся, стараемся. Падабаюцца заняткі па вакалу. Запомнілася інсцэніроўка, паглядзець якую прыйшло шмат выкладчыкаў, акцёраў. Там спяваў песню “Цёмная ноч”, а напрыканцы ўсе танцавалі вальс. Ацаніць нашы старанні прыйшоў знакаміты Анатоль Ярмоленка. Але ў яго быў і іншы інтарэс: з намі вучыцца яго ўнучка Ульяна. Добрай фі­зічнай падрыхтоўкі патрабуюць заняткі харэаграфіяй. Гэта праца каля станка, танцы ХІХ-ХХ стагоддзяў (вальс, мазурка, полька, паланез), наперадзе — вывучэнне іншых жанраў. Падчас заняткаў даводзіцца добра папацець, складана, але вельмі цікава.

— Ці даводзілася пабываць на здымачнай пляцоўцы?

— Так. Але пакуль толькі ў масоўцы. Восенню ў Мінску здымалі расійскі серыял “Фарца”, і нас, некалькі студэнтаў, узялі туды. Першы раз бачыў, як здымаецца кіно, як працуюць акцёры, такія, напрыклад, маладыя і вядомыя як Зоя Бербер
з серыяла “Реальные пацаны”, Аляксандр Пятроў з “Пока цветет папоротник”, Яўген Стыч­кін… Гэта вельмі цікава і захапляльна. Яшчэ прымалі ўдзел у святкаванні Дня Перамогі ў сталіцы. Нам даручылі розныя эпізоды, я, у прыватнасці, удзельнічаў у стварэнні жывой фігуры.

— Праца якога акцёра табе падабаецца? Хто ў прафесійным плане твой ідэал?

— Для мяне самы лепшы акцёр — Сяргей Бязрукаў. Яго ігра і майстэрства пераўвасабляцца — вялікі талент. Вельмі падабаецца, як ён сыграў Сяргея Ясе­ніна ў аднайменным фільме. А як ён чытае вершы свайго героя! Для мяне гэта цуд.

— Што ў планах?

— Набірацца майстэрства, каб у бліжэйшым будучым трапіць на тэатральную сцэну. Гэта як мінімум. А там пабачым.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Світа.

Фота Георгія Прысмакова.



04 верасня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка            Паруснікі                          wjx6x-f4hhi _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела