Ад “Лініі Сталіна” да Хатыні

НА мінулым тыдні члены раённых арганізацый таварыстваў інвалідаў, інвалідаў па зроку, грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, “Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў”, пацыенты аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў (усяго 38 чалавек) здзейснілі экскурсійную паездку на гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна” і мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

Адзін з найбольш грандыёзных фартыфікацыйных ансамбляў на тэрыторыі нашай краіны — “Лінія Сталіна” — уразіў наведвальнікаў разнастайнасцю тэхнікі (як сучаснай, так і часоў Вялікай Айчыннай вайны), ваеннымі збудаваннямі, а таксама цікавым расказам экскурсавода. Комплекс, які быў адкрыты 30 чэрвеня 2005 года і прызначаны ўвекавечыць грандыёзную сістэму абарончых умацаванняў раёнаў “Лінія Сталіна”, аказаўся аднолькава цікавым як мужчынам, так і жаночай палове групы. Падчас экскурсіі можна было палазіць па акопах, дотах, агледзець пазіцыі для стралковых аддзяленняў, бліндажы для ўкрыцця, з блізкай адлегласці пабачыць экспазіцыю ваеннай тэхнікі, артылерыі, танкаў, авіяцыі, стралковай зброі. Станоўчым эмоцыям садзейнічала і надвор’е: сухое і цёплае.

Але калі група пад’ехала да наступнага экскурсійнага аб’екта, сонца нечакана прыкрылі хмаркі. Людзей, якія выходзілі з аўтобуса, сустракала жалобнае і шчымлівае гучанне хатынскіх званоў. Старшыня таварыства інвалідаў па зроку Надзея Балобан узгадвае, што асаблівы настрой гэтага месца памяці адчулі ўсе і адразу. “Аж да дрыжыкаў па спіне”, — падзялілася эмоцыямі Надзея Мікалаеўна.

Былая вёска Лагойскага раёна сталічнай вобласці Хатынь — сімвал трагедыі беларускага народа. Пасля таго, як фашысты вясной 1943 года спалілі яе разам з жыхарамі, ад населенага пункта нашчадкам засталіся толькі назва і памяць, увекавечаная ў створаным на яе месцы мемарыяльным комплексе. Пра трагедыю — жалобную старонку гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам экскурсіі паведаміла Ядвіга Чарняўская — метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раёна, якая згадзілася быць экскурсаводам падчас паездкі. Ядвіга Савельеўна пастаралася данесці да прысутных, чаму Хатынь — увасабленне ідэі мужнасці і непакорнасці народа, які прынёс незлічоныя ахвяры ў імя Перамогі. А каля манументальнай фігуры жыхара спаленай вёскі, які нясе на руках забітага фашыстамі сына, група вырашыла сфатаграфавацца на памяць.

Фатаграфаваліся ўвогуле шмат, а яшчэ куплялі сувеніры, якія б нагадвалі пасля пра паездку. Вяртаючыся дадому, ужо ў аўтобусе чыталі вершы, спявалі песні. А праз кіраўнікоў раённых грамадскіх аб’яднанняў прасілі перадаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву райвыканкама за фінансавую падтрымку ў арга­нізацыі паездкі. Шчыра і ад усёй душы.

Наш кар.

На здымку: удзельнікі экскурсіі.



21 жнiўня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        img_4257 84 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела