Што ўзяць у дарогу?

МНОГІЯ з нас адпраўляюцца ў падарожжы. Далёкія і блізкія. Аднак, як законна перамясціць тавар праз мяжу, ведаюць нямногія. Таму і ўзнікаюць нярэдка непрыемныя праблемы. Асноўным дакументам, які рэгулюе перамяшчэнне тавараў для асабістага карыстання, з’яўляецца адпаведнае Пагадненне, распрацаванае ў рамках рэалізацыі палажэнняў главы 49 Мытнага кодэкса Мытнага саюза. Прытым, пацвярджэнне таго, што яны не прызначаюцца для вытворчай ці камерчай дзейнасці, ускладаецца на асобу, якая перавозіць тавары. Без уплаты мытных плацяжоў, падаткаў фізічныя асобы могуць увозіць іх агульным коштам на суму, эквівалентную 1500 еўра, і вагой да 50 кілаграмаў (паветраным транспартам — 10000 еўра і 50 кг). Калі вышэйуказаныя нормы перавышаны, то на “лішкі” прымяняецца адзіная стаўка пошлін у памеры 30 працэнтаў мытнага кошту такіх тавараў, але не менш 4 еўра за кілаграм. У выпадку, калі фізічная асоба часта перасякае мытную мяжу і заўсёды мае пры сабе ноўтбук, фота-відэа тэхніку, планшэты, музычныя інструменты і іншыя дарагія прадметы, заўсёды існуе магчымасць пры выездзе падаць дэкларацыю. Пры вяртанні дадому яна і засведчыць, што гэтыя тавары вывозіліся, а не былі набыты ў іншай дзяржаве. Акрамя таго, рэкамендуем пры куплі за мяжой дарагіх прадметаў адзення і быту не выкідваць і не знішчаць на іх касавыя чэкі, а таксама любыя плацежныя дакументы. Гэта дазволіць хутка прайсці мытны кантроль і не прывядзе да канфліктных сітуацый пры вяртанні дадому.

Пры ўвозе алкагольнай прадукцыі варта адзначыць, што без уплаты мытных плацяжоў дапускаецца перавозіць не больш за тры літры ў разліку на адну фізічную асобу, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту. У выпадку перавышэння (ад 3 да 5 літраў уключна) адзіная стаўка пошліны складае за кожны “звышлімітны” літр 10 еўра. А звыш пяці літраў і наогул “табу”, бо ў такой колькасці этылавы спірт і алкагольную прадукцыю фізічным асобам забаронена ўвозіць на тэрыторыю Мытнага саюза. Што датычыцца тытуню і тытунёвых вырабаў, то норма бяспошліннага ўвозу складае не больш за 200 цыгарэт альбо 50 сігар ці 250 грамаў тытуню, а пры розным асартыменце — не больш за 250 грамаў на адну фізічную асобу, якая дасягнула 18-га­довага ўзросту.

Часта ўзнікае пытанне аб колькасці грашовых сродкаў, якія можна перавозіць праз мяжу. Абмежаванняў на перамяшчэнне фізічнымі асобамі замежнай валюты не ўстаноўлена. Тым не менш, у выпадку, калі грашовыя сродкі або дарожныя чэкі ў эквіваленце перавышаюць 10000 долараў ЗША, яны належаць абавязковаму дэклараванню ў пісьмовай форме шляхам падачы пасажырскай мытнай дэкларацыі на ўсю суму наяўных грашовых сродкаў ці дарожных чэкаў.

Заканадаўствам Мытнага саюза не ўс­таноўлена вартасных і вагавых абмежаванняў на вываз тавараў. Адзінкавым выключэннем з’яўляюцца каштоўныя металы і камяні. Іх вываз дапускаецца ў парадку, прадугледжаным для асабістага карыстання, толькі калі іх кошт не перавышае 25 тысяч долараў ЗША. Пры гэтым у мытны кошт вывозімых такіх металаў і камянёў не ўключаюцца раней увезеныя фізічнымі асобамі ў Мытны саюз, а таксама тыя, якія часова вывозяцца. Калі плануеце зрабіць заказ у інтэрнэт-магазіне альбо вашы сябры ці родныя маюць намер штосьці пераслаць вам, лічым мэтазгодным таксама нагадаць пра асноўныя правілы перамя­шчэння тавараў у міжнародных паштовых адпраўленнях. Вось тут існуюць і вартасныя, і вагавыя абмежаванні. Палажэннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб перамяшчэнні праз Мытную мяжу мытнага саюза ў Рэспубліцы Беларусь тавараў для асабістага карыстання” прадугле­джана, што на працягу каляндарнага месяца фізічная асоба можа атрымаць тавараў, якія перасылаюцца па міжнародных паштовых адпраўленнях, на суму эквівалентную 200 еўра і вагой да 31 кілаграма. За ўсё, што звыш — будуць брацца мытныя плацяжы.

Не варта забываць таксама аб існуючых забаронах на перасылку на тэрыторыю Мытнага саюза шэрагу тавараў пры дапамозе МПА. Іх пералік уключае алкагольную прадукцыю, этылавы спірт, піва, любыя віды тытунёвых вырабаў і курыльных сумесей, любыя віды зброі і яе частак, патроны да яе, канструктыўна падобныя з грамадзянскай і службовай зброяй вырабы, радыеактыўныя матэрыялы, культурныя каштоўнасці, тавары, якія хутка псуюцца, жывых жывёл (за выключэннем пчол, п’явак, шаўкоўнічных чарвякоў), расліны ў любым выглядзе і стане, іх насенне, каштоўныя камяні ў любым выглядзе і стане, прыродныя дыяменты, за выключэннем ювелірных вырабаў, азонаразбуральныя рэчывы, наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх прэкурсары, у тым ліку ў выглядзе лекавых сродкаў, а таксама іншыя тавары, забароненыя да перасылкі ў адпаведнасці з актамі Сусветнага паставога саюза і заканадаўствам Мытнага саюза.

Для інфармавання грамадзян аб агульных падыходах пры вызначэнні тавараў для асабістага карыстання на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь размешчаны адпаведныя рэкамендацыі. У выпадку перасячэння мяжы Мытнага саюза на асабістым аўтамабільным транспартным сродку, які зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы-члена Мытнага саюза, дэкларавання не патрабуецца. У той жа час фізічная асоба мае права зрабіць яго з выкарыстаннем пасажырскай мытнай дэкларацыі. Такім чынам, перасякаючы мяжу Мытнага саюза, важна ведаць правілы перавозкі тавараў. Гэта дазволіць пазбегнуць лішніх праблем і не сапсаваць уражанні ад падарожжа. Не трэба таксама забываць, што пры наведванні краін Еўрасаюза, Егіпта, Турцыі, Балгарыі могуць існаваць іншыя абмежаванні на ўвоз і вываз тавараў, якія адрозніваюцца ад патрабаванняў дзяржаў-членаў Мытнага саюза.

Аддзел арганізацыі мытнага кантролю Мінскай рэгіянальнай мытні.



21 жнiўня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Царква ў Крывічах 0-178 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела