Цудоўны кут, вачам уцешны

СЁЛЕТА споўнілася дзесяць год з таго моманту, як у азёрным краі пачалося яго мэтанакіраванае адраджэнне. Можна нават лічыць: невялічкі, але важны і памятны юбілей. Бадай, не будзе памылкай, калі сказаць, што кропкай адліку прыкметнага росквіту Мя­дзельшчыны стала Дзяржаўная праграма экалагічнага аздараўлення возера Нарач. Менавіта ў ходзе яе ажыццяўлення ўдалося нямала зрабіць па добраўпарадкаванні курортнага пасёлка, турыстычных стаянак і сцяжынак, паркаў і пляжаў. Вельмі многае змянілася да лепшага і ў горадзе на беразе Мястра напярэдадні IV Рэспубліканскага экалагічнага форуму. Лагічным працягам па вываду мясцовых здраўніц на еўрапейскі ўзровень стала чарговая Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011- 2015 гады. Быццам і не так даўно яе прымалі, а ўжо надыходзіць час падводзіць вынікі. Якраз наконт гэтага і вялася размова на выязным пася­джэнні абласнога выканаўчага камітэта з удзелам губернатара Сямёна Шапіры, намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Русага, шэрагу іншых адказных асоб нашай краіны і Міншчыны.

Найбольш значнымі сацыяльнымі аб’ектамі, уключанымі ў Дзяржаўную праграму, з’яўляюцца прыбудова да школы ў куротным пасёлку і новы корпус Свірскай участковай баль­ніцы. Наконт першага з іх вялося нямала размоў, прапаноўваліся розныя варыянты вырашэння праблемы. Як расказаў дырэктар навучальнай установы Генадзь Крыштафовіч, школа, разлічаная на 200 вучняў, пабудавана ў 1978 годзе. А іх цяпер у курортным пасёлку больш за паўтысячы. Таму дзеці вымушаны займацца ў дзве змены, што па цяперашнім часе вялікая рэдкасць. Не меншая напаўняльнасць чакаецца і на перспектыву, бо курорт актыўна забудоўваецца. Шмат абмежаванняў у дзейнасць установы ўносіць наяўнасць толькі адной невялікай залы. Яна і актавая, і спартыўная, і для правядзення масавых мерапрыемстваў, дэманстрацыі кінафільмаў… Цесна таксама ў вучнёўскай сталовай, якая разлічана ўсяго на 48 пасадачных месцаў. Зыходзячы з гэтага, планавалася зрабіць да школы прыбудову. На яе ўзвядзенне мерка­валася выдаткаваць каля 90 мільярдаў рублёў.

Выкладзеная канцэпцыя, на думку старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве абл­выканкама Сяргея Трусава, з самага пачатку была памылковай. Крыху за большую суму можна ўзвесці не прыбудову, а новую цудоўную школу ў мікрараёне “Аэрапорт”, дзе цяпер пражывае працэнтаў восемдзесят вучняў. На карысць гэтага варыянта таксама абмежаванасць пляцоўкі пад прыбудову каля старой школы, не трэба будзе рабіць і падземны пешаходны пераход на кальцавой дарозе, на які патрабуецца дзясятак мільярдаў рублёў. Усе ўдзельнікі нарады пагадзіліся з такім рашэннем. “Наконт прапановы пабудаваць новую школу ў бліжэйшы час будзе паведамлена Кіраўніку дзяржавы, — адзначыў Міхаіл Ру­сы. — Гэты рэгіён перспектыўны, тут неабходна забяспечыць добрыя ўмовы для жыцця і адпачынку. Дзе ёсць школа, дзіцячы садок, бальніца, створаны рабочыя месцы, туды і цягнуцца людзі”. Старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра даручыў спецыялістам грунтоўна прапрацаваць пытанне па патанненні будаўніцтва без урону паўнацэннай функцыянальнасці новай школы на 510 вучняў. Указвалася, што работы на гэтай пляцоўцы пачнуцца ў бліжэйшы час, а да 1 верасня наступнага года навучальную ўс­танову здадуць у эксплуатацыю.

Добрае ўражанне ў шматлікіх гасцей нашага краю пакінуў новы  двухпавярховы корпус Свірскай участковай бальніцы, разлічанай на пяць­дзясят наведванняў у змену. Галоўны ўрач раёна Генадзь Русак распавёў, што з яго будаўніцтвам управіліся за два гады. Засталося ўстанавіць у кабінетах абсталяванне, мэблю і мож­на прымаць пацыентаў. На гэта спатрэбіцца мабыць крышачку больш за месяц. Галоўнае, што неабходныя фінансавыя сродкі вы­дзелены ў поўным аб’ёме. У рэгіёне, які абслугоўвае ўчастковая бальніца, пражывае звыш дзвюх тысяч чалавек. Тут плануецца арганізаваць работу кабінета ультрагукавога даследавання, а таксама лабараторнай дыягностыкі, зубапратэзнага. Цяпер ужо мясцоваму люду не давядзецца, як раней, ездзіць за гэтымі медыцынскімі паслугамі ў Мядзел за паўсотні кіламетраў. Патрэбнымі ўрачамі ўчастковая бальніца ўкамплектавана спаўна. Безумоўна, за такі клопат дзяржавы ўдзячны і медперсанал, бо для яго створаны проста цудоўныя ўмовы для працы, і ўсе жыхары пасёлка, навакольных вёсак.

Дзякуючы Дзяржаўнай праграме развіцця курорта новае аблічча набывае і вучэбна-трэ­ніровачная база Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падры­хтоўкі па парусным спорце ў Гатавічах. На ёй зараз трэніруюцца дваццаць пяць юных яхт­сменаў. А вось пражываюць падлеткі і харчуюцца ў Мядзеле, што прыносіць пэўныя нязручнасці. Неўзабаве яны адыдуць у нябыт. На тэрыторыі базы, якая знаходзіцца прама на беразе Нарачы, прыступілі да ўзнаўлення асноўнага ка­пітальнага будынка. Зрабілі дах, замянілі вокны, звонку абшылі сайдынгам. Засталося навесці парадак унутры пабудовы. Вось-вось сюды даставяць таксама тры модульныя домі­кі для камфортнага пражыван­ня яхтсменаў. Неабходныя на гэ­та фінансы выдзелены Міні­с­тэрствам спорту і турызму. У ходзе знаёмства з работай базы Сямён Шапіра звярнуў увагу прысутных на тое, што на такіх аб’ектах асаблівую ўвагу трэба надаваць бяспецы дзяцей. Таму і модульныя домікі для іх пражывання лепш паставіць не паблізу вады, як разлічвалі раней, а воддаль ад берага.

Завіталі ўдзельнікі нарады і на сартавальную станцыю ўнітарнага прадпрыемства “Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка”, якой адводзіцца значная роля ў навядзенні парадку на зямлі азёрнага краю. А дзе парадак, там і прыгажосць, чаго часам так нестае іншым курортным мясцінам. Выконваючы абавязкі дырэктара Ула­дзімір Шабовіч праінфармаваў, што на станцыі праводзяцца апошнія тэхналагічныя даводкі, праз лічаныя дні яе запусцяць у работу. Іх галоўная задача — атрымаць з цвёрдых бытавых адыходаў, сабраных ад насельніцтва, з палігонаў, максімум другаснай сыравіны — макулатуры, поліэтылену, шкла… Стаўка робіцца на раздзельную сістэму збору гэтых рэсурсаў. Пры арганізацыі двухзменнай работы на сартавальнай станцыі, зманціраванай у прасторным рэканструяваным памяшканні на тэрыторыі колішняй базы “ПМК-215”, можна перапрацоўваць за год да шасці тысяч тон адыходаў. Усе мы бачым, што заўсёды чыста не там, дзе мятуць, а дзе не смецяць. Безу­моўна, тут многае залежыць ад чалавечага фактару. Аднак і людзі павінны мець магчымасць у крокавай даступнасці цывілізавана пазбавіцца ад непатрэбнага. Таму на Міншчыне і ставіцца губернатарам задача, каб кантэйнеры для збору смецця стаялі ў кожным гарадскім двары, у кожнай вёсцы. Асабліва гэта запатрабавана ў ваколіцах возера Нарач, куды прыязджаюць турысты і адпачываючыя з усяго белага свету, дзе населеныя пункты павінны выглядаць маляўніча і прывабна.

Пленарная частка выязнога пасяджэння аблвыканкама прахо­дзіла ў канферэнц-зале Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. Сямён Шапіра прад­ста­віў усіх яго ўдзель­­нікаў, а затым пайшла прадметная размова наконт выканання мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну. Яе асноўная мэта — стварэнне на Мя­дзельшчыне буйнейшага ў краіне аздараўленчага, культу­рна-забаўляльнага і турыстычнага цэнтра. Зроблена ў гэтым напрамку многае. Нашмат узрос пасля рэканструкцыі імідж санаторыяў “Пры­азёрны”, “Нарачанскі бераг”, “Жу­раўка”, “Белая Русь”, туркомплексу “Нарач”. У “Спадарожніку” адкрыты спальны корпус на 136 месцаў са SPA-цэнтрам, кінаканцэртнай залай, рэстаранам і дзясяткам катэджаў гасцінічнага тыпу. Сапраўдным упрыгажэннем курортнага пасёлка стаў пасля вялікага аб’ёму выкананых будаўнічых работ трохзоркавы гатэль “Нарач”. Многіх прыводзяць у захапленне абсталяваная экалагічная сцяжынка ў прыродным комплексе “Блакітныя азёры”, парк рэдкіх раслін, турыстычная вёска ў Абрамах.

Падагульняючы вынікі нарады, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы адзначыў, што пастаўленыя Кіраўніком дзяржавы задачы па прывя­дзенні ў належны стан жамчужыны нашай краіны — Нарачанскага краю — будуць выкананы ў поўным аб’ёме. Гэта і стварэнне ўмоў для прыцягнення інвестыцый, развіцця агра- і экатурызму, сферы абслугоўвання, нарошчвання экспарту паслуг, зручнага пражывання насельніцтва… На думку Сямёна Шапіры, для надання Нарачанскаму краю большай запатрабаванасці не выкарыстоўваецца такая форма работы, як арга­нізацыя тураў выхаднога дня. Што, для дастаўкі турыстаў з Мінска, нельга адкрыць спецыяльны аўтобусны маршрут? Аднак гэтым ушчыль­ную ніхто не займаецца. Мэтазгодна папрацаваць і над стварэннем прывабных умоў для больш актыўнага стварэння на Мядзель­шчыне фермерс­кіх гаспадарак. Губернатар лічыць, што вырашчаная там экалагічна чыстая прадукцыя зной­дзе ўстойлівы попыт сярод турыстаў і здраўніц. Ён таксама звярнуў увагу, што некаторыя інвестары не па прызначэнні выкарыстоўваюць выдзеленыя ім зямельныя ўчасткі. У прыватнасці, у поле зроку правяраючых службаў патрапілі гаспадары доміка паляўнічага і рыбалова, якія замест аказання турыстычных паслуг, выкарыстоўваюць узве­дзеныя на льготных умовах пабудовы для ўласных мэт. Не пазбегнуць штрафных санкцый таксама інвестарам, якія зацягваюць тэрміны будаўніцтва аб’ектаў. Іх дзейнасць у курортнай зоне адсочаць дзяржкантроль і падатковая служба. Умовы, падвёў рысу Сямён Барысавіч, створаны на Нарачы аднолькавыя для усіх, а тыя, хто парушае правілы, будуць несці адказнасць.

Павел ЖУКАЎ.

На здымках: 1. На месцы будаўніцтва новай школы. На першым плане (злева направа) губернатар Сямён Шапіра, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, старшыня райвыканкама Ілья Шацько; 2. Новы корпус Свірскай участковай бальніцы; 3. Пра ўзвядзенне новай школы ў курортным пасёлку падрабязна і з веданнем справы расказаў старшыня камітэта па ар­хітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей Трусаў; 4. На пытанні журналістаў адказвае галоўны ўрач раёна Генадзь Русак; 5. Юныя яхтсмены на Нарачы.



30 лiпеня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 Царква ў Слабадзе Сядзіба Максіма Танка   возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси