Прыгожа, эфектна і дынамічна

СВЯТА возера, якое пяты раз праводзілася ў мінулую суботу ў Мядзеле, карыстаецца папулярнасцю як сярод жыхароў райцэнтра, раёна, так і шматлікіх нашых гасцей. Адбылося яно ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады і мела назву “Краса майго краю”. Стварэнню адпаведнага настрою спрыяла і надвор’е, якое выдалася сонечным, цёплым. Таму да моманту афіцыйнага адкрыцця свята на гарадскім пляжы было шмат народу: з палудня працавалі дзіцячыя надзіманыя горкі і батуты, роўнымі радамі размясціліся сталы з вырабамі шматлікіх народных умельцаў, а жадаючых падсілкавацца ці паласавацца чакалі палаткі, дзе прапаноўвалі марожанае, кандытарскія вырабы, шашлык, юшку, папкорн, квас і многа чаго іншага.

І вось на галоўную сцэну выйшла Стыхія вады (яе ролю выконвала дырэктар гарадскога Дома культуры Ганна Казакевіч). Гаспадыня свята прывітала шмат­лікіх гасцей і ўдзельнікаў, засяродзіла іх ўвагу на прыгажосці і адметнасці Нарачанскага краю. А легенду пра яго ў форме песні распавёў Пётр Маўчан — вельмі пранікнёна, пяшчотна і мілагучна.

А як жа азёрны край без рыбакоў? Былі на сцэне і яны. А вось каму з іх па-сапраўднаму шанцуе, дык гэта мядзяльчаніну Антону Каласоўскаму, які ўжо каторы год запар выходзіць пераможцам у спаборніцтве па рыбнай лоўлі. Вось і сёлета Антон Паўлавіч атрымаў узнагароду за самы важкі ўлоў у 3,5 кг. Рыбак расказвае, што з дзяцінства любіць пасядзець на возеры з вудай. Ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў падобных спаборніцтвах. І сціпла зазначае, што яму проста шанцуе. Магчыма, і так. Дадам толькі, што ў гэтым годзе на самы вялікі ўлоў прэтэндавалі дзевяць удзельнікаў з горада і раёна на шасці лодках.

Прадоўжылася свята канцэртнай праграмай аматарскіх мастацкіх калектываў, якую адкрыў народны ансамбль народнай песні “Радаўніца” Нарацкага сельскага Дома культуры. Уразілі гледачоў звонкімі галасамі і майстэрствам выканання артысты вакальнага ансамбля “Талака” Цэнтра дзіцячай творчасці “Росток” з Маладзечна. Ствараў святочны настрой і крывіцкі вакальны ансамбль “Рэтра” .

Тым часам падыходзіла да фіналу спартыўная частка мерапрыемства. У пляжны валейбол гулялі ўдзельнікі трох узроставых груп. У выніку сярод дзяўчат да 20-ці год перамагла каманда г. Мядзела ў складзе Лізаветы Карабейнік і Ксеніі Малевіч, а сярод юнакоў — Ілья Гуцаў і Аляксей Фарына. У сярэдняй узроставай групе перамогу святкавалі госці з Вілейкі (Яўген Маліноўскі і Міхаіл Касцевіч), а першымі сярод тых, каму за сорак, стала каманда “ВітМа-2007” у складзе Анатоля Байко і Віталя Томкавіча.

Шумна і весела было на гульнявых пляцоўках. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем
удзельнічалі ў беларускіх народных гульнях. Стаяла чарга і з жадаючых паспрабаваць сілу і спрыт у біцці саламянымі мяхамі на бервяне, тым больш, што пераможца заахвочваўся сушанай рыбкай. А побач дарослых і гасцей сустракалі міфалагічныя героі Беларусі: Талака, Купальскі дзядок, русалкі. Прыказкі, прымаўкі, загадкі так і сыпаліся з вуснаў гаспадароў пляцоўкі “Паданні на беразе Мястра”. Ды ўсё на мясцовую тэматыку, ды прыпраўленыя жартамі. Не хапае грошай? Патрымайся за вусы дзядка і — чакай прыбытку! А калі першым паспееш падхапіць упаўшыя зёлкі — абавязкова хутка пашчасціць. З каларытнымі персанажамі актыўна фатаграфава­ліся, тым больш, што на свяце яны прысутнічалі ўпершыню.

Напэўна, ніхто не пайшоў са свята без сувеніраў. Іх была такая колькасць, што вочы разбягаліся. Тут табе і ганчарныя вырабы, і з камянёў, і з бісеру, вязаныя рэчы, плеценыя з саломкі, выразаныя з дрэва, карціны, пано і шмат-шмат чаго іншага. Напрыклад, Жанна Семашкевіч прадстаўляла Цэнтр народных рамёстваў г. Маладзечна. У яе на стале ўвагу прыцягвалі работы, выкананыя з дрэва: казачныя персанажы, кветкі, матылькі, вы­пілаваныя лобзікам ці выкананыя ў тэхніцы роспісу па дрэве. Побач стаялі стыльныя і арыгінальныя пано са скуры. У выставе-продажы ўдзельнічалі майстры з Валожына, Вілейкі, Лагойска, Маладзечна, Пастаў, Гродзеншчыны і, канечне, мясцовыя ўмельцы. Калі не купляць, дык проста можна было палюбавацца майстэрствам і фантазіяй творцаў, ці згуляць у бяспройгрышную латарэю, а пры жаданні і атрымаць слушную параду ці кансультацыю.

Сярод прадпрымальнікаў, якія прапаноўвалі разнастайныя забавы, на вочы патрапіўся мядзяльчанін Алег Карзяёнак з незвычайным і мала каму знаёмым атракцыёнам з акулярамі “5D Oculus Rift2”. Надзеўшы іх, атрымліваеш поўную віртуальную рэальнасць, напрыклад, язды на амерыканскіх горках ці арэлях-цэнтрыфузе. Мужчына расказвае, што ўпершыню ўбачыў такое падчас адпачынку ў Алушце і быў у захапленні ад  атрыманых уражанняў. Зацікавіўся, вывучыў пытанне ў сетцы інтэрнэт. А потым вырашыў набыць абсталяванне і прапаноўваць такую паслугу на розных мерапрыемствах.

На пляцоўцы “Маладзёжны перапалох” з канцэртнай праграмай “запальваў” мінскі калектыў “Дзеці падзямелля” і салісты з Жодзіна. А на галоўнай сцэне элементам сучаснага танца навучалі дыджэі з Мінска “Ракета” і “Карандаш”. Гэта быў выдатны спосаб падняць настрой, а таксама адчуць сябе не толькі гледачом, але і ўдзельнікам дзеі. Чым, дарэчы, многія маладыя людзі скарысталіся і засталіся вельмі задаволенымі.

Дзеці, ды і дарослыя таксама з нецярпеннем чакалі пеннае шоу. Занырнуць у воблака цёплай і мяккай пены, не стрымліваючы эмоцый і не шкадуючы вопраткі — атрак­цыён адзін з самых запатрабаваных. Арганізатарам з цяжкасцю даво­дзілася стрымліваць напор аматараў вострых адчуванняў: хісталася і падала агароджа, псавалася ўстаноўка. Але, нягледзячы на тое, што некага штурхнулі, некаму пена трапіла ў нос ці вочы, а некага запэцкалі пенай без яго жадання, усё роўна менавіта на гэты момант свята будуць збірацца шматлікія ўдзельнікі і на наступны год. А змыць непрыемныя моманты можна тут жа, акунуўшыся ў цёплыя воды возера, што многія і рабілі.

Традыцыйнай забавай на свяце стала і катанне на конях. У самых маленькіх папулярнасцю карыстаўся сімпатычны поні Сімба. З ім можна было сфатаграфавацца, пасядзець верхам ці пакатацца ў прыгожа аздобленай павозцы. А дарослым ці больш смелым можна было паспрабаваць сябе ў ролі наезніка на конях з конефермы “Мокрыца”.

Арганічна ў святочныя дзеі ўпісваўся пікет па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку прэтэндэнта ў кандыдаты на пост Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, арганізаваны членамі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Да іх агульнага століка, які прыцягваў увагу сімволікай грамадскіх аб’яднанняў, падыходзілі адпачываючыя. Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы тлумачылі ім, што гэта за акцыя, і прапаноўвалі прыняць у ёй удзел.

Канцэртная праграма прадоўжылася выступленнем папулярнай беларускай спявачкі Ларысы Грыбалёвай. Публіка сустракала яе выхад бурнымі апладысментамі. Падчас выступлення хтосьці танцаваў, іншыя — падпявалі, бо артыстка выконвала як свае песні, так і хіты кшталту “Парней так много холостых”. Многія, думаю, ацанілі мілагучныя, у сучаснай апрацоўцы беларускія народныя песні такія як “З-за каго я сохну” і іншыя. Уражанні ад канцэрта ў гледачоў засталіся самыя найлепшыя, нават у тых, хто не лічыць сябе пры­хільнікам творчасці спявачкі.

Пасля дыскатэкі, якая непрыкметна з заходам сонца ператварылася ў начную, усе чакалі заяўленае шоу стыхій. І не адразу некаторыя зразумелі, што за агеньчыкі з’явіліся на возеры і, рухаючыся, пачалі набліжацца да берага. Так пачалося прадстаўленне. Выступленне шоу-тэатра Уладзіміра Кустава нікога, мяркую, не пакінула раўнадушным: футурыстычныя, неверагодныя касцюмы з электрычнай падсветкай, акрабаты на высачэзных хадулях, жангліраванне вогненнымі кеглямі і, вядомая справа, факір, які пускаў з рота языкі полымя… Яскрава, эфектна, дынамічна, захапляльна і вельмі прыгожа. Шоу стала апошнім акордам свята — яркім і запамінальным. Стомленыя ад колькасці ўражанняў удзельнікі святочнага марафону паволі разыходзіліся, зварочвалі свае палаткі гандляры. Яшчэ доўга жыхары і госці раёна будуць узгадваць моманты мерапрыемства, расказваць пра іх сябрам, знаёмым, каб тыя ў наступным годзе прыехалі пабачыць усё на свае вочы.

Іна ЯРЧАК.

На здымках: 1. Настрой удзельнікам свята стварала беларуская спявачка Ларыса Грыбалёва; 2. Дзецям прыйшоўся даспадобы поні Сімба; 3. Выступае народны ансамбль народнай песні “Радаў­ніца” Нарацкага сельскага Дома культуры; 4. Падчас работы пляцоўкі “Маладзёжны перапалох”; 5. Дакрануцца да вусоў Купальскага дзядка, каб вяліся грошы, імкнуліся многія; 6. Наталіць смагу на свяце можна было квасам, які  прапаноўвалі Людміла Каўрус і Вольга Ярмаковіч; 7. Валожынскі жывапісец Канстанцін Матус са сваімі работамі.

Фота Георгія Прысмакова.



30 лiпеня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура, Курорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  06-012 на Блакітных азёрах        _06-040

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси