Горш сваіх магчымасцей

ТОЙ, хто цікавіцца работай нашых гаспадарак, не мог не заўважыць, што апошнім часам таварыства “Будслаўскае”, як кажуць, не слаба “ліхаманіць”. Ды і яго працоўны калектыў з прычыны розных няўправак жыве значна горш сваіх магчымасцей. Ні для каго не сакрэт, што самае галоўнае для комплекснай вытворчасці на вёсцы — зямля. А ўгоддзі ў Будславе ніколькі не горшыя, чым у той жа Занарачы, калі не лепшыя. Толькі вось вынікі работы адрозніваюцца. Таму можна лічыць заканамерным, што на чарговым пасяджэнні райвыканкама кіруючым кадрам гэтай гаспадаркі давялося трымаць незайздросную справаздачу па вы­ніках работы ў першым паўгоддзі. А яны пакуль слаба абнадзейваюць. Пачаць, па ўсёй бачнасці, трэба з таго, што ў структуры сельскагаспадарчых зямель Мя­дзельшчыны на долю таварыства “Будслаўскае” прыпадае 7,27 працэнта, а прадукцыі яно дае ў наш агульны каравай толькі 5,4 працэнта.

У разгорнутай інфармацыі, з якой выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Уладзімір Валасевіч, даволі падрабязна прааналізаваны недапрацоўкі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі гаспадаркі. Так, для атрымання запланаванага ўраджаю гэтага года патрабавалася ўнесці 887 тон мінеральных угнаенняў у дзеючым рэчыве, а на практыцы абмежаваліся 57 працэнтамі ад неабходнай колькасці. Горш за ўсё сітуацыя з выкарыстаннем фосфарных угнаенняў — на сотні гектараў усяго дзве тоны. Безумоўна, такі падыход адмоўна адаб’ецца ў жніво на намалотах збожжавых. Не выпадкова ж у народзе кажуць: хто полю годзіць, у таго жыта родзіць.

Шмат намаганняў давядзецца прыкласці і для нарыхтоўкі дастатковай колькасці кармоў на зімоўку. Турбуе тое, што іх расход на вытворчасць цэнтнера малака перавышае нарматыўны ажно ў два разы. Марнатраўства тлумачыцца як невысокай прадукцыйнасцю грамадскага статка, так і праблемамі з якасцю сенажу, сіласу. Надой ад каровы за шэсць месяцаў склаў толькі 982 кілаграмы малака — ажно на 433 кілаграмы менш у параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года. Зменшылася і колькасць кароў. Як адзначыў Уладзімір Васільевіч, адсюль і мінус без малога на чвэрць у рэа­лізацыі малака дзяржаве. Толькі па гэтай прычыне, а таксама з-за пагаршэння яго таварнасці ў гаспадарцы недабралі 1,5 мільярда рублёў, яшчэ 1,18 мільярда страцілі на перарасходзе кармоў. Пры такім вядзенні справы цяжка разлічваць на дывідэнды. Іх і няма, адны страты. У прыватнасці, пры сярэдняй цане рэалізацыі 4400 тысяч рублёў за тону малака яго сабекошт дасягнуў 5250 тысяч. Вось і атрымаліся замест прыбытку суцэльныя страты на 696 мільёнаў рублёў, а рэнтабельнасць склала мінус 22,3 працэнта.

Не выпадае пакуль хваліцца і справамі ў мясной жывёлагадоўлі, хаця вырошчванне пагалоўя і павялічылася да адпаведнага перыяду мінулага года на 24 працэнты. Тым не менш, даведзенае заданне засталося недавыкананым. Адна з прычын гэтага — недаўкамплектаванасць комплексу па адкорму пагалоўем з-за недахопу сродкаў на закупку маладняку. Урэшце, і вытворчасць ялавічыны ў таварыстве стратная — рэнтабельнасць мінус 37,8 працэнта. Трэба сказаць яшчэ вось аб чым. Сярэднямесячная заработная плата работнікаў гаспадаркі склала 3 мільёны 364 тысячы рублёў. Ніхто не кажа, што яна вялікая. Заробкі ў вяскоўцаў могуць і павінны быць большымі. Аднак пры адной абавязковай умове: тэмпы росту прадукцыйнасці працы павінны апярэджваць рост заробкаў. Пакуль з гэтай эканамічнай аксіёмай у таварыстве “Будслаўскае” існуюць супярэчнасці. Указвалася і на тое, што яго спецыялісты недапрацоўваюць па ўсіх накірунках, не заўсёды бываюць у вытворчых падраздзяленнях, дзе патрабуюцца іх веды па ўкараненні і адпрацоўцы прагрэсіўных тэхналогій, адказнасць за даручаны ўчастак работы.

Сваімі думкамі па вытворчай сітуацыі ў гэтай гаспадарцы таксама падзяліліся першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Уладзімір Дытко, начальнік аддзела эканомікі Наталля Зямчонак, галоўны дзяржаўны ветэрынарны ўрач раёна Станіслаў Ермаковіч. Калі падагуліць іх меркаванні, то на перспектыву вымалёўваецца паляпшэнне спраў. Найперш — у жывёлагадоўлі. Затым былі заслуханы галоўны эканаміст ААТ “Будслаўскае” Юлія Горбаль, галоўны бухгалтар Наталля Катковіч, дырэктар Жанна Церан. Жанна Уладзіміраўна прызнала, што справы ў жывёлагадоўлі і сапраўды невясёлыя. Праблемы з вытворчасцю малака сур’ёзныя, і яны не могуць не хваляваць. Прычыну кіраўнік бачыць у нізкай прадукцыйнасці пагалоўя. Калі некалькі больш падрабязна, то цяпер у гаспадарцы налічваецца 743 каровы, а фактычна дояцца 460. Чакаецца, што сёлета, дзякуючы прынятым у мінулым го­дзе мерам, ацеліцца 180 цялушак. Генетычны патэнцыял іх добры, у першую лактацыю сутачныя надоі складаюць у сярэднім ад 15 да 20 літраў. На наступны год таксама рыхтуецца да апладнення 350 цялушак. Гэта дазволіць да сярэ­дзіны наступнага года выбракаваць 140 кароў, якія практычна не дояцца, а на іх месца паставіць пяршачак. І з таго моманту справы з вытворчасцю малака пойдуць, па запэўніванні Жанны Уладзіміраўны, на лад. Пагадзілася яна і з тым, што сярэднясутачныя прывагі па буйной рагатай жывёле ў 400 грамаў — не іх паказчык. Цалкам рэальна павялічыць яго за бліжэйшы квартал у паўтара раза. У раслінаводстве адна з найбольш актуальных праблем на сёння — знайсці фінансы для апрацоўкі ўвосень гліфасатутрымліваючымі прэпаратамі 1000 гектараў зямель, каб ачысціць плошчы ад пустазелля і выкарыстаць іх потым для вырошчвання кармавых культур. “Летась нарыхтавалі на ўмоўную галаву жывёлы 15,5 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў, а сёлета, — запэўніла Жанна Церан, — бу­дзе больш…”.

На істотныя недапрацоўкі кадраў ААТ “Будслаўскае” ўказалі ў ходзе пасяджэння і саветнік губернатара Міншчыны Яўген Сініла, старшыня райвыканкама Ілья Шацько, далі ім шэраг даручэнняў. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў прынятым рашэнні. Дакументам прадпісана ажыццявіць комплекс мер па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, выручкі ад яе рэалізацыі, зніжэнні затрат, эканоміі матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў. А наколькі кадры змогуць справіцца з пастаўленымі задачамі і падмацаваць свае словы канкрэтнымі справамі, даведаемся ў кастрычніку, бо адным з пунктаў рашэння прадугледжана разгледзець на пасяджэнні райвыканкама сацыяльна-эканамічныя паказчыкі работы ААТ “Будслаўскае” па выніках дзевяці месяцаў бягучага года. І калі ў іх усё атрымаецца, мы толькі парадуемся поспеху, які на карысць і гаспадарцы, і людзям, там працуючым.

  Павел ЖУКАЎ.



30 лiпеня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  на Блакітных азёрах        wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси