Скрозь палымяныя гарызонты

МНОГІЯ гараджане ды і жыхары раёна ведаюць Уладзіміра Стасевіча. Карэнны мядзяльчанін, які як і дзед Іван Францавіч, як і бацька Іосіф Іванавіч, як і дзядзька Станіслаў Іванавіч, стаў пажарным. Сам, ужо ветэран гэтай службы, кажа, што ніякіх іншых варыянтаў падчас выбару прафесіі і не разглядваў. Дзяцінства прайшло ў двары пажарнай часці, увесь вольны час бавіў там, нават даводзі­лася “паддзяжурваць” на рацыі, калі ўсе машыны выязджалі на пажар. Таму, калі прыйшоў час, сабраў дакументы і паехаў паступаць у адно з сямі пажарна-тэхнічных вучылішчаў МУС СССР, а менавіта — у Львоў. Разлічваў, што сюды трапіць на вучобу будзе лягчэй, бо ў Ленінградзе (гэтыя вучылішчы былі самымі бліжэйшымі) заўсёды існаваў вар’яцка высокі конкурс. Але і сюды прайсці было цяжка. Уладзімір Іосіфавіч узгадвае, што здаваў матэматыку пісьмова і вусна, рускую мову і літаратуру, псіхалогію. Плюс школьны атэстат на 4,74 бала. “Зараз, такіх экзаменаў ужо нідзе няма, — дзе­ліцца меркаваннем Уладзімір Іосіфавіч, — гэта вам не сучасныя “крыжыкі-нулікі” ці так званае тэсціраванне. Падрыхтоўка, лічу, была больш грунтоўнай”.

Вучылішча Уладзімір Стасевіч закончыў з чырвоным дыпломам і вярнуўся ў Беларусь. Можна было ехаць і ў іншыя рэгіёны неабсяжнай краіны, але малады спецыяліст выбраў месца бліжэй да дому і трапіў у Мінскае абласное ўпраўленне пажарнай аховы на пасаду інспектара аддзела службы і падрыхтоўкі. У яго абавязкі ўваходзіла распрацоўка метадаў і спосабаў тушэння, выезды на пажары па ўсёй вобласці і кіраванне іх ліквідацыяй.

У 1983 годзе Уладзімір Іосіфавіч паступіў у Маскоўскую вышэйшую пажарную школу СССР. Пасля яе заканчэння быў прызначаны на пасаду старшага інспектара таго ж упраўлення, а потым — намесніка начальніка штаба пажаратушэння сталічнай вобласці. Выязджаў на ўсе буйныя пажары, якія адбываліся на гэтай тэрыторыі.

— Які пажар для вас быў самы складаны? — пытаюся ў ветэрана.

Уладзімір Іосіфавіч крыху задумаўся, а потым усё ж такі расказаў:

— Гэта было шмат год таму на чыгуначнай станцыі “Пухавічы”. З Наваполацка ішоў цягнік з нафтапрадуктамі. Адна з цыстэрнаў была дрэнна зачынена, і на чарговым перагоне падчас тармажэння бензін выліўся на чыгуначнае палатно і ад іскры загарэўся. А тут такая спецыфіка: калі ў чыгуначным вагоне перагарае паветраны  шланг, ён аўтаматычна тармозіцца і спыняецца. Дык вось, цягнік спыніўся якраз на гэтай станцыі. У выніку харчовыя і прамысловыя склады раёна, крамы, якія знаходзіліся побач, згарэлі. Не ведаю, ці ўяўляеце вы, як гараць цыстэрны з бензінам, але іх, ахопленых полымем, даводзілася расчапляць, каб агонь не перакінуўся на іншыя. А гарэла іх восем. Многія людзі, якія тушылі гэты пажар, атрымалі ўрадавыя ўзнагароды.

А яшчэ Уладзіміру Іосіфавічу даводзілася забяспечваць супрацьпажарныя мерапрыемствы падчас розных падзей, у тым ліку дзяржаўнага ўзроўню. Напрыклад, у Таліне, калі праводзіліся Алімпійскія гульні 1980 года, забяспечваў ахову пажарнай бяспекі і грамадскага парадку алімпійскай паруснай рэгаты. Як памяць пра гэтыя па­дзеі — Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета Эстонскай ССР. Дарэчы, сярод узнагарод ветэрана пажарнай службы — медаль “За адвагу на пажары”, два медалі “За бездакорную службу” ІІ і ІІІ ступеняў.

На сваю малую радзіму Ула­дзімір Стасевіч вярнуўся 1 верасня 1993 года, калі пайшоў на пенсію Адам Пражэнік і з’явілася вакансія начальніка пажарнай часці ў Мядзеле. На яго долю выпала праводзіць ваенізацыю пажарнай службы. Доўжылася яна тры месяцы, але праходзіла складана і нават балюча. Трэба было набраць у штат 103-х чалавек, зрабіць ім дыскрэдытацыю (праверыць на наяўнасць правапарушэнняў, прайсці складаную медка­місію), некага звольніць ці адправіць на пенсію і г. д. А потым пайшла звычайная работа — тушэнне пажараў і работа па іх папярэджанні. Уладзімір Іосіфавіч узгадвае, што на той час у раёне пражывала больш за 46 тысяч жыхароў, а за год набіралася каля 400 выездаў. І гэта была не самая высокая лічба ў вобласці. З часам і яна стала змяншацца, раён па гэтым паказчыку нават нейкі час стаў займаць лідзіруючую пазіцыю. Заўсёды Уладзімір Стасевіч імкнуўся выкарыстоўваць вопыт папярэднікаў і прыслухоўвацца да меркавання калег. З павагай і ўдзячнасцю ўзгадвае ён сёння начальніка атрада Вячаслава Таразевіча, аператыўнага дзяжурнага Віктара Гараднічага, вадзіцеля Пятра Гудкова, а таксама Адама Пражэніка, Івана Івашку, Дзмітрыя Чарняўскага, Уладзіміра Гарыцкага, Паўла Шукейлу. Гэта людзі, якія не толькі шмат год аддалі пажарнай службе, але і шчодра дзяліліся сваім унікальным вопытам з маладым папаўненнем. Добрых слоў, на думку былога начальніка, заслугоўваюць і сённяшнія супрацоўнікі райаддзела, якія пачыналі несці службу пры Ула­дзіміру Іосіфавічу, а менавіта Ігар Прахаровіч, Алег Варабей.

Прафесія пажарнага, ці як зараз яшчэ дадаюць, выратавальніка, уваходзіць у дзясятак самых небяспечных. Таму, каб ім стаць, трэба добра ўзважыць усе “за” і “супраць”. А вось Уладзімір Стасевіч тым, хто збіраецца выбраць для сябе такі шлях у жыцці, раіць перш за ўсе добра адносіцца да людзей. Не па прынцыпу “чалавек чалавеку — воўк”. Заўсёды лягчэй выконваць пастаўленыя задачы разам, працаваць і ведаць, што ты можаш разлічваць на падтрымку калег, сяброў, не саромецца раіцца, сябраваць між сабой і сем’ямі. Бо можна падыходзіць для службы па фізічнай падрыхтоўцы, па медыцынскіх паказчыках, але не атрымліваць ад яе задавальнення. І ўвогуле, каб адчуць сябе сапраўдным пажарным, трэба выехаць не на адзін пажар, патушыць не адно балота. Ведаць асаблівасці мясцовасці, а сёння яшчэ валодаць і ўменнем падрыў­ніка, вадалаза, бо функцыі ў выратавальнікаў значна пашырыліся.

Дынастыя Стасевічаў мае працяг. Сёння ў структуры МНС працуюць яго зяць і дачка. У далейшым магчыма і сярод чатырох унукаў, якіх мае Уладзімір Іосіфавіч, знойдуцца ахвочыя звязаць свой лёс з высакароднай прафесіяй. Час пакажа.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: ветэран пажарнай службы Уладзімір Стасевіч.

Фота Георгія Прысмакова.



30 лiпеня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Царква ў Слабадзе img_4257

Пабрацімы Мядзела