Справы “каралеўства” | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Справы “каралеўства”

ТАВАР, у якасці якога ўпэўнены, прадаваць, вядома, лягчэй. А калі ён яшчэ і карысны для здароўя, справа ўвогуле прыносіць задавальненне. Мае думкі пацвердзіліся падчас размовы з Паўлам Рашкевічам, які прапаноўвае мядзяльчанам і жыхарам раёна артапедычныя матрацы і мэблю для спальні. 27-гадовы індывідуальны прадпрымальнік у маі мінулага года ўзяў у арэнду памяшканне на трэцім паверсе будынка мядзельскага камбіната бытавога абслугоўвання і стаў гаспадаром магазіна “Каралеўства сну”.

— Павел, з чаго ўсё пачыналася? І чаму менавіта матрацы? — цікаўлюся.

— У Мінску ў свой час уладкаваўся на работу менеджарам аптова-рознічнага гандлю ад сеткі магазінаў “Каралеўства сну”, — расказвае хлопец. — Вывучыў асартымент, характарыстыкі тавару, унік у нюансы работы і прыйшоў да думкі, што такі магазін можна адкрыць дома ў Мядзеле. Зараз многія пачалі звяртаць увагу на здароўезберагаючыя сучасныя тэхналогіі, у тым ліку і на ўмовы паўнацэннага і карыснага сну. А тут ёсць магчымасць заказаць матрац, які будзе ўлічваць усе пажаданні чалавека: індывідуальны памер, у тым ліку і нестандартны, малюнак і колер, пажаданая жорсткасць. Нават можна падабраць спружынныя блокі з улікам максімальнай нагрузкі на спальнае месца. Словам, каб і спалася добра, і ў той жа час для спіны карысна было. А ранейшая шчыльная работа з вытворчасцю дазваляе кансультаваць пакупнікоў.

— Ці доўга трэба чакаць заказ і, наогул, адкуль яго прывязуць? — удакладняю.

— Пачакаць давядзецца дзён дзесяць. А шыюць матрацы ў Беларусі, выкарыстоўваючы імпартныя матэрыялы фірмы “Кондар”. Калі ж да матраца падбіраецца ложак (а яны — з сучасным дызайнам ад класікі да хайтэка, зробленыя з драўніны, метала і нават скуры), то іх вытворчасць поўнасцю замежная. Гэтым, дарэчы, і абумоўліваецца кошт прадукцыі, які ў многім залежыць ад курса валюты.

З далейшай размовы даведваюся, што па адукацыі Павел — інжынер-будаўнік аўтамабільных дарог. Ён закончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, два гады працаваў па спецыяльнасці на Пастаўшчыне, адслужыў у рэзерве Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. А потым вырашыў паспрабаваць сябе ў іншай дзейнасці. Яно, можа, і апраўдана: каб упэўніцца, што знайшоў сваё, трэба шукаць і не баяцца спрабаваць.

Іна Ярчак.

На здымку: гаспадар магазіна “Каралеўства сну” Павел Рашкевіч.



30 лiпеня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь, Прадпрымальнасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 лебедзі на Мястры возера Глубелька     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси