І чатыры абласныя цэнтры | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

І чатыры абласныя цэнтры

БОЛЬШ за два дзесяцігоддзі вучні разам з настаўнікамі нашай школы кожнае лета садзяцца на веласіпеды і калясяць па роднай зямлі. Не стала выключэннем і сёлетняе. Юныя турысты 6-7 класаў здзейснілі захапляючае падарожжа па маршруце: Нарач — Вішнева — Жодзішкі — Гервяты — Міхалішкі — Сарачанскія азёры — Камарова — возера Малыя Швакшты — возера Вялікія Швакшты — Свіраны — Нарач. Яны мелі магчымасць акрэпнуць фізічна, зарадзіцца энергіяй прыроды, навучыцца пераадольваць цяжкасці, павысіць спартыўна-турыстычнае майстэрства.

Апошнія шэсць год у школе стала таксама добрай традыцыяй арганізоўваць шматдзённыя аўтобусныя падарожжы па нашай краіне. Год моладзі многім запомніцца цікавай і паспяховай вандроўкай па маршруце: Нарач — Барысаў — Орша — Александрыя — Магілёў — Бабруйск — Гомель — Нацыянальны парк “Прыпяцкі” — Мікашэвічы — Тураў — Пінск — Кобрын — Брэст — Косава — Ружаны — Ваўкавыск — Гродна — Аўгустоўскі канал — Ліда — Ашмяны — Гервяты — Нарач. Паўсотні вучняў і настаўнікаў на аўтобусе Нацпарку “Нарачанскі” пераадолелі больш за 2200 кіламетраў. За шэсць дзён наведалі чатыры абласныя цэнтры, праехалі па тэрыторыі 39 раёнаў. Пабывалі на малочным заводзе ў Тураве, у Кобрыне — на вытворчасці па выпуску дэталей да трактароў “Беларус”. Нашы настаўнікі на працягу ўсёй экскурсіі рас­павядалі пра гіс­тарычныя факты, узгадвалі цікавае пра тыя мясціны, па якіх імчаў наш аўтобус.

Моцныя ўражанні засталіся ад велічы гранітнага кар’ера, што каля Мікашэвічаў, Астравеччыны, дзе ўзво­дзіцца першая ў краіне атамная электрастанцыя, агратурыстычнага комплексу “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы” пад Гродна. У Гервятах любаваліся адметным касцёлам і прыгажосцю ландшафтнага дызайну каля яго. Наогул, у гэтай паўночна-заходняй частцы нашай краіны шмат архітэктурных шэдэўраў, гістарычных мясцін. Асабліва вы­дзяляюцца стара­даўнія палацы Крэўскага, Гальшанскага замкаў. На нашым шляху прыадчынялі гістарычныя старонкі Лідскі замак, Косаўскі і Ружанскі палацы, сядзіба Тадэвуша Касцюшкі, якія аднаўляюцца. Запалі ў памяць амаль адзіная ў свеце царква абарончага тыпу ў вёсцы Мураванка, Тураўскае гарадзішча, палац Румянцава-Паскевічаў у Гомелі, Бабруйская цытадэль…

Наша школа здаўна сябруе з адміністрацыяй Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Разам удзельнічаем у розных экалагічных мерапрыемствах. А ў гэтым падарожжы з дапамогай яго супрацоўнікаў былі ажыццёўлены цікавыя экскурсіі па Нацпарку “Прыпяцкі”, на Аўгустоўскі канал. Так, па галоўнай воднай артэрыі Палесся Прыпяці з ветрыкам пракаціліся на мясцовым “цеплаходзіку”. Цудоўныя ўражанні засталіся і ад пераправы на шлюзе Дамброўка, што на Аўгустоўскім канале. Вялікая кампанія вандроўнікаў аказалася дружнай. Штодзень, вечарам ставілі, а раніцай згортвалі палатачны лагер, гатавалі вячэру, сняданак. Надвор’е стаяла, як па заказу: па-сапраўднаму летнія дзянькі. Удалося і накупацца ўволю, і нагуляцца. Вечарамі падоўгу сядзелі ля вогнішча, успаміналі ўбачанае за прайшоўшы дзень, апавядалі розныя гісторыі, забаўляліся, марылі.

У падарожжы не абыходзіцца без цяжкасцей, аднак гэта нас не засмучае. Мы больш увагі звяртаем на добры настрой, падтрымліваем адзін аднаго. Заўсёды здзіўляемся, як хутка пралятаюць дні падарожжа. Вось і цяпер, ззаду шэсць дзён вандроўкі, а здаецца — толькі што ад’ехаліся ад роднай школы. Таксама хочацца сказаць словы падзякі нашым добрасумленным кіроўцам аўтобуса Сяргею Баразне і Валерыю Машко. А па завяршэнні паездкі можам сцвярджаць: падарожнічаць па мілай сэрцу Беларусі вельмі цікава, пазнавальна і карысна. Далучайцеся!

В. ЖАЛУБОЎСКІ.

Настаўнік інфарматыкі і матэматыкі Нарацкай сярэдняй школы №1.

На здымках: у час захапляльных сёлетніх вандровак.



23 лiпеня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Падарожжы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  Касцёл у Шэметава   від на Мядзел Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси