Калі да работы ляжыць душа

Здаецца, зусім нядаўна адзначалі Дзень кааперацыі, а тут зноў у работнікаў прылаўка чарговае прафесійнае свята. Вось і пацікавілася ў намесніка старшыні райПО па кадрах і ідэалагічнай рабоце Таццяны Крыштопы пра каго на гэты раз напісаць на старонках мясцовага перыядычнага выдання. Практычна адразу і адказ на сваё пытанне атрымала з указаннем канкрэтнага адраса месца працы герояў газетнай публікацыі: другі паверх універмага.

Я, як і многія мядзельчане, даволі часта бываю ў розных крамах. А таму магу параўнаць работу нашых гандляроў і суседзяў. Лічу, што ніколькі не пакрыўлю душой, калі скажу, што мне асабіста падабаецца заходзіць у наш універмаг, асабліва на другі паверх. І справа не толькі ў розных таварах, якія можна набыць, але і людзях, якія там працуюць. У іх ветлівасці, добразычлівасці, неабыякавасці. Не адзін раз назірала, як прадаўцы з усмешкай на твары сустракалі сваіх кліентаў. Цярпліва адказвалі на іх пытанні, ветліва абслугоўвалі, запрашалі прыходзіць за новымі пакупкамі. Што датычыць тавараў, то яны сапраўды разнастайныя. Ёсць адзенне, абутак, пасцельная бялізна, ручнікі, калготкі, шкарпэткі, канцылярская і галантарэйная прадукцыя, ювелірныя вырабы, сувеніры, парфумерыя… Пераважна айчыннай вытворчасці. Як расказала загадчыца-прадавец Алена Шашура, пастаянна вытрымліваецца неабходны асартыментны пералік тавараў. З улікам патрабаванняў пакупнікоў падаюцца заяўкі на прадукцыю, якая карыстаецца найбольшым попытам. Дарэчы, жадаючыя могуць сабе набыць штосьці і з ювелірных вырабаў: з золата, серабра, выбар якіх для невялікага правінцыяльнага гарадка даволі багаты. Праводзяцца ў апошнія гады і розныя акцыі. Карыстаецца попытам штомесячная “Ноч скідак”, калі патрэбны тавар можна набыць на 10% танней. Зараз, напрыклад, можна паўдзель­нічаць у акцыі “Час купляць” — на пазасезонную прадукцыю, якая прадаецца са скідкай 30%.

—  Раскажыце, калі ласка, пра сваю работу, калектыў, які ўзначальваеце, — прашу сваю суразмоўцу.

— Акрамя мяне, — кажа Алена Славаўна, — у нашым аддзеле працуюць яшчэ два прадаўцы — Ганна Хацяновіч і Тамара Субач. Першая з іх ужо шэсць год шчыруе ў гандлі, другая — крышку менш: тры гады. Кожнай з іх давяраю як сабе. Працуем па цякучым графіку. Стараемся быць да пакупнікоў уважлівымі, ветлівымі. Інакш у такой галіне нельга. Задаволены, калі наведвальнікі пакідаюць аддзел з пакупкамі, калі прыходзяць да нас за новымі таварамі. Шмат бывае і адпачываючых са здраўніц. Ім таксама максімум увагі. Вельмі хочацца, каб бачылі, што на Мядзельшчыне не горш, чым у іх дома, арга­нізаваны гандаль. Што і тавараў хапае, і культура абслугоўвання на ўзроўні. Асаблівую цікавасць у іх выклікае наша беларуская сувенірная прадукцыя. Вядома ж, кожнаму хочацца прывезці на радзіму штосьці адметнае з мясцін, дзе праходзіў адпачынак. Мы таксама вельмі рады, калі бачым, што госці задаволеныя, з пакупкамі, пакідаюць наш аддзел. Прыемна і тое, што мы не толькі дапамагаем ім набыць цікавячую іх рэч, але і разам з работнікамі нарачанскіх здраўніц працуем на падняцце іміджу раёна. Вельмі хочацца, каб прыезджыя, асабліва з-за мяжы, пакідалі Мядзельшчыну напоўненыя добрымі ўражаннямі пра наш цудоўны азёрны край і яго шчырых людзей.

—  А самі колькі працуеце ў гандлі, — цікаўлюся ў сваёй субяседніцы.

—  Парадкам ужо. Прыйшла на работу ва ўнівермаг у 1998 годзе. Пачынала прадаўцом ювелірнага аддзела яшчэ на першым паверсе. Затым, як магазін перайшоў у падпарадкаванне райПО, нас перавялі на другі. Самі пасля рамонту наводзілі парадак, цягалі стэлажы, раскладвалі тавары. Тады было вельмі пуста ў магазіне. Сёння напаўняльнасць прадукцыяй зусім іншая. Вядома, вялікая заслуга ў гэтым старшыні праўлення райПО Аксаны Грузд і дырэктара Крывіцкага рознічна-гандлёвага прадпрыемства Зінаіды Зямчонак. Па якіх бы пытаннях не звярнулася, заўсёды адчуваю іх падтрымку. Вялікі дзякуй ім за гэта. А што датычыць мяне, то я знайшла сябе ў гандлі і гэтаму вельмі рада. Мне пашчасціла займацца справай, якая падабаецца, да якой ляжыць душа. З радасцю іду на работу і ў добрым настроі вяртаюся з яе дадому. Што, згадзіцеся, вельмі важна ў жыцці кожнага чалавека.

Тры гады Алена Шашура ўзначальвае аддзел. Цяпер адказвае не толькі за сябе, але і за работу сваіх падначаленых. Калектывам, у якім працуе, задаволена. Называе яго старанным, дружным, зладжаным. Сцвярджае, што дзяўчаты, таксама як і сама, вельмі любяць сваю работу і выконваюць яе з душой, і да людзей тактычныя, ветлівыя.

На развітанне Алена Славаўна папрасіла павіншаваць праз газету з прафесійным святам работнікаў гандлю. Яе пажаданне з радасцю выконваю. Зычу ўсім, хто працуе ў гэтай сферы, моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавой, выканання тавараабароту і, вядома ж, поспехаў і ўдзячных пакупнікоў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: прадавец Ганна Хацяновіч і загадчыца-прадавец аддзела Алена Шашура.

Фота Георгія Прысмакова.



23 лiпеня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 Касцёл у Шэметава   Царква ў Слабадзе wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси