Пенсія па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы

У адпаведнасці з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы незалежна ад месца апошняй работы маюць:

а) работнікі, занятыя поўны рабочы дзень на падземных работах, на работах з асабліва шкоднымі і асабліва цяжкімі ўмовамі працы, — па спісе №1 вытворчасцей, работ, прафесій, пасад і паказчыкаў і па выніках атэстацыі рабочых месцаў: мужчыны — па дасягненні 50 год і пры стажы работы не менш за 20 год, з якіх не менш за 10 год — на ўказаных работах; жанчыны — пры дасягненні 45 год і пры стажы работы не менш за 15 год, з якіх не менш 7 гадоў 6 месяцаў — на ўказаных работах. Работнікі, якія маюць не менш паловы стажу работы з асабліва шкоднымі і асабліва цяжкімі ўмовамі працы, пры наяўнасці стажу работы не менш за 25 гадоў у мужчын і 20 — у жанчын  пенсіі назначаюцца са змяншэннем узросту, прадугледжанага  артыкулам 11 гэтага Закона, на 1 год — за кожны поўны год такой работы мужчынам і за кожныя 9 месяцаў такой работы жанчынам;

б) работнікі, занятыя поўны рабочы дзень на іншых работах са шкоднымі і цяжкімі ўмовамі працы, — па спісе №2 вытворчасцей, работ, прафесій, пасад і паказчыкаў і па выніках атэстацыі рабочых месцаў: мужчыны — па дасягненні 55 гадоў і пры стажы работы не менш за 25 год, з якіх не менш 12 гадоў 6 месяцаў — на ўказаных работах; жанчыны — па дасягненні 50 год і пры стажы работы не менш за 20 год, з якіх не менш за 10 — на ўказаных работах. Работнікам, якія маюць  не менш паловы стажу работы са шкоднымі  і цяжкімі ўмовамі працы, пры наяўнасці стажу работы не менш за 25 гадоў у мужчын і 20 гадоў у жанчын, пенсіі назначаюцца са змяншэннем узросту, прадугледжанага артыкулам 11 гэтага Закона, на 1 год — за кожныя 2 гады 6 месяцаў такой работы мужчынам і за кожныя 2 гады такой работы жанчынам;

в) работніцы тэкстыльнай вытворчасці, занятыя на станках і машынах, — па спісе вытворчасцей і прафесій, зацверджаных у парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, — па дасягненні 50 гадоў і пры стажы ўказанай работы не менш за 20 гадоў;

г) жанчыны, якія працуюць трактарыстамі-машыністамі, машыністамі будаўнічых, дарожных і пагрузачна-разгрузачных машын, зманціраваных на базе трактароў і экскаватараў, — па дасягненні 50 гадоў і пры стажы работы не менш за 20 гадоў, з якіх не менш 15 гадоў — на ўказанай рабоце;

д) трактарысты-машыністы, якія непасрэдна заняты ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі: мужчыны — па дасягненні 55 гадоў і пры стажы работы не менш за 25 гадоў, з якіх не менш за 20 гадоў — на ўказанай рабоце;

е) жанчыны, якія працуюць даяркамі (аператарамі машыннага даення), цялятніцамі, свінарамі-аператарамі ў калгасах, саўгасах, іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі, — па дасягненні 50 гадоў і пры стажы ўказанай работы не менш за 20 гадоў пры ўмове выканання ўстаноўленых норм абслугоўвання. Нормы абслугоўвання для гэтых мэт устанаўліваюцца ў парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

ж) вадзіцелі гарадскога пасажырскага транспарта (аўтобусы, тралейбусы, трамваі) і асобных прыгарадных маршрутаў, па ўмовах працы прыроўненыя да гарадскіх перавозак: мужчыны — па дасягненні 55 гадоў і пры стажы работы не менш за 25 гадоў, з якіх не менш за 20 гадоў — на ўказанай рабоце; жанчыны — па дасягненні 50 гадоў і пры стажы работы не менш за 20 гадоў, з якіх не менш за 15 год — на ўказанай рабоце. Прыраўнанне асобных гарадскіх маршрутаў па ўмовах працы да гарадскіх перавозак ажыццяўляецца ў парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

з) работнікі экспедыцый, партый, атрадаў, участкаў і брыгад, якія непасрэдна заняты на палявых геолагаразведачных, гідралагічных, лесаўпарадкавальных і пошукавых работах: мужчыны — па дасягненні 55 гадоў і пры стажы работы не менш за 25 гадоў, з якіх не менш за 20 гадоў — на ўказанай рабоце; жанчыны — па дасягненні  50 гадоў і пры стажы работы не менш за 20 гадоў, з якіх не менш за 15 гадоў — на ўказанай рабоце. Пры гэтым перыяд работы непасрэдна ў палявых умовах на працягу паўгода ці больш паўгода залічваецца за год работы, менш паўгода — па фактычнай працягласці, а на сезонных работах — у адпаведнасці з артыкулам 53 гэтага Закона.

З 1 жніўня 2014 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2014 года № 190-З “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях пенсіённага забеспячэння”.  Права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы захоўваецца толькі за работнікамі, якія да 1 сту­дзеня 2009 года выпрацавалі не менш паловы поўнага стажу работы з асаблівымі ўмовамі працы, які патрабуецца для назначэння датэрміновай пенсіі (па спісе №1 у мужчын не менш за 5 год, жанчын — не менш за 3 гады 9 месяцаў; па спісе №2 у мужчын не менш 6 гадоў 3 месяцаў, у жанчын — не менш за 5 гадоў). Работнікі, якія да 1 студзеня 2009 года выпрацавалі менш паловы поўнага стажу работы з асаблівымі ўмовамі працы, які патрабуецца для назначэння  датэрміновай пенсіі  са сродкаў агульнай пенсіённай сістэмы, маюць права на назначэнне датэрміновай прафесіянальнай пенсіі з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Гатовы пакет дакументаў прадстаўляецца ў пенсіённы аддзел упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па месцы прапіскі работніка. Пенсія назначаецца з дня падачы заявы, аднак не раней узнікнення права на яе. У выпадку несвоечасовага альбо няпоўнага прадстаўлення дакументаў, альбо падачы дакументаў, якія ўтрымліваюць няпоўныя звесткі, арганізацыя нясе адказнасць перад пенсіянерам, згодна з артыкулам 76 Закона Рэспублікі  Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні”.

Калі будучы пенсіянер па якіх-небудзь прычынах не працуе, то ўсе неабходныя дакументы ён збірае самастойна, папярэдне звярнуўшыся за кансультацыяй у пенсіённы аддзел упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па месцы жыхарства.

Стаж работы пасля назначэння пенсіі па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы ў стаж не залічваецца, калі пенсіянер атрымлівае пенсію. Пенсію па выбары можна атрымліваць праз банк альбо паштовае аддзяленне.

Т. ПРУДНІКАВА.

Начальнік пенсіённага аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.



17 лiпеня 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  Рэчка Нарачанка        84 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела