Абутак адрамантуюць у… магазіне

З ВОСЕНІ мінулага года аказаннем бытавых паслуг насельніцтву раёна займаецца Мядзельскае райспажыўтаварыства. Узначальвае гэты ўчастак — Таццяна Бурачонак. Да яе і звярнулася з просьбай расказаць пра самыя запатрабаваныя сёння бытавыя паслугі, якія аказвае райПО, а таксама патлумачыць, наколькі яны даступныя для жыхароў Мядзельшчыны:

— У раёне функцыянуюць два Дамы быту: у Мя­дзеле і курортным пасёлку Нарач. Таксама працуюць комплексныя прыёмныя пункты (КПП) у аграгарадках Нарач, Занарач, Свір, Крывічы, Сваткі і Старыя Габы. Акрамя гэтага, усе магазіны сістэмы райспажыўтаварыства прымаюць заказы на асобныя віды паслуг. Гэта рамонт швейных вырабаў, абутку, чыстка пер’евых падушак і іншыя.

— Гэта значыць, каб, напрыклад,  пачысціць падушкі, чалавеку дастаткова звярнуцца ў магазін?

— Так. Прадавец аформіць заказ і накіруе яго ў Мядзел. У Доме быту на спецыяльнай машыне пер’е перасыпаецца, прапускаецца праз інфрачырвоныя промні і змяшчаецца ў насыпку. Падушка будзе як новая: пышная і свежая. Таксама тут і набойкі на абцасы паставяць, і маланку ў куртцы памяняюць. Спіс паслуг вывешаны на лістоўках у кожным магазіне. На працягу тыдня заказ выканаюць. Застанецца заплаціць і забраць свае рэчы.— Таццяна Аляксееўна, а як часта ў населеныя пункты раёна выязджае цырульнік?

— У Княгінін, напрыклад, майстар наведваецца ў кожную другую сераду месяца. Выязджае цырульнік таксама ў Сваткі (другая пятніца месяца), Старыя Габы (чацвёрты аўторак месяца), Занарач (другі чацвер месяца). Людзі ўжо прывыклі да сваіх майстроў, чакаюць іх і давяраюць ім.

— Раскажыце, калі ласка, чым яшчэ займаецеся і наколькі паспяхова?

— Ва ўсіх комплексных прыёмных пунктах і ў некаторых буйнейшых магазінах у продажы ёсць рытуальныя вянкі, вырабленыя ў нашым цэху. Прадаём таксама свае швейныя вырабы: пасцельную бялізну, наматраснікі, падушкі з напаўняльнікам “файбертэк”, коў­дры на сінтыпоне і ваціне. Нядаўна закупілі спецыяльную тканіну “вэлсофт” і прыступілі да пашыву пледаў. Да іх прыкладваюцца спецыяльныя дэкаратыўныя падушачкі. Шыем сучасныя прыгожыя лазневыя камплекты, у склад якіх уваходзіць вялікі ручнік з кішэняй, упрыгожанай вышыўкай на тэму мясцовых матываў. Прымаем заказы і на пашыў формы. Маем вязальны цэх, таму можам звязаць, напрыклад, світэр ці касцюм як для дзяцей, так і для дарослых. У планах — адкрыццё свайго магазіна ў памяшканні Дома быту, дзе будзе прадстаўлена ўся наша прадукцыя.

Са слоў Таццяны Аляксееўны, на яе ўчастку працуюць людзі з высокім прафесійным узроўнем, якія стараюцца паслугі і заказы выконваць якасна і ў тэрмін. Таму гэта павінна пазітыўна адбіцца на культуры, якасці і аб’ёмах бытавога абслугоўвання насельніцтва раёна.

Гутарыла Іна ЯРЧАК.

На здымку: начальнік участка бытавых паслуг Таццяна Бурачонак.

Фота Георгія Прысмакова.



25 мая 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12  возера Мястра  на Блакітных азёрах        Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела