Сметнікі ў Палессі: хто навядзе чысціню? | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Сметнікі ў Палессі: хто навядзе чысціню?

ПРЫЕМНА назіраць, як вясной ажывае прырода, зелянеюць дрэвы, квітнеюць вішні і яблыні. Але вясна раскрывае і звалкі. Іх, на жаль, яшчэ нямала.

У красавіку на Міншчыне праходзіў месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Менавіта ў гэтым накірунку працавалі людзі падчас абласнога і рэспубліканскага суботнікаў. Зроблена многа. Ліквідавана шмат несанкцыянаваных звалак, даведзены да ладу тэрыторыі, замацаваныя за прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі. Стараліся гаспадары добраўпарадкаваць свае прысядзібныя ўчасткі, дачы, але, на жаль, не ўсе адказна падышлі да справы. А часта ёсць і так: навялі парадак на сваім участку, а ўсё смецце — на суседні, ці ў бліжэйшае кустоўе. Маўляў, гэта не мая тэрыторыя і адказнасці за яе не нясу.

Хто стварыў звалку ў вёсцы Палессе ў кустоўі паміж прысядзібнымі ўчасткамі дамоў № 53 і 55, зараз высветліць даволі складана. Напэўна, сотні дзве пустых пластыкавых бутэлек, шмат шкляных, аднаразовыя шпрыцы, абрыўкі поліэтыленавай плёнкі і шмат іншага бытавога смецця можна тут убачыць. Нават маразільнік, які не адзін год спраўна служыў гаспадару, «упрыгожвае» гэта месца. Можна ўбачыць рулоны саломы, якая ўжо часткова згніла. Безумоўна, гэта смецце не прывезлі жыхары з Будслава ці Крывічоў. Выкінулі яго сюды верагодней за ўсё жыхары з бліжэйшых дамоў.

Побач з домам № 63 знаходзіцца пустуючы, а дакладней паўразбураная пабудова (на здымку). Тут даўно ніхто не жыве. Аб чым сведчаць абрэзаны ўвод ад лініі электраперадачы, выбітыя вокны, паламаныя рамы, заросшы пустазеллем падворак. А ў дадатак ён ператвораны ў звалку бытавога смецця. Чаго тут толькі не ўбачыш: пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, бляшанкі ад кансерваў, слоікі з агуркамі, вялікая куча металалому і многае іншае. Закіданая смеццем сядзіба выглядае жудасна. Казаць, што тут раней жылі неахайныя людзі, не даводзіцца. Бачна, што пакеты з адыходамі з’явіліся тут нядаўна і нават не паспелі выцвісці ад сонца. Зноў такі, сюды смецце і ўсё непатрэбнае выносіць не хто іншы, як жыхары бліжэйшых дамоў.

А знаходзіцца гэты дом даволі ў бойкім месцы. Штогод непадалёку ад яго праходзяць сотні пілігрымаў, якія кіруюцца да касцёла. І такая «прыгажосць», безумоўна, уражвае іх.

Сустрэліся са старшынёй Будслаўскага сельвыканкама Паўлам Швайкоўскім. Пра гэтыя звалкі ён ведае.

— Работнікі сельвыканкама неаднаразова прыбіралі такія звалкі. Мы сустракаемся з людзьмі, расказваем, просім, тлумачым. Аднак да многіх гэта не даходзіць, — гаворыць Павел Вячаслававіч. — Некаторыя пытаюцца, маўляў, а куды выкінуць сапсаваны халадзільнік, будаўнічае смецце? Аўтамабіль камунгаса не бярэ. Вось і выкідваюць у бліжэйшыя кусты.

— Але ж не справа работнікаў сельвыканкама пастаянна ўбіраць несанкцыянаваныя звалкі. Хапае ў іх і іншых важных спраў, — разважаю.

— Згодзен. Больш таго, ліквідаваць нелегальныя звалкі — паўбяды. Як прымусіць людзей не рабіць іх зноў? Штрафаваць? Згодна з адміністрацыйным кодэксам за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб адыходах прадугледжваюцца штрафы і не малыя. Але праблема ў тым, што складана даказаць, хто выкінуў смецце ў недазволеным месцы. Каб прыцягнуць чалавека да адміністрацыйнай адказнасці, яго фактычна трэба злавіць за руку, — чую ў адказ.

Вось і атрымліваецца, што смеццевыя звалкі ў асобных вёсках для іх жыхароў даўно сталі звыклым пейзажам. Вядома, гэта здараецца з-за нізкай культуры людзей, якія выкідваюць бытавыя адыходы, смецце за плот.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота Георгія Прысмакова.



30 красавiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Царква ў Слабадзе Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси