З максімальнай карысцю

У СУВЯЗІ са святкаваннем 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Годам моладзі і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у краіне 18 красавіка адбыўся рэспубліканскі суботнік. Актыўны ўдзел у ім прыняла і працоўная Мядзельшчына. У гэты дзень прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторый, прыводзілі ў належны стан помнікі, месцы баявой і вайсковай славы, рыхтавалі дзіцячыя аздараўленчыя лагеры да летняга сезона, дапамагалі і гаспадаркам у правядзенні палявых работ. Не засталі ў баку ад гэтай важнай справы і школьнікі. Для таго, каб суботнік прайшоў арганізавана, прынёс максімальную карысць, рашэннем раённага выканаўчага камітэта была створана рабочая група па яго падрыхтоўцы і правядзенні, дадзены канкрэтныя даручэнні адказным асобам, кіраўнікам адпаведных арганізацый і службаў.

І ў суботу людзі дружна накіраваліся на вызначаныя аб’екты. У прыватнасці, у райцэнтры ўжо з самай раніцы шчыравалі ля помніка вядомаму беларускаму паэту-земляку Максіму Танку члены РК “БРСМ” і прадстаўнікі працоўнага калектыву Мядзельскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Здаецца, не так і шмат тут клопату, але, як вядома, само не зробіцца. І цяпер вось прыемна кінуць вока, такі навялі парадак вакол помніка. Пастараліся мядзельцы ў гэты дзень і на іншых аб’ектах горада.

Завіталі ў вёску Дзягілі. Галоўны аграном гаспадаркі Віктар Жыхар патлумачыў:

— Сёння ў нас працуюць гараджане. Работнікі Мядзельскага цэха звадкаванага і прыроднага газу, а таксама “Беларусбанка” (мужчыны) збіраюць камяні ва ўрочышчы “Студзяніца”, а жанчыны з гэтай жа банкаўскай установы дапамагаюць наводзіць парадак на ферме. Ну, а самі дзягільцы — механізатары, жывёлаводы, паляводы — працуюць на сваіх рабочых месцах.

У вёсцы Чараўкі, нягледзячы, што зацерушыў дожджык, не спынялася работа на дзіцячай турбазе. Вось што расказала выконваючая абавязкі дырэктара ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна” Ядвіга Чарняўская:

— Мы тут заўсёды прымаем на адпачынак дзяцей з Дзяржынскага раёна. Вядома, трэба каб да іх прыезду ўсё было як належыць. У тым ліку тэрыторыя. Чым сёння і займаемся. Дружна сюды выехаў працоўны дэсант аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў колькасці пятнаццаць чалавек. Не прыгадаю, каб хоць калі на гэтым аб’екце працавала столькі людзей. А занятак усім адшукаўся. Каму даручылі пафарбаваць агароджу, каму яблынькі пабяліць, дровы спарадкаваць, каму тэрыторыю прыбраць. Так што не сорамна будзе сустракаць гасцей з Дзяржынска!

Значны аб’ём работ выканалі ў гэты дзень і ў санаторыі “Нарачанскі бераг”. Калі мы туды завіталі, там актыўна добраўпарадкавалі тэрыторыю. У прыватнасці, пабачылі, як старанна наводзілі чысціню на сваім участку работнікі пральні, кладаўшчыкі разам з іх загадчыцай Галінай Пракаповіч. Пры гэтым, як патлумачылі, меркавалі папрацаваць як мінімум да паловы пятай. Для сябе ж у рэшце рэшт!

А вось асабісты склад ваеннага камісарыята на чале з Алегам Радкевічам, члены Беларускага саюза афіцэраў і воіны-інтэрнацыяналісты ладзілі агароджу вакол вайсковага пахавання ў вёсцы Брусы. Тут знайшлі вечны спачын 400 рускіх салдат, якія ў час Першай сусветнай вайны прымалі ўдзел у знакамітай Нарачанскай аперацыі. Як патлумачыў Алег Леанідавіч, гэту работу яны распачалі яшчэ летась і вось цяпер даводзяць да лагічнага завяршэння.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Мікалай Калошка выконвае зварачныя работы ля месца пахавання рускіх салдат; 2. На добраўпарадкаванні тэрыторыі дзіцячай турбазы ў вёсцы Чараўкі; 3. Наводзяць парадак работнікі санаторыя “Нарачанскі бераг”.

Фота Георгія Прысмакова.



24 красавiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 Лебедзі на Нарачы Касцёл у Мядзеле  06-012

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси