Душу ветэрана вярэдзяць успаміны

resize-of-rotation-of-p6290005

Андрэй Сцяпанавіч Каўрус наш, мясцовы. Нарадзіўся ў вёсцы Лужы. У сям’і, акрамя яго, былі яшчэ два браты і дзве сястры. Усе дзеці раслі дружнымі, працавітымі. Змалку дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна майму суразмоўцу было шаснаццаць год. Ветэран успамінае, што практычна адразу пасля акупацыі ворагамі Мядзельшчыны пачаў развівацца партызанскі рух. Уліліся ў яго рады і многія вяскоўцы. Сам ён стаў сувязным атрада імя Чапаева, якім камандаваў М. Р. Сі­дзя­кін. Па даручэнні партызан юнак хадзіў у Мя­дзел, Княгінін, іншыя населеныя пункты, каб разведаць месца­зна­хо­джан­не немцаў і перадаць патрэбныя звесткі ў атрад.

- Сабраць цікавячую камандаванне інфармацыю, – расказвае Андрэй Сцяпанавіч, – мне дапамагалі члены сям’і Выр­віч з Мядзела, а таксама сёстры Соня і Оля Сільвановічы з Выгалавічаў. Асаблі­ва каштоўнымі былі звест­кі апошніх, бо дзякуючы ім ляцелі пад адхон цяг­нікі са зброяй і жывой сілай захопнікаў, якія перамяшчаліся ў княгінінскім напрамку па чыгунцы. Радавалася сэрца, што не даходзілі да фронту варожыя эшалоны, што фашысты не маглі спаць спакойна на акупіраванай імі тэрыторыі і адчуваць тут сябе сапраўднымі гаспадарамі.

Вёска Лужы была партызанскай. Непадалёку ад яе размяшчаліся летнія лагеры народных мсціўцаў, а таксама аэрадром, з дапамогай якога ажыццяўлялася сувязь з Вялікай Зямлёй. Таму населены пункт неаднаразова падвяргаўся бамбёжцы нямецкімі самалётамі. Яны праносіліся над самай зямлёй, скідаючы бомбы, страляючы па мірных жыхарах.

- Няпросты гэта быў час, – распавядае ветэран.- Многія ні ў чым невінаватыя людзі сталі ахвярамі фашызму, у тым ліку і мае землякі. А Брусы, наогул, паўтарылі лёс Хатыні. Там жывымі згарэлі ў агні і дзеці, і пажылыя людзі… Жудасна нават успамінаць, якія цяжкія выпрабаванні выпалі на долю нашага народа. Але ён не скарыўся, выстаяў. А ўсё таму, што на справядлівую барацьбу з захопнікамі падняліся ўсе: і малыя, і старыя. Зямля гарэла пад нагамі акупантаў. Прыемна, што непасрэднае дачыненне да тагачасных падзей маю і я.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Андрэй Каўрус быў прызваны ў дзеючую армію. Напачатку знаходзіўся ў Бабруйскім запасным стралковым палку, дзе праходзіў навучанне стральбе з вінтоўкі, вывучаў тонкасці сувязісцкай справы. А там неўза­баве і на фронт трапіў. У складзе 477-га артылерыйскага палка 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем легендарнага Чарняхоўскага вызваляў ад фашыстаў Літву, ваяваў ва Усходняй Прусіі. Памятае салдат і сёння, як браў разам са сваімі чатырма баявымі таварышамі  ў лютым 1945 года “языка”. Важнага, палкоўніка. Нездарма за ўдала прайшоўшую аперацыю ўсе хлопцы былі адзначаны. Андрэй Сцяпанавіч, напрыклад, атрымаў ордэн Славы III ступені. Пазней да яго дабавіліся і іншыя баявыя ўзнагароды… Толькі 15 кіламетраў не дайшоў салдат да Кеніг­сберга. Падчас наладжвання сувязі паміж пяхотным і артылерыйскім палкамі быў цяжка паранены.

- Нямецкі снайпер, – апавядае мой суразмоўца, – стрэліў у нагу. Лейтэнант перавязаў мне рану, а сам пайшоў далей выконваць заданне. Мяне ж падабралі санітары і аднеслі ў медсанбат. Пасля перанесенай аперацыі на санітарным поездзе адправілі далечвацца ў глыбокі тыл. Так апынуўся ў Кіраўскай вобласці, дзе ў шпіталі і Дзень Перамогі сустрэў. Колькі бы­ло слёз, радас­ці! Цалавалі адзін аднаго, абдымалі… Ніяк не верылася, што закончылася страшная вайна, што больш не будуць гінуць людзі.

Інвалідам II групы вярнуўся салдат на радзіму. А тут яго чакаў непачаты край работы. Трэба было ўзнаўляць калгасы. Не ўсе тады хацелі займацца калектыўным гаспадараннем на зямлі. Даводзілася людзей угаворваць. Нездарма першым уступіў у калгас бацька Андрэя Сцяпанавіча. Гледзячы на яго, пачалі запісвацца і ін­шыя вяскоўцы. Так і быў пакладзены пачатак правядзенню калектывізацыі ў Брусоўскім сельсавеце, дзе тады працаваў  сакратаром А. С. Каўрус. Затым 11 год ён адслужыў у аддзеле ўнутраных спраў. Гэта былі таксама няпростыя гады, супрацоўнікі органаў прымалі ўдзел у ліквідацыі бандыцкіх груп. Асабліва шмат іх было на тэрыторыі Слабодскага сельсавета. Малодшы лейтэнант ніколі не хаваўся за спіны іншых. Ён, як і на вайне, заўсёды быў наперадзе і вёў за сабой іншых. На не менш адказных пасадах ён пазней шчыраваў і на пошце. Дарэчы, ветэрана сувязісты памятаюць і зараз і не раз ставяць у прыклад маладым работнікам.

Хочацца сказаць, што ў жыцці Андрэя Сцяпанавіча разам з цяжкасцямі былі і прыемныя падзеі. Самыя галоўныя з іх – сустрэча са сваёй будучай жонкай Лідай і нараджэнне іх дружнай, працавітай сям’і. Шмат радасных хвілін ім абоім падаравала адзіная дачушка Галіна, якая вырасла надзвычай добрым, інтэлігентным, неабыякавым чалавекам. Галіну Анд­рэеўну любяць дзеці, паважаюць настаўнікі Мядзельскай САШ №1 імя У. М. Дубоўкі, дзе яна працуе. Радуюць ветэрана і яго другую палавінку таксама ўнукі. Сяргей, напрыклад, жыве ў Маскве, займаецца дыпламатычнай работай. Андрэй мае дзве адукацыі, працуе адвакатам Мя­дзельскай юрыдычнай кансультацыі. Абодва маюць ужо свае сем’і.

Як мне здаецца, у тым, што ўсё ўдала склалася ў жыцці дачушкі Галіны і яе сыноў, ёсць вялікая заслуга і Андрэя Сцяпанавіча Каўруса – чалавека мудрага, разважлівага, які пастаянна і ва ўсім быў прыкладам для сваіх родных. Дык няхай і надалей сэрца ветэрана цешаць дарагія яму людзі, а Бог дорыць яму здароўе, сілу і вечную маладосць душы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Андрэй Сцяпанавіч Каўрус.

Фота Таццяны Несцярэнка.



01 лiпеня 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

від на Мядзел _dsc1133-3 Касцёл у Шэметава   Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела