Леанід Жыхар пра шашкі: рускія і… “лятаючыя”

НАПРЫКАНЦЫ мінулага года ў “Нарачанскай зары” упершыню з’явілася рубрыка “Клуб 64”, адрасаваная аматарам баталій на клятчатай дошцы. Ініцыятарамі выступілі мядзельцы Фёдар Карпей і Леанід Жыхар. Менавіта іх шашачныя эцюды (разам з шахматнымі задачамі Яўгена Красоўскага) сталі рэгулярна змяшчацца на старонках “Нарачанкі”. Папрасіў Леаніда Іосіфавіча завітаць у рэдакцыю, каб падрабязней пагутарыць на ўзгаданую тэму. Тым больш, што была і канкрэтная нагода — ён стаў пераможцам чэмпіянату Мінскай вобласці 2014 года па рашэнні шашачных кампазіцый, які праводзіла газета “Мінская праўда” і упраўленне спорту і турызму Мінаблвыканкама, атрымаў нядаўна адпаведную грамату.

— Навучыўся гуляць у рускія шашкі, як і большасць, яшчэ ў дзяцінцтве, —расказаў Леанід Іосіфавіч. — А гадоў дваццаць таму ўжо сур’ёзна паставіўся да гэтай справы. Штуршком сталі менавіта шашачныя заданні, якія пабачыў у адным з перыядычных выданняў. Паспрабаваў — атрымалася. З’явілася цікавасць — і далей стаў рашаць кампа¬зіцыі, што змяшчалі газеты “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, часопісы. Пасля захацелася і ў практычнай гульні паспрабаваць свае сілы. Набыў спецыяльную літаратуру і стаў пашыраць тэарэтычныя веды. Напачатку ўдзельнічаў у раённых спаборніцтвах, а потым і ў абласных: у складзе каманды і асабіста. І цяпер вось пастаянна гуляю ў розных турнірах. Геаграфія паездак даволі шырокая — ад Пастаў да Мінска, Жодзіна і Барысава. А яшчэ працяглы час, гадоў пятнаццаць, гуляў па перапісцы і здолеў дасягнуць пэўнай вышыні — стаў кандыдатам у майстры спорту.

— Леанід Іосіфавіч, нагадайце, хто яшчэ ў раёне актыўна займаецца шашкамі?

— Самы моцны шашыст на сёння, канечне, мядзелец Леанід Козел. Таксама кандыдат у майстры спорту. Ён больш вопытны, спрактыкаваны. Зараз гуляе па перапісцы ў вышэйшай лізе. Калі выступаем разам у камандных турнірах, Леанід, як правіла, садзіцца за 1-ую дошку, а я за 2-ую. Як кажуць, па рангу. Варта таксама назваць мядзельцаў Уладзіміра Муравейку, Івана Якімца, Валерыя Брэсцкага з Нарачы, Валянціна Позныша з вёскі Камарова, Сяргея Грышкевіча з Восава. Добрыя вынікі апошнім часам паказвае Фёдар Карпей. І, дарэчы, нядаўна стаў пераможцам конкурсу па рашэнні шашачных эцюдаў “Бліц-37”, што быў аб’яўлены ў “Настаўніцкай газеце”. А з жанчын найперш хачу адзначыць Леанарду Пашкевіч з Мядзела. Летась на раённых спаборніцтвах яна заняла ў мужчынскім турніры ганаровае трэцяе месца! На жаль, няшмат у нас праводзіцца шашачных турніраў. Ды і моладзь не вельмі актыўна далучаецца да гэтай гульні. Адсюль — слабыя вынікі на абласных спаборніцтвах.

— Наколькі мне вядома, у шахматах, дзе нават цяжка падлічыць колькасць варыянтаў, ставяцца пад сумненне далейшыя перспектывы гэтай старажытнай гульні. Для захавання цікавасці прыдумалі нават “Шахматы Фішара” з вольнай расстаноўкай фігур у пачатковай пазіцыі. У такім выпадку, што ўжо казаць пра шашкі…

— Сапраўды, на грасмайстарскім узроўні ўсё дасканальна вывучана, тым больш, у шашках. Каб не даць ім “памерці”, таксама робяцца пэўныя захады. У апошнія часы ў рэспубліцы на турнірах рознага ўзроўню пачалі практыкаваць так званыя “лятаючыя” шашкі. Гэта калі асобныя белая і чорная шашкі ў пачатку гульні мяняюцца на дошцы месцамі. Атрымліваецца нязвыклая стартавая пазіцыя, дзе ніякая тэорыя не дапаможа. Нават грасмайстру. Так што трэба пад¬ключаць ужо ўласны розум! А што тычыцца шашыстаў-аматараў, тут і па сёння ніякіх праблем не існуе. Гуляй сабе, атрымлівай задавальненне!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: Фёдар Карпей і Леанід Жыхар за распрацоўкай чарговага задання.

Фота Георгія Прысмакова.



10 сакавiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-170 Рэчка Нарачанка         возера Мястра  _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела