Ёсць павага, аўтарытэт

ПА сутнасці, большая частка жыцця Ганны Дзевялтоўскай звязана з Мядзельшчынай. Праўда, нарадзілася яна ў Язнях суседняга Вілейскага раёна. А таму, як і многія дзеці з гэтага і іншых населеных пунктаў, размешчаных непадалёку ад Крывічоў, заканчвала сярэднюю школу ў гарадскім пасёлку. Затым былі вучоба ў Юрацішкаўскім медыцынскім вучылішчы, работа ў Маладзечне.

Пасля замужжа, а суджаным Ганны стаў хлопец з Крывічоў, пастаянным месцам жыхарства сям’і Дзевялтоўскіх стала маленькая радзіма Леаніда. Напачатку жанчына працавала ў хірургічным аддзяленні, затым аперацыйнай медсястрой. А з 1986 года яна — галоўная медсястра тагачаснай Крывіцкай другой раённай бальніцы, а ў апошнія гады — старшая медсястра гэтай жа, толькі ўжо ўчастковай, бальніцы. Абавязкаў, вядома, хапае і адказнасці таксама. Даводзіцца весці табель уліку рабочага часу, складаць графікі дзяжурства медперсаналу, заказваць і атрымліваць неабходныя лекі, сачыць за захаваннем санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму. А яшчэ і за работу падначаленых адказваць і, найперш, сярэдняга і малодшага звяна. Па сумяшчальніцтву выконвае абавязкі дыетсястры. Аднак не прывыкаць Ганне Станіславаўне да цяжкасцей. У яе, як у клапатлівай гаспадыні, да ўсяго ёсць справа, за ўсіх і за ўсё хвалюецца яе сэрца. Таму і не дзіўна, што да медыка са стажам, да таго ж такога энергічнага, ініцыятыўнага, неабыякавага, з павагай адносяцца ў калектыве. Да яе мудрых парад і заўваг прыслухваецца кіраўніцтва лячэбнай установы. Загадчык бальніцы Ігар Міхайлавіч Новік знайшоў у асобе старшай медсястры сваю надзейную памочніцу. Карыстаецца Ганна Дзевялтоўская аўтарытэтам і сярод мясцовых жыхароў, якім па волі лёсу даводзіцца наведваць мясцовую бальніцу і лячыцца тут.

З 1988 года і да гэтага часу з’яўляецца Ганна Станіславаўна нязменным прафсаюзным лідарам. Напачатку шмат гадоў запар узначальвала прафсаюзны камітэт бальніцы, а з пазалеташняга года — прафсаюзную групу. Да свайго грамадскага даручэння адносіцца вельмі адказна. Менавіта дзякуючы прафкаму работнікі ўстановы аб’ехалі амаль усю Беларусь. Пабывалі ў Полацку, Хатыні, на “Лініі Сталіна”, у Мосары, Жыровіцкім манастыры, Нясвіжскім замку, многіх іншых славутых месцах нашай краіны. Акрамя таго, з задавальненнем наведвалі разам з дзецьмі цырк, тэатры.

— Увогуле наш калектыў дружны, зладжаны, — кажа мая суразмоўца. — Умеем не толькі добра працаваць, але і адпачываць. Цікава праводзім Дзень медыцынскіх работнікаў, іншыя святы, на якія арганізоўваем звычайна “агеньчыкі”. На 8 Сакавіка і Дзень маці па традыцыі ўшаноўваем нашых жанчын. Віншуем імяніннікаў-юбіляраў. Многім падабаюцца таксама конкурсы малюнкаў сярод дзяцей работнікаў бальніцы. І на той жа Новы год, на Дзень жанчын, Дзень маці. Патрэбна бачыць, як стараюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, з якім энтузіязмам малююць сваіх матуль, бабуль, нашы мясцовыя краявіды. А пасля і вынікі падводзім, пастаянна адзначаем удзельнікаў конкурсаў прызамі. І дзеці задаволены, і нам прыемна. Удзяляецца ўвага пытанням захавання тэхнікі бяспекі і пажарнай бяспекі, аховы працы, што таксама вельмі важна. Ну а асноўным дакументам, на якім будуюцца адносіны паміж адміністрацыяй і працоўным калектывам, з’яўляецца, безумоўна, калектыўны дагавор.

Яшчэ і зараз памятаюць у пасёлку, як некалькі год таму праводзілі Дзень медыка з запрашэннем урачоў са сталіцы. Яны і прыём грамадзян вялі, і розныя кансультацыі давалі — па прафілактыцы захворванняў, правільным харчаванні. А яшчэ з дапамогай прыбораў вызначалі біялагічны ўзрост чалавека. Ініцыятарам мерапрыемства тады выступіў загадчык лячэбнай установы Ігар Міхайлавіч Новік. Актыўную дапамогу свайму кіраўніку ў яго правядзенні аказвалі старшая медсястра, старшыня прафкама Ганна Станіславаўна Дзевялтоўская і загадчыца гаспадаркі, старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Тэрэза Пятроўна Сяліцкая.

Расказала мая суразмоўца, што да яе часта звяртаюцца работніцы бальніцы і па асабістых пытаннях. І яна кожнага стараецца ўважліва выслухаць, нешта падказаць, параіць. Па лініі прафсаюза аказваецца матэрыяльная дапамога членам калектыву падчас хваробаў, розных іншых цяжкіх і складаных сітуацый. Словам, прафсаюз у Крывіцкай бальніцы не існуе на паперы, а працуе, як і належыць, праяўляе клопат аб людзях. Нездарма прафсаюзная арганізацыя лячэбнай установы некалькі год таму па выніках работы сярод бальніц заняла другое месца ў абласным спаборніцтве. Як падкрэсліла Ганна Дзевялтоўская, у сваёй грамадскай рабоце яна цесна абапіраецца на загадчыка ўстановы Ігара Міхайлавіча Новіка — чалавека шчырага, нераўнадушнага і кіраўніка выдатнага. Яе надзейнай саюзніцай з’яўляецца таксама старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Тэрэза Пятроўна Сяліцкая.

Дарэчы, летась крывіцкія медыкі былі адзначаны на рэспубліканскім узроўні. А занялі яны па выніках 2013 года другое месца ў краіне сярод участковых бальніц. Атрымалі ўзнагароду за якасць і культуру медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

— Заслуга ў гэтым, вядома, усяго калектыву, — тлумачыць старшая медсястра. — Заваяваных пазіцый стараемся не здаваць. Трэба ж трымаць сваю марку. Таму не толькі працуем над захаваннем здароўя людзей, але і рамонтам пакрысе займаемся. Хочацца, каб і хворыя ў нас адчувалі сябе ўтульна, і ўмовы працы для персаналу былі належныя.

Засталося дадаць, што Ганна Станіславаўна клапатлівая жонка, матуля, бабуля, спраўная гаспадыня. Разам з мужам Леанідам Іванавічам выхавалі двух сыноў Юрыя і Івана, маюць чатырох унукаў — Лёню, Кацю, Машу, Данііла. Іх сямейнае жыццё было і застаецца добрым прыкладам для дзяцей. А значыць, жанчыне ёсць дзеля каго жыць, да чаго імкнуцца. Ці не ў гэтым і крыецца сакрэт яе шчасця і душэўнай маладосці?!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: старшая медсястра, старшыня прафгрупы Крывіцкай участковай бальніцы Ганна Дзевялтоўская.

Фота Георгія Прысмакова.



06 сакавiка 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

223_ Рэчка Нарачанка        Царква ў Крывічах 0-170

Пабрацімы Мядзела