На вынік

Дзейнасць спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву на слыху ў многіх мядзяльчан. Неаднойчы і раённая газета пісала пра поспехі юных спартсменаў, якія займаюцца на двух аддзяленнях: веславанне на байдарках і каноэ і лыжныя гонкі. Дарэчы, гэта алімпійскія віды спорту, кадры для якіх якраз і рыхтуе названая ўстанова адукацыі.

Днямі сустрэлася з трэнерскім складам СДЮШАР. Маімі суразмоўцамі сталі трэнер-выкладчык Валянцін Казіміравіч Гу­шча і старшы трэнер-выкладчык Аляксандр Фёдаравіч Карпей. Скажу, што мне было вельмі прыемна гутарыць з людзьмі, якія сваё жыццё прысвяцілі падрыхтоўцы юных спартсменаў. Абодва не навічкі ў гэтай сферы. За плячыма кожнага адпаведная адукацыя, вялізны вопыт і веды, а самае галоўнае — жаданне працаваць з аддачай. Іх работа ў асноўным пабудавана на брыгадным метадзе. З меншымі дзець­мі займаецца пераважна Валянцін Казіміравіч, а з большымі, якія падаюць ужо нейкія надзеі, — Аляксандр Фёдаравіч. Ды і так, у выпадку неабходнасці, трэнеры адзін аднаго падстрахоўваюць. І падчас збораў, і работы спартыўнага лагера ў канікулярны час. Што­дзённая, карпатлівая работа дае пэўныя вынікі. Невыпадкова сярод юных весляроў ёсць кандыдаты і нават майстры спорту.

— Якімі выхаванцамі вы па праву ганарыцеся? — цікаўлюся.

— Найперш Аляксеем Махністам, — працягваюць аповед мае суразмоўцы. — Ён летась выступаў на чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, дзе заняў чацвёртае месца, выканаў нарматыў майстра спорту міжнароднага класа. Неаднаразова перамагаў на першынствах Рэспублікі Беларусь. У складзе Нацыянальнай зборнай нашай краіны рыхтуецца да новага сезона. Цяпер, напрыклад, Аляксей знаходзіцца на зборах у Партугаліі. Добрыя вынікі паказваў і Аляксей Талочка. Ён таксама  ўдзельнік чэмпіянату Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, пераможца і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў, уваходзіць у склад Нацыянальнай зборнай Беларусі. Падаюць пэўныя надзеі Яўген Баўтрамовіч і Ксенія Жукоўская, якія з’яўляюцца членамі зборнай Мінскай вобласці па веславанні на байдарках і каноэ.

Запэўнілі трэнеры, што гэта даволі цяжкі від спорту, і каб нечага дасягнуць, трэба вельмі шмат прыкласці намаганняў. І трэнеру, і спарт­смену. Бо, як вядома, далёка не ўсе, хто наведвае СДЮШАР, могуць працаваць на канчатковы вынік. Ёсць дзеці, якія хо­дзяць сюды для змястоўнага правядзення вольнага часу альбо для падтрымання свайго здароўя. Затое для адораных — зусім іншае жыццё пачынаецца: пастаянныя трэніроўкі, зборы…

Умовы для заня­ткаў ва ўстанове вель­мі добрыя. На думку маіх суразмоўцаў, гэта непасрэдная заслуга дырэктара СДЮШАР Андрэя Вітальевіча Малько. Ён сам выдатны трэнер, а яшчэ і чалавек неабыякавы, зацікаўлены ў тым, каб рыхтаваць адпаведны рэзерв для зборнай краіны. Складана было ў 90-ыя гады, калі
не хапала самага неабходнага. За­раз ёсць у дастатковай колькасці байдаркі і каноэ, вёслы, бензін. Акрамя таго, за кожным трэнерам замацаваны маторныя лодкі, што справе толькі на карысць.

— А вашы дзеці, ці пайшлі бацькоўскім шляхам? — зноў цікаўлюся.

— Напэўна, усе ведаюць, — кажа Аляксандр Фёдаравіч, — што мой тата ў свой час быў дырэктарам гэтай жа спартыўнай школы. Пад яго ўплывам і я стаў трэнерам. Мая малодшая дачка Лена таксама займаецца веславаннем. Мае разрад кандыдата ў майстры спорту. Летась яна стала чэмпіёнкай першынства Рэс­пуб­лікі Беларусь. Закончыла Барысаўскае вучылішча алім­пійскага рэзерву і магчыма прысвяціць сваё жыццё спорту.

— Старэйшы сын Андрэя Вітальевіча таксама дасягнуў адпаведных вынікаў, калі вучыўся ў нас, — уступае ў размову Валянцін Казіміравіч. — Ён напачатку займаўся веславаннем, а пасля перайшоў на лыжнае ад­дзяленне. Летась стаў удзельнікам чэмпіянату свету па лыжных  гонках. Зараз ён студэнт універсітэта фізічнай культуры. Малодшы Мікіта таксама займаецца веславаннем. Ён наведвае спартыўны клас, адкрыты пры Мя­дзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі.

Даведалася ад трэнераў СДЮШАР, што ў хуткім часе яны плануюць праводзіць заняткі на ва­дзе. Зараз у іх з выхаванцамі па адной трэніроўцы на дзень, у летні перыяд — па дзве. Пакуль не перайшлі на вадаём, займаюцца і ў спартзале, і лыжамі, наведваюць ФАЦ, басейн у здраўніцы. Яны поўнасцю аддаюцца любімай рабоце, дзецям. Напэўна, таму і дабіваюцца поспеху.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: трэнеры СДЮШАР Валянцін Гушча і Аляксандр Карпей.

Фота Георгія Прысмакова.



26 лютага 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_dsc1133-3  возера Мястра  1-12 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела