“Мінская лыжня-2015”

ЗРАНКУ ў Дзень закаханых мноства самых розных аўтобусаў прыпынялі свой бег на стаянцы каля гатэля сэрвіснага цэнтра “Веста”. Знаходзіцца ён у трох дзясятках кіламетраў ад МКАД, на тэрыторыі Дзяржынскага раёна. Непадалёку па аўтадарозе Масква — Брэст адзін за адным праносіліся легкавікі,“фуры”. З аўтобусаў высыпалі ў асноўным спартыўнага целаскладу групкі людзей у яркай амуніцыі з лыжамі, сцягамі ў руках і дружна накіроўваліся ў абход азярца па экзатычным драўляным мастку да двухпавярховага пункта пракату, дзе і знаходзілася аформленая пляцоўка абласнога зімовага спартыўнага свята “Мінская лыжня-2015”. Некаторых суправаджалі гарманісты, якія сваёй імпэтнай ігрой дадавалі людзям настрою. Пакрысе тут сабралася больш за паўсотні каманд з групамі падтрымкі са структурных падраздзяленняў абласнога выканаўчага камітэта і ведамасных арганізацый, а таксама раёнаў сталічнага рэгіёну і горада Жодзіна. Варта адзначыць, што “Веста” — уражваючы і маштабны аздараўленчы цэнтр. Апрача камфартабельных гасцінічных нумароў, тут да паслуг жадаючых 12 катэджаў, сучасны СПА-цэнтр, штучнае футбольнае поле, гарналыжны комплекс, більярд і боўлінг, мноства іншых цікавых пляцовак…Таму можна лічыць заканамерным, што традыцыйнае зімовае свята на Міншчыне на гэты раз вырашылі правесці ў “Весце”. Пасля ўрачыстага пастраення каманд яго адкрыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі. “У нашай краіне, — падкрэсліў Іван Эдуардавіч, — устойлівы прыярытэт надаецца здароваму ладу жыцця. Ва ўсіх раёнах дзейнічаюць спартыўныя комплексы, дзе дарослыя разам з дзецьмі могуць актыўна і з карысцю для сябе адпачываць. У гэтай добрай справе цудоўным прыкладам для нас з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка — яркі прыхільнік і ўдзельнік розных масавых спартыўных спаборніцтваў”. На завяршэнне кароткай прамовы Іван Ліпніцкі пажадаў усім удзельнікам зімовага свята добрага настрою, удачы і перамог у лыжнай эстафеце. Праходзіла яна ў чатыры этапы па 1,5 кіламетра. Меліся для ўдзельнікаў і абмежаванні. Як па пасадах, так і па ўзросце — не маладзей за трыццаць год.

У нашай камандзе, якая выступала пад пятым нумарам, першым стартаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка, за ім — намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іна Барыева. Варта адзначыць, што Іна Іванаўна даволі ўдала прайшла дыстанцыю, абышоўшы на лыжні прадстаўнікоў некалькіх раёнаў. На прамежкавым фінішы яна перадала эстафету начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ірыне Пазняк. А на чацвёрты, заключны этап, выйшаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ілья Шацько. Прытым, Ілья Іванавіч, як і належыць сапраўднаму капітану каманды, пераадолеў дыстанцыю імкліва, паказаўшы вельмі добры вынік. У многім дзякуючы гэтаму прадстаўнікі Мядзельшчыны і занялі на “Мінскай лыжні-2015” сёмае месца. З улікам таго, што ў групе рэгіёнаў налічвалася дваццаць тры каманды, гэта бясспрэчны поспех. Званне ж чэмпіёна заваяваў Барысаўскі райвыканкам. А сярод падраздзяленняў абласнога выканаўчага камітэта і ведамасных арганізацый перамагла каманда Мінскага ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Прызёраў эстафетнай лыжнай гонкі ў кожнай групе ўзнагародзілі кубкамі і дыпломамі, а членаў гэтых каманд — медалямі і асабістымі прызамі. Былі заахвочаны і асобныя ўдзельнікі спаборніцтваў, якія вызначыліся на дыстанцыі, прадэманстравалі волю да перамогі.

Як адзначалася пасля ўзнагароджання каманд, для таго, каб гэта масавае мерапрыемства ўдалося на славу, нямала парупіўся Дзяржынскі райвыканкам на чале са старшынёй Мікалаем Арцюшкевічам. І сапраўды, яно пакінула добрае ўражанне. Працавалі гандлёвыя рады, а для ўдзельнікаў лыжнага прабегу — утульныя раздзявальні, ля палявой кухні жадаючых частавалі салдацкай кашай з мясам. Мяркуючы па шматлікіх усмешках, прыўзнятым настроі людзей, віруючых па ўпрыгожанай пляцоўцы “Мінскай лыжні-2015”, адчувалася, што спартыўнае свята надоўга застанецца ў памяці ўсіх яго ўдзельнікаў. Пра гэта казалі пры вяртанні дадому і прадстаўнікі нашага азёрнага краю, а яшчэ пра тое, што вельмі цудоўна, калі ў нашых паўсядзённых буднях пераважае здаровы лад жыцця.

Павел ЖУКАЎ.

На здымках: прадстаўнікі Мядзельшчыны на “Мінскай лыжні-2015” на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Ільёй Шацько; “тэхнічную” частку спаборніцтваў забяспечваў Андрэй Малько, дырэктар спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву раёна.

Фота аўтара.



23 лютага 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_dsc1133-3 лебедзі на Мястры Касцёл у Засвіры   223_

Пабрацімы Мядзела