З часам наперагонкі | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

З часам наперагонкі

ТРЭБА сказаць, прэстыж прафесіі прадаўца ва ўсе часы быў розным. Мяняўся ў залежнасці ад асартыменту тавару на паліцах і чэргаў ля ўваходу ў краму. Загадчыца “Гандлёвага цэнтра” г. п. Крывічы Ванда Альфонсаўна Падрэз у сваёй рабоце прайшла, як кажуць, агонь, ваду і медныя трубы. Аднак ні аднаго разу не пашкадавала аб выбранай колісь спецыяльнасці. Пачаць жыццё зноўку — абавязкова пайшла б у прадаўцы.

Сёння ад ранейшага попыту на прамысловыя тавары ў дзяржаўнай краме гарадскога пасёлка засталіся толькі ўспаміны. Зрэшты, як і ўсюды, спажыўцы вядуцца на кідкую рэкламу прадпрымальнікаў і мяркуюць менавіта з іх дапамогай апярэдзіць імклівую моду. Аднак прадавец з 37-гадовым стажам упэўнена: набыўшы тавар у крывіцкім “Гандлёвым цэнтры”, можна даць фору не толькі модзе, але і якасці. Напрыклад, мэблю сюды завозяць з Пінска і Ліды — а яе рэпутацыі можна толькі пазайздросціць. Ды і знешне тыя ж кухонныя і спальныя наборы выглядаюць стыльна: па каталогу іх пільна і з густам падбірае загадчыца крамы. Ванда Альфонсаўна слушна заўважае: “Сёння ў трэндзе колер венге, а калісьці папулярны арэх наўрад ці спыніць на сабе ўвагу патрабавальнага пакупніка”.

Ды што казаць пра вопыт прадаўца, калі ўсё працоўнае жыццё аддадзена аднаму толькі магазіну. Як уладкавалася сюды пасля заканчэння Нарацкага кааператыўнага вучылішча — так і 55-гадовы юбілей тут стрэла. Зрэшты, пра заслужанае права пайсці на адпачынак Вандзе Альфонсаўне нагадаў зусім нечаканы тэлефонны званок. З пенсійнай службы. Маўляў, рыхтуйце дакументы… а ў душы максімум дзевятнаццаць! Праўда, сядзець дома Ванда Альфонсаўна не збіраецца: кажа, не бачу ў гэтым патрэбы. Ды і навошта мэтанакіраванай, працавітай і надзвычай абаяльнай жанчыне гэта дарэмнае баўленне часу. Захоча дзяцей, унукаў парадаваць іх любімай шарлоткай — дык для гэтага існуюць выхадныя і святы. Тым больш пакінуць краму ёсць на каго: побач з Вандай Альфонсаўнай працуюць надзейныя і адказныя людзі. Гэта прадаўцы Святлана Мікалаеўна Канашонак, Ніна Уладзіславаўна Буйвід, Марыя Сямёнаўна Лазарэвіч, тэхработнік Наталля Аркадзьеўна Бандаронак.

Зрэшты, скідваць з рахункаў блізкіх людзей суразмоўцы, вядома ж, не стану. Жартуючы пра іх любімы яблычны пірог і матулін распарадак тыдня, я ў першую чаргу падкрэсліла, што ўсе клопаты і справы жанчыны дзеля сям’і. Дзеля дачок і ўнукаў яна стараецца на рабоце, пра іх жа клапоціцца дома. Дарэчы, старэйшая Вольга — псіхолаг, жыве ў Смаргоні, мае дачушку Машаньку. Малодшая Дар’я працуе медсястрой у Крывічах, выхоўвае маленькага Арсенія. А ён — самы галоўны дэгустатар бабулінай выпечкі!

Юлія КАЗЛОВА.

На здымку: Ванда Альфонсаўна Падрэз.

Фота Георгія Прысмакова.



23 лютага 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 Касцёл у Засвіры   від на Мядзел 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси