Знайшла сябе ў статыстыцы

МАЯ суразмоўца — карэнная мядзяльчанка. Да таго ж мілая, прывабная жанчына. Ёсць такія людзі, якія з першых хвілін знаёмства выклікаюць прыхільнасць да сябе. Яніна Іванаўна Гірына менавіта з такіх. Яна нарадзілася і вырасла ў вёсачцы Унукі. Заканчвала Нарацкую сярэднюю школу №1.

Стаць медыкам дзяўчына вырашыла, калі займалася ў старэйшых класах. І аб гэтым выбары сёння ніколькі не шкадуе. Наадварот, лічыць, што для жанчыны прафесія медсястры вельмі патрэбная. І не толькі ў плане работы, але і для сям’і: каб ведаць, як лячыць дзяцей, унукаў.

Пасля заканчэння медвучылішча Яніна значны час працавала ў Паставах медыцынскай сястрой у дзіцячым садку. А калі з сям’ёй пераехала на радзіму, а гэта амаль 30 год таму, уладкавалася медстатыстам у Мядзельскую цэнтральную раённую бальніцу. Увесь час на гэтай пасадзе і працуе. Жанчына прызнаецца, што любіць сваю работу. Яна не толькі адказная, але і цікавая, бо дазваляе мець поўную інфармацыю па прыёмах і захворваннях пацыентаў, якія наведваюць установу. Гэтыя даныя вельмі неабходныя не толькі для справаздач, але і для закладвання фінансавання на наступны год. А яшчэ гэта пасада патрабуе ўседлівасці, уважлівасці.

— Праўда, з пераходам на камп’ютарную апрацоўку інфармацыі, — прызнаецца мая суразмоўца, — працаваць стала і лягчэй, і цікавей. Для мяне ўвогуле лічбы шмат значаць, бо за кожнай з іх стаяць адпаведныя звесткі, гледзячы на якія можна ахарактарызаваць работу лячэбнай установы. Для тых, хто не ведае гэтага, лічбы мала што гавораць. А ёсць такія параметры, якія нават па формулах вылічваць даводзіцца. А таму не толькі медыцыну трэба добра ведаць, але і матэматыку. Поплеч са мной зараз працуе мой малады калега Аляксей Свірскі. Пасля Маладзечанскага медвучылішча прыйшоў ён да нас. Аляксей — фельчар па арганізацыйнай рабоце, вядзе статыстыку па стацыянары. Хлопец кемлівы, талковы. Па крупінках свае веды, вопыт перадаю яму. Нечаму і сама ў яго вучуся. Асабліва, што датычыць камп’ютара. Самі ведаеце, сучасная моладзь значна лепш за нас у тэхніцы разбіраецца.

Засталося дадаць, што Яніна Іванаўна — добрая маці. У яе два дарослыя сыны, нявесткі, чацвёра ўнукаў. Самая старэйшая ўнучка Вераніка заканчвае ўніверсітэт, а малодшай Лізавеце толькі два гады. Розны ўзрост і ўнукаў: Лёшу — 13, а Жэню — 5 гадоў.

Як прызнаецца Яніна Іванаўна, ёй няма калі старэць. Яе цэняць і паважаюць на рабоце, не дазваляюць сумаваць і ўнукі. А калі адчуваеш сябе патрэбным — ёсць стымул і надалей жыць годна, дастойна.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: медстатыст цэнтральнай раённай бальніцы Яніна Гірына.

Фота Георгія Прысмакова.



23 лютага 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

06-043 0-170 возера Глубелька лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела