Галоўнае — цярпенне і давер

АЛЕНА Кулёнак разам з Раманам Стрэжам на свяце маладых спецыялістаў мелі гонар ускласці кветкі да помніка свайго знакамітага земляка Максіма Танка. Так даведалася, што дзяўчына са Сватак. А потым яна расказала, што ў гэтым годзе па размеркаванні трапіла на працу ў Крывіцкую бальніцу. І вось я ў кабінеце гэтай медыцынскай установы, дзе прыём пацыентаў вядзе малады ўрач агульнай практыкі Алена Анатольеўна. Ветлівая ўсмешка на твары, ціхія і ў той жа час упэўненыя інтанацыі ў голасе. Раблю выснову, што дзяўчына тут асвоілася. Падабраўшы зручны момант, цікаўлюся, ці так гэта?

— Так. Пазнаёмілася ўжо не толькі з медыцынскім персаналам бальніцы, але і многімі пацыентамі, — адказвае Алена Анатольеўна. — Мінуў перыяд, калі наведвальнікі з асцярожнасцю і недаверам ставіліся да мяне. Гэта можна зразумець, бо я чалавек для іх новы, без вопыту работы.

— Як вы прыйшлі ў медыцыну? — пытаюся ў яе.

— Можа каго расчарую, але ў дзяцінстве марыла стаць настаўніцай, — усміхаецца дзяўчына. — А потым вырашыла: каб дапамагаць людзям, у тым ліку і ў барацьбе з хваробамі, хачу стаць урачом. Таму паступіла ў медуніверсітэт. Першыя два гады было вельмі цяжка, нават са слязьмі на вачах ездзіла на вучобу. Потым уцягнулася і нават атрымлівала задавальненне ад заняткаў. Як студэнты, мы практыкаваліся ў розных медустановах Мінска: у стацыянарах прызначалі лячэнне пацыентам, а на шостым курсе вялі прыём у паліклініцы. Практычныя заняткі вельмі падабаліся. У выніку я — урач-тэрапеўт.

Паколькі паступала Алена Анатольеўна па накіраванні, адпрацаваць ёй тут трэба два гады. Работа даспадобы, калектыў малады, ды і з пытаннямі, якія непазбежна ўзнікаюць, ёсць да каго звярнуцца, параіцца. Інтэрнатуру праходзіла ў Мядзельскай цэнтральнай бальніцы, таму ў любы момант можа патэлефанаваць, напрыклад, загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення Станіславе Станіславаўне Гедрэвіч. Ведае, што яна не адмовіць у парадзе. Наогул ад калектыву цэнтральнай бальніцы ў дзяўчыны засталіся самыя лепшыя ўражанні. Гэта важна, бо Алена Анатольеўна і зараз ездзіць туды на начныя дзяжурствы як урач-тэрапеўт, афармляе паступіўшых у прыёмнае аддзяленне.

— У чым, на вашу думку, адметнасць работы ў мясцовай бальніцы?

— Тут працуюць адказныя, зацікаўленыя і добразычлівыя спецыялісты, якія ствараюць атмасферу ўзаемаразумення, — крыху задумаўшыся, кажа малады ўрач. — Людзі адчуваюць гэта, звяртаюцца. Пры неабходнасці накіроўваем у бальніцу райцэнтра на тую ж флюараграфію ці ультрагукавое даследаванне. Тлумачым, каб з вынікамі вярталіся да нас, каб не стваралі там чэргі. Тут таксама ёсць умовы для лячэння. Са свайго боку стараюся прызначаць пацыентам сучасныя сродкі, актыўна выкарыстоўваю веды, якія атрымала падчас вучобы.

З вялікай павагай адносіцца Алена Анатольеўна да галоўнага ўрача ўстановы Ігара Міхайлавіча Новіка. Кажа, што ён пастараўся, каб яе добра прынялі ў калектыве, аказвае рознае садзейнічанне ў рабоце. Не адмаўляе ў дапамозе і тэрапеўт Віта Канстанцінаўна Івінская.

Як вядома, праца ўрача вельмі адказная і складаная. Але Алена Анатольеўна, па ўсім бачна, цяжкасцей у прафесійнай дзейнасці не баіцца:

— Зараз знаходжуся ў такім стане, што мне ўсё падабаецца. Хочацца яшчэ больш ведаць, набірацца вопыту. У снежні мінулага года, напрыклад, удзельнічала ў канферэнцыі па пытаннях сучаснай кардыялогіі ў Гомелі. Вельмі цікавае і карыснае мерапрыемства. Спадзяюся, што і далей праца будзе прыносіць задавальненне. Самым галоўным у прафесіі лічу з цярпеннем, увагай і даверам адносіцца да людзей. Тады і вынік будзе станоўчым як для пацыентаў, так і для мяне.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: на прыёме ва ўрача агульнай практыкі Алены Кулёнак маленькая Света Іванова.

Фота Георгія Прысмакова.



12 лютага 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        84 Касцёл у Засвіры   wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела