Маніторная хвароба

РАЗВІЦЦЁ сучаснай тэхнікі прывяло да таго, што людзі гадзіны, а то і суткі праводзяць за камп’ютарам. Яшчэ ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Японіі забілі трывогу: гэты цуд тэхнічнага прагрэсу наносіць вялікую шкоду здароўю! Статыстыка пацвярджае: 60% карыстальнікаў ПК пакутуюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні і маюць праблемы са зрокам, у 40% — выяўлены хваробы страўнікава-кішачнага тракту, а ў 10% — захворванні скуры. Асноўнай прычынай усіх гэтых бед прызнаны вялікі прыток інфармацыі, апрацоўка якой стамляе мозг, пакутуе эмацыянальная сфера. Калі стомленасць пераходзіць пэўную мяжу, узнікае “маніторная хвароба”. Як яна праяўляецца, чым адрозніваецца ад звычайнай стомленасці?

Аднымі з першых праяўляюцца адчуванне слабасці, вяласці, бяссонніца, галаўны боль, мільгаценне ў вачах. Калі такі стан не праходзіць нават пасля некалькіх дзён адпачынку — гэта пачатак “маніторнай хваробы”. Пазней далучаюцца парушэнне каардынацыі, галавакружэнне, шум у вушах. Зрокавае напружанне вядзе да рэзкага зніжэння вастрыні зроку, сухасці, свербу ў вачах. Паколькі надоўга даводзіцца застываць перад камп’юатарам у адной позе, то ў шмат разоў павялічваецца нагрузка на мышцы шыі, плячэй і пазваночніка, што пагражае болямі ў шыі, спіне, развіццём астэахандрозу. Работа на клавіятуры выклікае перанапружанне мышцаў рук, перацісканне нерва (калі прыціскаем кісці да стала). У выніку — аняменне, пакольванне, боль, сударгі ў пальцах, аж да страты іх адчувальнасці. Электрычнае поле вакол манітора прыцягвае пыл і зараджаныя іоны з паветра да твару і рук. Да таго ж, платы і корпус, нагрэўшыся, выкідваюць у паветра шкодныя рэчывы. Адсюль — сухасць скуры, алергія, экзэма, хваробы органаў дыхання. І, урэшце, найбольш небяспечнае захапленне камп’ютарнымі гульнямі, так называемымі “стралялкамі”.

Па розных даследаваннях ад 5 да 14% гульцоў праводзяць за сваім любімым заняткам ад 5 да 18 гадзін у суткі, а гэта камп’ютарная залежнасць падобна наркатычнай: як толькі “доза” віртуальнага наркотыка скарачаецца, з’яўляецца агрэсія, пагаршаецца памяць, мяняецца характар. Вучоныя даказваюць, што камп’ютарныя гульні прыпыняюць развіццё лобных долей мозга, якія адказваюць за паводзіны, трэніроўку памяці, навучанне, эмоцыі. Дзіця атрымлівае праблемы ў зносінах з аднагодкамі, дарослы чалавек губляе сяброў. Сярэдні ўзрост інтэрнэт-залежнага мужчыны складае 30 гадоў, жанчыны — 40. Дык колькі ж часу можна праводзіць перад маніторам без шкоды для здароўя?

Абсалютна бяспечнымі лічацца 30-40 хвілін работы для дзіцяці і 2-4 гадзіны для дарослага. Пры неабходнасці дазваляецца працаваць за камп’ютарам і 8 гадзін, аднак пры гэтым дарослыя павінны спыняць работу кожныя 2 гадзіны на 15 хвілін, падлеткі — кожных 30 мінут. У час перапынку можна падысці да акна, паглядзець у далячынь, размяць рукі, ногі, спіну некалькімі практыкаваннямі. Паклапаціцеся пра абсталяванне рабочага стала: камп’ютар трэба ставіць на стол прама, а не наўскасяк. Нельга, каб на манітор траплялі сонечныя промні, святло павінна быць няяркім і рассеяным. Экран варта ўтрымліваць абсалютна чыстым і праціраць спецыяльнымі сурвэткамі. Для прафілактыкі сіндрому “мышкі” сачыце за тым, каб пры рабоце рукі ляжалі на падлакотніку крэсла, локці і запясці былі расслаблены, кісці складалі адну лінію з перадплеччамі, не згінаючыся і не разгінаючыся. Раз у гадзіну праветрывайце памяшканне. Абавязкова мыйце твар і рукі з мылам пасля работы з ПК, часцей рабіце вільготную ўборку памяшкання.

Тэхнічны прагрэс упэўнена крочыць наперад, і без яго дасягненняў сучаснаму чалавеку не абысціся. Вытрымаць нагрузкі дапамагае вітамінізацыя, паўнацэннае харчаванне, сон, заняткі спортам. Калі бацькі заўважылі, што іх дзіця празмерна “падсела” на камп’ютарныя гульні, трэба біць трывогу. Аднак дзейнічаць не метадам забароны, а пастарацца пераключыць увагу малога на іншы занятак, удзяліць яму максімум увагі. На дарослага гульца ўздзейнічаць можна толькі перакананнямі. Важна, каб чалавек зразумеў: камп’ютарная гульня — гэта бег на месцы.

Ю. МАЛЯЁНАК.

Урач-валеолаг Мядзельскай ЦРБ.



12 лютага 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры wjx6x-f4hhi     Паруснікі                          Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела