Берлін — Патсдам

Германія ў карце маіх падарожжаў з’явілася выпадкова. Шлях да запаветнай мары (маю на ўвазе паездку ў Парыж) пралягаў якраз праз федэратыўную рэспубліку. Праўда, на той момант ні адзін з яе гарадоў не запаў у душу настолькі, каб прысвяціць нямеччыне сотню-другую публіцыстычных радкоў.  І гэта зразумела: натхненнем кіравала рамантычная набярэжная Сены. А да празаічнай і стрыманай Германіі справа дайшла толькі скрозь месяцы. Хаця і сёння дваістасць эмоцый ад наведвання таго ж Берліна кіруе ў творчасці. Адсюль — і наступны змест. Мабыць, ён пойдзе ў разрэз з чыімсьці меркаваннем, але ж гэта ўсяго толькі мае суб’­- ектыўныя высновы.

Знаёмства са сталіцай распачалося з агляднай экскурсіі. Толку з такой інфармацыйна-пазнавальнай гонкі, як правіла, не вельмі многа: што ўбачыш — тое не пачуеш, а калі ўважліва слухаць — дык многае прамільгне міма вачэй. Таму не судзіце строга, калі галоўныя славутасці Берліна застануцца па-за межамі майго аповеду, а пад пільную ўвагу трапяць будныя дробязі. Ды і знаёміцца з геніяльным трэба ўвачавідкі, а ўявіць на­дзённае можна са слоў.

Мы — у цэнтры Берліна. Першы прыпынак… у адным з невялікіх кафэ якраз насупраць Рэйхстага. Як ні банальна гэта прагучыць, але напачатку турысты паспяшаліся спрабаваць знакамітыя нямецкія каўбаскі: гэта творца павінен быць галодны, а глядач здольны быць аб’ектыўным толькі на поўны страўнік — тлумачылі свой выбар знаёмыя па падарожжы.Але ж ці на самай справе мясныя вырабы вытворчасці Germany такія смачныя? Як мне, дык нашы пальцам піханыя куды лепшыя (прабачце, але я таксама пайшла следам за тым самым натоўпам не ласых да духоўнага сілкавання людзей). І што крывіць душой: не настолькі мы выпешчаныя замежнымі вандроўкамі, каб цешыць толькі ўласнае вока. Прыгожаму, вя­дома ж, трэба месца таксама знайсці, але і за вуглы зазірнуць хочацца: чым жыве народ, у якіх умовах працуе, адпачывае.

Дык вось, перакусіўшы (не пад’­еўшы — і гэта за еўра 30), бавім вольны час. Вядома ж, ідзём да будынка парламента: каб не застацца без фота на самым папулярным берлінскім фоне. А калі сур’ёзна — каб у чарговы раз зведаць пачуццё гонару за нашых слаўных абаронцаў, чый шлях да Рэйхстага быў куды больш драматычным за наш. Дарэчы, калі ацэньваць будынак з пункту гле­джання архітэктуры, то яго адметнасцю па праву называюць шкляны купал. Яго не меў на ўвазе пад сабою не толькі новы Рэнесанс  (у стылі якога пабудаваны парламент), але і сучаснасць не вельмі злучае з агульным выглядам архітэктурнай славутасці. А вось Брандэнбургскія вароты для сённяшніх немцаў як Эйфелева вежа ў Парыжы ці Калізей у Рыме — візітоўка, адным словам. Ды і што сучаснікі. Самому Напалеону Банапарту скульптурная кампазіцыя, якой упрыгожана арка зверху, настолькі прыйшлася даспадобы, што пасля заваявання Берліна ў пачатку дзевятнаццатага стагоддзя той вывез яе ў Парыж. Праўда, праз восем гадоў старажытнагрэчаская багіня міру Ірэна заняла сваё былое месца.

І ўсё ж давайце пра надзённае. Хаця, як сказаць. Палянкі для нудыстаў у цэнтры горада — для нас справа незвычайная. А ў берлінскім парку Ціргартэн, непадалёк ад таго ж будынка парламента, грама­дзяне з нетрадыцыйнай арыентацыяй і такім жа незразумелым для нас падыходам да жыцця дазваляюць сабе быць убачанымі наскрозь. Ну, не наскрозь, дык ва ўсёй прыроднай прыгажосці дакладна.

Здзівіў і той факт, што ў некаторых нямецкіх крамах карзіна-каляска для пакупак выдаецца за плату. Толькі ручная — за проста так. Праўда, калі вы заўзяты шапаголік — не пашкадуйце паловы еўра: упэўнена, у руках усяго прыдбанага вам не вынесці (асартымент і якасць тамтэйшых тавараў зачароўваюць).

А вось наведаць знакаміты берлінскі заапарк нам не пашчасціла: якраз у той дзень графік яго работы быў зменены не на нашу карысць. Вырашылі, прагуляемся ўздоўж агароджы: мабыць, хоць крышачку ўбачым… і настолькі “пры­ліплі” да плота, што, неўсведамляючы та­го, апынуліся ў падазронай кампаніі. Літаральна за сотню метраў ад галоўнага ўваходу ў заапарк размясціліся на начлег пару дзясяткаў чалавек без вызначанага месца жыхарства. Хаця ці толькі на ноч? Па абжытым бачна, “прапіска” ў большасці была не часовая. І гэта пры тым, што літаральна за вуглом выстройваюцца чэргі замежных турыстаў, каб пабачыць самую багатую ў свеце калекцыю відаў жывёл.

Няхай не будзе крайнасцю, але ўслед агучу факт: што канцлер рэспублікі з месцам свайго жыхарства вызначылася дакладна і на гады. Не змяніла звычайную трохпакаёвую кватэру на чацвёртым паверсе пяціпавярховага дома на дзяржаўныя апартаменты. Жыве, праўда, у самым цэнтры горада, аднак прыхільнасцю да празмернасці ў камфорце не вылучаецца.  Ды і ўвогуле знешне немцы ва ўсім выглядаюць даволі стрымана.

Выключэнні, хіба, родам з мінулага. Узяць той жа Патсдам. У прыватнасці, замкавы комплекс Сан-Сусі. Еўрапейцы параў­ноўваюць яго з Версалем, мне ж нагадаў Пецяргоф. Так ці па-іншаму — за галоўную там раскоша.  Сваё адлюстраванне ў размяшчэнні і афармленні замка знайшла ідэя гармоніі між чалавекам і прыродай. Вінаградныя тэрасы займаюць асноўныя плошчы парка, а сам будынак толькі завяршае агульную кампазіцыю. Дарэчы, ідэя будаўніцтва загараднай рэзідэнцыі ў Патсдаме належыла Фрыдрыху Вялікаму. Ён жа прымаў актыўны ўдзел у мастацкім афармленні замка (паддаваў ідэі). Кароль планаваў тут адпачываць і ўсе клопаты пакідаць па-за межамі Сан-Сусі. Манарх там ствараў музыку, філасофстваваў, разважаў пра вечнае. Дарэчы, тэма смерці Фрыдрыха Вялікага хвалявала больш за ўсе астатнія. Ён хацеў назаўсёды застацца ў Патсдаме, таму перад кожнай вайной завяшчаў: пахаваць у Сан-Сусі ў спецыяльна падрыхтаванай магіле. Праўда, яго пажаданне здзейснілася толькі праз два з невялікім стагоддзі. Сёння манарх пахаваны ў парку сярод… сваіх любімых сабак. Менавіта іх кароль лічыў самымі вернымі сябрамі. Зрэшты, гэты факт вельмі забаўляе цікаўных турыстаў. Нават традыцыя склалася: прыносіць на магілы караля і яго чатырохногіх сяброў… бульбу. Навошта? А хто яго ведае! (Я ж ужо гаварыла пра “бесталковасць” масавых экскур­сій: галопам па Еўропе на самай справе атрымліваецца).

Затое пра сам горад Патсдам больш-менш дасведчаныя з нас ведаюць і без тлумачэнняў гіда. Маю на ўвазе Патсдамскую канферэнцыю  ў палацы Цыцыліенхоф, падчас якой лідарамі краін-пераможцаў у Вялікай Айчыннай вайне абмяркоўвалася палітычнае і эканамічнае будучае Германіі. Патрапіць у сам палац нам не давялося, а вось разгле­дзець скрозь акенца канапу, на якой адпачываў Іосіф Сталін, магчымасць прадаставілася.

Словам, падарожнічайце, сябры! Лепш адзін раз убачыць (хоць і адным вокам), чым сто дваццаць пяць — прачытаць. Гэта я вам гарантую.

Юлія КАЗЛОВА.

На здымках: 1. Рэйхстаг; 2. Візітоўка Берліна — Брандэнбургскія вароты; 3. У парку Сан-Сусі



02 лютага 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        84 1-12 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела