Калі хочаш быць здаровым…

БОЛЬШАСЦЬ упэўнена, быццам пачынаць загартоўвацца трэба ў цёплую пару года. Маўляў, тады і нагрузка на арганізм будзе меншай, і лёгкі стрэс не пашкодзіць. А вось і не!

Уся справа ў псіхалагічнай памылцы. Мы прывыклі лічыць загартоўванне стрэсам. І адносіцца да яго адпаведна. А стрэсу па магчымасці трэба што? Правільна! Пазбягаць! Чым мы, па сутнасці, і займаемся. Пазбягаем загартоўвання, пакідаючы на лета, лічым яго непрыемным, нявартым і патрабуючым доўгай падрыхтоўкі працэсам. Тэрмінова мяняем пункт погляду!

Не заніжайце магчымасцей свайго арганізма і думайце толькі пра добрае. Шчыра паверце, што ваш імунітэт моцны і здольны абараніць вас ад любой хваробы. З гэтымі ж перакананнямі зірніце і на агульны фізічны стан дзіцяці: ваш малы здаровы ад нараджэння — варта толькі падтрымліваць і развіваць дадзенае прыродай. Не зберагайце яго ад усіх рэальных і прыдуманых пагроз зімы, а дапамагайце набываць дзіцяці яшчэ большую моц. Пачынайце загартоўванне прама зараз!

Не бойцеся памыць рукі ў халоднай вадзе альбо прамачыць ногі. Нічога страшнага, калі забыліся дома рукавіцы альбо шалік. Верце, што не захварэеце, — і ўсё на самай справе будзе добра. Прывыкаць да холаду таксама можна па-рознаму. Калі баіцеся кінуцца ў вір з галавой, дык для пачатку змяніце рукавіцы на пальчаткі, а цёплыя шкарпэткі на тонкія. Не адважваецеся прайсці басанож па снезе, дык хаця б патрымайце яго ў руках. І тое, што дзіця “захлюпала” пасля гульні ў снежкі, не ўспрымайце як прастуду: мабыць, арганізм проста разагрэўся і ачышчаецца ад застаялай слізі.

Дазваляйце малому бегаць басанож па халоднай падлозе. Хаця б хвілін пяць напачатку. Пасля — даўжэй. І не забывайце пра зарадку. Праводзьце яе з адкрытай форткай. Гуляйце зімой па вуліцы, “лавіце” сонейка, дыхайце свежым паветрам. І радуйцеся! Што вы здаровыя, што жыць здорава і што хутка будзе вясна!

С. НАДТАЧЭЕВА.

Урач-педыятр Мядзельскай ЦРБ.



22 Студзень 2015.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_dsc1133-3 0-178 Рэчка Нарачанка         возера Мястра

Пабрацімы Мядзела